Беларускі Экзархат

Гісторыя Навагрудскай епархіі

Згодна з летапіснымі дадзенымі пасля прыняцця Руссю хрысціянства ў 988 годзе святы роўнаапостальны князь Уладзімір накіраваў епіскапа Ляонція на зямлю яцвягаў для пропаведзі слова Божага. Свяціцель Ляонцій дайшоў з пропаведдзю да таго месца, дзе ў 1044 годзе святым князем Яраславам Мудрым быў заснаваны г. Навагрудак  – кафедральны горад Навагрудскай епархіі.

Быўшы сталіцай Вялікага княства Літоўскага, Навагрудак стаў цэнтрам царкоўнага жыцця на Заходняй Русі. З XII стагоддзя тут існаваў праваслаўны храм, а з 1317 года ў Навагрудак пераносіцца цэнтр Кіеўскай мітраполіі.

Каля 1225 года у ваколіцах Навагрудка прападобным Елісеем Лаўрышаўскім быў заснаваны манастыр. З часам абіцель, сабраўшы шмат браціі, стала лаўрай, у якой прападобны Елісей быў першым настаяцелем. К XIII стагоддзю манастыр быў апорай Праваслаўя і цэнтрам летапісання ў Беларусі.

Па захаваных звестках з XI стагоддзя існаваў праваслаўны храм у мястэчку Мір. У 1533-1550 гадах там быў узведзены новы храм з цэглы і каменя, які захаваўся да нашых дзён.

Пад 1280 годам згадваецца праваслаўны храм у Гальшанах. Гэты храм праіснаваў да XIV стагоддзя і знаходзіўся на тэрыторыі старога Гальшанскага замка.

Са старажытных часоў згадваецца аб існаванні храма святога вялікамучаніка Георгія Перамоганосцы ў Дайнаўскім княстве. Вялікі князь Гедымін, пабудаваўшы ў 1323 годзе каменны замак у Лідзе, перанёс сюды сталіцу Дайнаўскага княства, збудаваў у замку царкву ў імя таго ж святога вялікамучаніка Георгія.

1386 годам датуецца драўляная царква святога вялікамучаніка Дзімітрыя Салунскага ў Шчорсах. У ёй знаходзіўся цудатворны абраз святога вялікамучаніка Дзімітрыя. Паданне сведчыць, што храм быў пабудаваны паводле зароку, дадзенага родапачынальнікам магнацкага роду Храптовічаў у падзяку святому вялікамучаніку Дзімітрыю за збаўленне ад гібелі падчас няўдалай бітвы з татарамі.

У XIV стагоддзі быў пабудаваны праваслаўны храм у мястэчку Крэва.

У 1508 годзе ў г. Дзятлава вялікім князем Канстанцінам Астрожскім, рупліўцам Праваслаўя, быў закладзены храм святога вялікамучаніка Георгія Перамоганосца.

У 1532 годзе стараннямі віленскага ваяводы, канцлера Вялікага Княства Літоўскага, Альберта Марцінавіча Гаштольда быў закладзены праваслаўны храм свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Юрацішках.

У сярэдзіне XVI стагоддзя быў пабудаваны храм у Беліцы, а ў 1559 годзе – у вёсцы Перавалока.

Праз некаторы час Навагрудак перастаў быць сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, а пасля 1596 года, калі на землях Белай Русі пачала гвалтоўна насаджацца унія з рымска-каталіцкай царквой, страціў значэнне праваслаўнага цэнтра Літоўскай мітраполіі.

Тэрыторыя цяперашняй Навагрудскай епархіі з канца XVIII стагоддзя па 1921 год ўваходзіла ў склад Мінскай, Літоўскай, а з 1900 года – Гродзенскай праваслаўных епархій. Пасля падпісання ў 1919 годзе Брэст-Літоўскага мірнага дагавора тэрыторыя епархіі апынулася ў складзе Польшчы. У 1921-1942 гадах епархія ўваходзіла ў склад Гродзенскай праваслаўнай епархіі.

У 1942 годзе, у перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі Беларусі, была зроблена спроба адрадзіць старажытную Наваградскую кафедру. Кіраўніком епархіі быў абраны архімандрыт Афанасій (Мартас) з тытулам «Епіскап Навагрудскі і Баранавіцкі». Але ў 1944 годзе з набліжэннем Чырвонай арміі, беларускія архіерэі, вымушаныя былі пакінуць Радзіму і эмігрыраваць за мяжу.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны тэрыторыя Навагрудскай епархіі ўваходзіла ў склад Мінска-Беларускай епархіі.

У 1991 годзе было адкрыта Навагрудскае вікарыяцтва Мінскай епархіі, а 19 лютага 1992 года пастановай Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія II і Свяшчэннага Сінода Навагрудская епархія была зноў адроджана. Першым кіраўніком адроджанай кафедры быў прызначаны вікарый Мінскай епархіі епіскап Навагрудскі Канстанцін (Гаранаў), цяпер мітрапаліт Петразаводскі і Карэльскі, старшыня Сінадальнай богаслужбовай камісіі.

З 4 жніўня 1996 года епархіяй кіруе Праасвяшчэнны Гурый (Апалька), архіепіскап Навагрудскі і Лідскі, намеснік Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра.