Беларускі Экзархат

Становішча Царквы ў 20-х – пачатку 40-х гадоў 20 стагоддзя

Пасля пачатку 1-й сусветнай вайны царкоўнае жыццё на беларус. землях, якія сталі арэнай ваенных дзеянняў, было паралізаванае. Адразу ж пасля ўстанаўлення савецкай улады ў 1917 годзе духавенства і епархіяльныя ўстановы зазналі ганенні і экспрапрыяцыі, з распараджэння Царквы была канфіскаваная найбольш каштоўная нерухомасць: архіерэйскія падвор'і, будынкі семінарый, духоўных вучылішчаў, асобных манастыроў. У выніку савецка-польскай вайны ў канцы 1920 года была ўстаноўлена новая мяжа паміж БССР і Польскай дзяржавай: былыя Гродзенская і Віленская губерні апынуліся на тэрыторыі Польшчы і Літвы, значная частка Полацкай і Мінскай губерняў — у межах Польшчы і Латвіі. У кастрычніку 1920 года, па благаславенні св. Патрыярха Ціхана, для раёнаў Заходняй Беларусі, якія адышлі да Польшчы, была заснавана Пінска-Навагрудская епархія, на якую быў прызначаны былы вікарый Полацкай епархіі, епіскап Панцеляіман (Ражноўскі), які прыбыў у Навагрудак, дзе размясцілася епархіяльнае ўпраўленне, у жніўні 1921 года. Пад ціскам з боку грамадзянскіх улад епіскапат праваслаўнай Царквы ў Польшчы стаў на шлях разрыву кананічнай сувязі з Маскоўскім Патрыярхатам. У студзені 1922 года епіскап Панцеляймон, за праяўленую ім вернасць св. Патрыярху Ціхану, быў адхілены ад кіравання епархіяй. У лістападзе 1924 г. Канстанцінопальскі Патрыярх Грыгорый VII падпісаў томас аб дараванні Праваслаўнай Царкве ў Польшчы аўтакефаліі. У крас. 1925 г. Сінод Праваслаўнай Царквы ў Польшчы афіцыйна абвясціў Польскую Царкву аўтакефальнай у складзе Канстанцінопальскага Патрыярхату. Усе прыходы, манастыры, духоўныя навучальныя ўстановы, а таксама епархіяльныя цэнтры ўнутры польскіх дзяржаўных межаў апынуліся ва ўлонні новаабвешчанай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы ў Польшчы.

Усходняя Беларусь (былая Магілёўская, а таксама вялікая частка Мінскай і Полацкай губерняў) апынуліся пад уладай бальшавікоў. На гэтых землях існавала каля 1500 праваслаўных храмаў, духавенства ўсходнебеларускіх епархій зазнала рэпрэсіі адразу ж пасля ўстанаўлення савецкай улады. Вясной 1922 г. пачалася кампанія па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў, якая закранула 1445 храмаў, якія знаходзіліся ў Цэнтральнай і Усходняй Беларусі. За супраціўленне канфіскацыі каштоўнасцяў у 1922 г. быў арыштаваны архіепіскап Полацкі і Віцебскі Інакенцій (Ястрабаў). Пасля арышту ў маі 1922 года Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі свц. Ціхана ў Магілёўскай і Полацкай епархіях шырокае распаўсюджванне атрымала абнаўленцтва. 10 ліпеня 1922 г. духавенства і вернікі Мінскай епархіі на чале з Мінскім епіскапам Мэльхіседэкам (Паеўскім) у імкненні не дапусціць захопу абнаўленцамі мясцовых храмаў абвясціла аўтаномію Беларускай Царквы (фактычна ў межах Мінскай епархіі) з узвядзеннем Мелхіседэка ў сан мітрапаліта. У сакавіку 1923 г. ён у саслужэнні з яшчэ адным архіерэем (імя якога пакуль невядомае) рукапалажыў сабе ў дапамогу 3 вікарных епіскапаў: на Бабруйскае вік-цтва — Філарэта (Раменскага), на Мазырскае — Іаана (Пашына) і на Слуцкае вік-цтва — Мікалая (Шамяціла), якія адкрыта выступілі супраць абнаўленцтва. 17-19 мая 1924 года ў Магілёве абнаўленцы правялі «Першы беларускі абласны царкоўны сабор», на якім паспрабавалі аб'яднаць свае сілы ў барацьбе з духавенствам, якое захавала вернасць свц. Ціхану. Гэтая спроба, аднак, не ўдалася. Узведзены на гэтым «саборы» ў сан «мітрапаліта» архіеп. Серафім (Мешчаракоў) ужо ў верасні 1924 г. пакінуў абнаўленцтва і праз пакаянне быў прыняты ў зносіны з Праваслаўнай Царквой. Пасля выхаду на свабоду Патрыярха Ціхана ўсё большая частка духавенства Усходняй Беларусі стала вяртацца з абнаўленцтва ў кананічную Царкву. У Магілёўскай епархіі гэтаму працэсу шмат у чым спрыялі вікарныя Гомельскія епіскапы: Варлаам (Разанцаў) і асабліва Ціхан (Шарапаў). За супраціўленне абнаўленцтву ў маі 1925 года епіскап Ціхан (Шарапаў) быў арыштаваны і высланы з Беларусі, у снежні 1925 года тая ж доля спасцігла мітр. Мелхіседэка (Паеўскага).

У 1-й палове 1927 года пры падтрымцы АДПУ (Аб'яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення, рус. ОГПУ) абнаўленцы актывізавалі сваю дзейнасць, у 1925-1935 гг. цэнтрам іх дзейнасці з'яўляўся Мінск, дзе жыў абнаўленцкі «мітрапаліт» Данііл Грамавенка. Пасля выхаду ў свет «Дэкларацыі» 1927 г. Намесніка Месцазахавальніка Патрыяршага Прастола мітр. Сергія (Страгародскага) духавенства Мінскай епархіі 9-10 жніўня 1927 года правяло епархіяльны з'езд пад старшынствам епіскапа Філарэта (Раменскага), на якім заявіла аб абвяшчэнні аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Прычынай гэтай заявы было імкненне духавенства Мінскай епархіі хоць бы часова адасобіцца ад смуты, якая паразіла ў гэты перыяд Рускую Царкву. Аднак гэтая ініцыятыва не сустрэла падтрымкі ў суседніх Полацкай і Магілёўскай епархіях, такім чынам, у 1927-1935 гг. у Мінскай епархіі адначасова існавалі 2 праваслаўныя іерархіі: адна была прадстаўлена епіскапамі-аўтакефалістамі Філарэтам (Раменским) і Мікалаем (Шамяціла), іншая, якая падпарадкоўвалася мітрапаліту Сергію (Страгародскаму), была прадстаўлена епіскапам Арсеніем (Смаленцам; 1927), епіскпам Паўлам (Вількоўскім; 1927-1930), архіепіскапам Феафанам (Семянякам; 1931-1935). Да мая 1929 года ва Усходняй Беларусі дзейнічалі 1123 храмы, з іх 424 (пераважна ў Полацкай і Магілёўскай епархіях) знаходзіліся ў кананічным падпарадкаванні мітрапаліту Сергію (Страгародскаму), 386 цэркваў (перш за ўсё ў Мінскай епархіі) падпарадкоўваліся епіскапам-аўтакефалам, і 313 належалі абнаўленцам.

З вясны 1929 года ва Усходняй Беларусі найшырэйшы размах набыла антырэлігійная прапаганда. У гэтым годзе быў створаны Беларускі антырэлігійны універсітэт, 9 чэрвеня ў Мінску прайшоў 1-ы ўсебеларускі з'езд бязбожнікаў. Пачаліся масавыя арышты духавенства і міран, якія суправаджаліся закрыццём храмаў. Да пачатку 1932 года ў Усходняй Беларусі існавала каля 500 цэркваў (у тым ліку абнаўленцкія). Вясной 1932 г. улады арыштавалі архіеп. Полацкага і Віцебскага Мікалая (Пакроўскага), разам з ім пацярпела вялікая частка духавенства Полацкай епархіі. Вясной 1933 года ўслед рушыла чарговая хваля рэпрэсій. На гэты раз былі арыштаваныя: Магілёўскі епіскап Феадосій (Вашчынскі) і Слуцкі епіскап Мікалай (Шамяціла), а таксама абнаўленцы: Віцебскі «архіепіскап» Міхаіл Поснікаў, Мсціслаўскі «архіепіскап» Дасіфей (Сцяпанаў) і Слуцкі «епіскап» Савацій (Засімовіч). У 1929-1933 гг. да розных тэрмінаў зняволення (а часта і расстрэлаў) былі прысуджаныя сотні святароў і тысячы вернікаў, пасля 1933 года колькасць дзеючых праваслаўных храмаў у Усходняй Беларусі вылічалася некалькімі дзесяткамі. У 1935 годзе была арыштаваная група духавенства, якая аб'ядноўвалася вакол Мінскага архіепіскапа Феафана (Семянякі). Таксама ў 1935 годзе ў выніку тайных перамоў, якія адбыліся паміж епіскапам Бабруйскім Філарэтам (Раменскім) і Магілёўскім архіепіскапам Паўлінам (Крошачкіным) была скасаваная аўтакефалія, вымушана абвешчаная ў 1927 годзе. У 1935 годзе быў арыштаваны абнаўленцкі «мітрапаліт» Данііл Грамавенка, на яго месца ў Мінск прыбыў «мітрапаліт» Пётр Бліноў, да свайго арышту ў 1938 годзе ён служыў у Аляксандра-Неўскім храме горада. Апошняя хваля арыштаў духавенства і міран ва Усх. Б. прыйшлася на 1937-1938 гг., пераважная большасць людзей, арыштаваных у гэтыя гады, было расстраляна. Тады загінулі Магілёўскі архіепіскап Паўлін (Крошачкін) і епіскап Аляксандр (Раеўскі), які змяніў яго на гэтай кафедры, у лістападзе 1937 года быў расстраляны епіскап Філарэт (Раменскі). Летам 1939 г. ва Ўсходняй Беларусі ўлады зачынілі апошні афіцыйна дзеючы праваслаўны храм, які знаходзіўся ў Бабруйску. За выключэннем некалькіх катакомбных цэркваў (2 знаходзіліся ў Магілёве і ў Гомелі) ва Усходняй Беларусі з лета 1939 да лета 1941 года праваслаўныя набажэнствы нідзе не здзяйсняліся.

У верасні 1939 года, паводле дагавора паміж СССР і Германіяй, заходне-беларускія землі, якія знаходзіліся пад уладай Польшчы, былі уз'яднаны з усходнімі і ўвайшлі ў склад БССР. У межах БССР апынуліся 3 епархіі, якія ўваходзілі раней у склад Праваслаўнай аўтакефальнай Царквы ў Польшчы: Віленская, Гродзенская і Палеская, у якіх дзейнічалі каля 800 храмаў і 5 манастыроў. Рашэннем Патрыяршага Месцазахавальніка мітр. Сергія (Страгародскага) ад 17 кастрычніка 1939 года кіраванне ўз'яднанымі тэрыторыямі было даручана архіепіскапу мітрапаліту Панцеляймону (Ражноўскаму). Архіпастыру быў нададзены тытул «Пінска-Навагрудскі» і прысвоена права нашэння брыльянтавага крыжа на клабуку, а таксама званне Экзарха Маскоўскай Патрыярхіі ў епархіях заходніх абласцей Беларусі і Украіны. Архіепіскап Панцеляймон разаслаў епіскапам падведамных яму епархій пасланні, у якіх забараніў за набажэнствам памінаць імя мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы Дыянісія (Валедзінскага) і прапанаваў даслаць дэкларацыі аб прызнанні кананічнай улады мітрапаліта Сергія, дэкларацыю прыслаў толькі Астрожскі епіскап Сіман (Іваноўскі). У адказ на дзеянні ўладыкі Панцеляймона архіепіскап Пінскі і Палескі Аляксандр (Іназемцаў) і епіскап Валынскі і Крамянецкі Аляксій (Грамадскі) самачынна заснавалі Сінод, задачай якога было кіраванне царкоўнымі прыходамі ў межах заходняй Украіны і Беларусі. Дзеі Сінода ні Патрыяршым Месцазахавальнікам Сергіем, ні Экзархам яго архіепіскапам Панцеляймонам не былі прызнаныя. У ліпені 1940 года архіепіскапу Панцеляймону было даручана кіраванне Гродзенска-Віленскай епархіяй, акрамя тэрыторый, перададзеных у 1940 годзе Літоўскай Рэспубліцы, адначасова архіепіскап Панцеляймон вызваляўся ад выканання абавязкаў Экзарха Маскоўскай Патрыярхіі. У канцы кастрычніка 1940 года вызначэннем Маскоўскай Патрыярхіі для назірання за выкананнем у епархіях, размешчаных у заходніх абласцях Украіны і Беларусі, распараджэннем Патрыярхіі быў заснаваны Заходні Экзархат на чале з архіепіскапам Мікалаем (Ярушэвічам). З заходнебеларускіх епархій у склад Экзархату ўвайшлі Гродзенская і Палеская епархіі.

У Заходняй Беларусі савецкія ўлады не сталі ўжываць масавыя рэпрэсіі ў адносінах да духавенства і  закрыцця храмаў, як гэта было на Усходзе. Аднак яны абвясцілі аб нацыяналізацыі царкоўнай уласнасці, у школах забаранілі выкладанне Закона Божага, была згорнутая кнігавыдавецкая дзейнасць. У афіцыйных сродках масавай інфармацыі была разгорнута антырэлігійная кампанія. Некаторыя святары былі арыштаваныя па абвінавачванні ў дапамозе «ворагам народа», рэпрэсіям падвяргаліся таксама праваслаўныя педагогі ў школах.