Беларускі Экзархат

Беларускі Экзархат

Беларускі Экзархат (Беларуская Праваслаўная Царква) Маскоўскага Патрыярхату створаны ў кастрычніку 1989 г. у адпаведнасці з рашэннем Архіерэйскага Сабора Рускай Праваслаўнай Царквы, які праходзіў 9-11 кастрычніка 1989 года.

Наступны Архіерэйскі Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы, на паседжаннях 30-31 студзеня 1990 года, заслухаўшы даклад Праасвяшчэннага Кірыла, архіепіскапа Смаленскага і Калініградскага (зараз Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі) ухваліў «Палажэнне аб Экзархатах» і ўнёс яго ў дзеючы Статут Рускай Праваслаўнай Царквы. Рашэнні гэтага Архіерэйскага Сабора былі зацверджаны Памесным Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы, які прайшоў 7-8 чэрвеня 1990 года. У кананічных адносінах Беларускі Экзархат - гэта адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Рускай Праваслаўнай Царквы, якая аб'ядноўвае епархіі з  благачыннямі, прыходамі, манастырамі, духоўнымі навучальнымі ўстановамі, якія знаходзяцца ў межах Рэспублікі Беларусь. Кіраванне Беларускім Экзархатам ажыццяўляе Патрыяршы Экзарх, які адначасова з'яўляецца правячым архіерэем Мінскай епархіі і галавой Мінскай мітраполіі.

16 кастрычніка 1989 года Свяшчэнны Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы назначыў Патрыяшым Экзархам мітрапаліта Мінскага і Беларускага Філарэта (Вахрамеева), прысвоіўшы яму тытул «Мінскі і Гродзенскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі». Пасля заснавання самастойнай Гродзенскай епархіі, а таксама ў сувязі са стварэннем незалежнай дзяржавы - Рэспублікі Беларусь, у 1992 годзе тытул Патрыяршага Экзарха быў зменены і стаў абвяшчацца за багаслужэннем як «Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі». Рашэннем Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы ад 25 снежня 2013 г. Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт быў адпраўлены на спачын у сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту. Сінод вызначыў мітрапаліту Філарэту быць «Ганаровым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі», захаваўшы за ім права ўдзелу ў рабоце Свяшчэннага Сіноду і ганаровае пратакольнае месца за багаслужэннямі і ў афіцыйных цырымоніях. Новым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі тады ж быў абраны мітрапаліт Разанскі і Міхайлаўскі Павел (Панамароў), якому быў засвоены тытул «Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі». У кастрычніку 2014 года, у сувязі з заснаваннем новых самастойных епархій і ўдакладненнем граніц Мінскай епархіі, Свяшчэнны Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы засвоіў Патрыяршаму Экзарху, мітрапаліту Паўлу новы тытул: «Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі».

Вышэйшая заканадаўчая, выканаўчая і судовая ўлада ў Беларускім Экзархаце належыць Сіноду, які складаецца з правячых епархіяльных архіерэяў і ачаляецца Патрыяршым Экзархам. Сінод дзейнічае ў межах кампетэнцыі, якую вызначаюць царкоўныя каноны і Статуты Рускай Праваслаўнай Царквы і Беларускага Экзархату. Сінод падсправаздачны Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі, Свяшчэннаму Сіноду РПЦ, якім належыць права канчатковага зацвярджэння пастаноў Сінода Беларускага Экзархату, іх адмены або змянення. Сінод Беларускага Экзархату абірае і прапаноўвае на зацвярджэнне Свяшчэннага Сінода РПЦ правячых і вікарных архіерэяў у межах Экзархату; прапаноўвае архіерэяў Экзархату для ўдзелу ў рабоце Свяшчэннага Сіноду РПЦ у якасці часовых членаў; зацвярджае на пасадах настаяцеляў і настаяцельніц манастыроў, якія знаходзяцца ў межах Экзархату. Сінод Экзархату ажыццяўляе назіранне за дзейнасцю духоўных школ і плануе падрыхтоўку кадраў духавенства. Сінод Беларускага Экзархату назначае Кіраўніка спраў Мінскай Экзархіі, Сінод ухваляе бюджэт Экзархату, каштарысаў расходаў яго ўстаноў і адпаведныя фінансавыя справаздачы. Сінод Беларускага Экзархату склікае Патрыяршы Экзарх і старшынствуе на ім, а таксама прадстаўляе Беларускі Экзархат у Свяшчэнным Сінодзе РПЦ на правах яго пастаяннага члена. На Экзарха ўскладзены абавязкі па падтрымцы адзінства епіскапата Беларускага Экзархату і назіранню за выкананнем архіерэямі сваіх архіпастырскіх абавязкаў. У выпадках неабходнасці Экзарх можа вырашаць непаразуменні, якія узнікаюць паміж архіерэямі, не прыбягаючы да фармальнага судаводства; ажыццяўляе паўнамоцнае прадстаўніцтва перад дзяржаўнай уладай Рэспублікі Беларусь па ўсіх пытаннях, якія тычацца дзейнасці Экзархату. Другое афіцыйнае раўназначнае найменне Беларускага Экзархату — «Беларуская Праваслаўная Царква».

Рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 26 лютага 2014 года быў створаны Духоўна-адукацыйны цэнтр — Мінская Экзархія, як орган кіравання Беларускім Экзархатам. Мінская Экзархія аб'ядноўвае Сінадальныя аддзелы і структуры, якія знаходзяцца ў непасрэдным кіраванні Патрыяршага Экзарха і Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы, а таксама канцылярыю Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. У склад Мінскай Экзархіі ўваходзяць: Упраўленне справамі Мінскай Экзархіі, што ўключае ў сябе Кантрольную кананічна-прававую камісію і Сакратарыят Упраўлення справамі; сінадальныя аддзелы Беларускага Экзархату; прэс-службу Патрыяршагу Экзарха ўсяе Беларусі; службу справаводства; юрыдычную службу і фінансава-гаспадарчую службу (бухгалтэрыю).

Упраўленне справамі Мінскай Экзархіі створана шляхам рэарганізацыі існуючага раней Упраўлення справамі Беларускай Праваслаўнай Царквы і мае задачу аказання дапамогі Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі ў ажыццяўленні паўнамоцтваў, прадугледжаных Статутам Рускай Праваслаўнай Царквы і Стаутам Экзархату, а таксама выкарыстання даручэнняў Экзарха ў сферы царкоўнага кіравання.

Паміма Упраўлення справамі на пачатак 2015 года ў склад Мінскай Экзархіі ўваходзіла 17 сінадальных аддзелаў і камісій Беларускай Праваслаўнай Царквы: Сінадальны аддзел па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства; Сінадальны інфармацыйны аддзел; Сінадальны аддзел па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню; Сінадальны аддзел па справах манастыроў і манаству; Сінадальны аддзел па справах моладзі; Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі; Сінадальная камісія па кананізацыі святых; Сінадальная рэвізійная камісія; Сінадальны аддзел па ўзаемадзеянню з Узброенымі сіламі і іншымі вайсковымі фарміраваннямі Рэспублікі Беларусь; Сінадальны місіянерскі аддзел; Камісія па выставачнай дзейнасці; Сінадальны паломніцкі аддзел; Сінадальны аддзел па ўзаемадзеянню з казацтвам; Сінадальны аддзел па турэмнаму служэнню. На правах Сінадальных устаноў дзейнічаюць таксама Царкоўны Суд Беларускага Экзархату; Выдавецкі Савет Беларускага Экзархату і Камісія па ўзнагародах Беларускага Экзархату.

Да часу стварэння Беларускага Экзархату ў яго складзе было 4 епархіі (Мінская, Полацкая, Пінская і Магілёўская). У 1990 годзе адроджаныя епіскапскія кафедры ў Брэсце і Гомелі, у 1991 годзе — у Навагрудку і Гродне, у 1992 годзе — у Тураве і Віцебску. У 2007 годзе створана Бабруйская епархія. У 2002 годзе ў складзе Мінскай епархіі створана Барысаўскае вікарыяцтва. У 2006 створаецца Друцкае вікарыяцтва Віцебскай епархіі.

У кастрычніку 2014 года Свяшчэнны Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы, па прапанове Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, мітрапаліта Міснкага і Заслаўскага Паўла, стварыў ў мажаз Экзархату некалькі новых самастойных епархій: Барысаўскую, Маладзечанскую і Слуцкую, вылучыўшы іх са складу Мінскай епархіі. Тэрыторыя Мінскай епархіі абмежавалася горадам Мінскам і Мінскім адміністрацыйным раёнам. Тады ж, для каардынацыі дзейнасці правячых архіерэяў новаствораных епархій, Свяшчэнным Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы была створана Мінская Мінская мітраполія Беларускага Экзархату ў складзе Мінскай, Барысаўскай, Маладзечанскай і Слуцкай епархій. Галавой Мінскай мітраполіі быў назначаны мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. У снежні 2014 года Свяшчэнны Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы прыняў рашэнне аб заснаванні ў межах Беларускага ЭкзархатуЛідскай епархіі, шляхам вылучэння яе са складу Навагрудскай епархіі. У Навагрудскай епархіі было створана Дзятлаўскае вікарыяцтва.

На пачатак 2015 года ў Беларускім Экзархаце было 14 епархій: Мінская і Заслаўская, Полацкая і Глыбоцкая; Пінская і Лунінецкая; Магілёўская і Мсціслаўская; Брэсцкая і Кобрынынская; Гомельская і Жлобінская; Навагрудская і Слонімская; Гродзенская і Ваўкавыская; Тураўская і Мозырская; Віцебская і Аршанская; Барысаўская і Мар'інагорская; Слуцкая і Салігорская; Маладзечанская і Стаўбцоўская; Лідская і Смаргонская, а таксама Дзятлаўскае вікарыяцтва Навагрудскай епархіі. У Беларускім Экзархаце, на пачатак 2015 года налічвалася 1612 царкоўных прыходаў з правам юрыдычнай асобыі і 35 манастыроў. Сваё служэнне здзяйснялі 15 архіерэяў, 1691 святар, 216 дыяканоў, 432 манаха і інака. Праводзілася вучэбная падрыхтоўка ў Мінскай духоўнай акадэміі, у 2-х духоўных семінарыях, Інстытуце тэалогіі БДУ, у 4-х духоўных вучылішчах. Ажыццяўляла сваю дзейнасць Выдавецтва Беларускага Экзархату.

Сваю беларускую паству неаднаразова наведвалі Прадстаяцелі Рускай Праваслаўнай Царквы. У чэрвені 1991 года першасвяціцельскі візіт здзейсніў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій Другі. Гэта быў першы візіт Патрыярха Маскоўскага на беларускую зямлю за ўсю яе гісторыю. Наступныя свае візіты ў межы Беларускага Экзархату Свяцейшы Патрыярх Аляксій Другі здзейсніў у маі 1995 года; у верасні 1998 года; у чэрвені 2001 года; у маі 2002 года і ў кастрыніку 2008 года, незадоўга да свайго скону.

Абраны на Памесным Саборы Рускай Праваслаўнай Царквы, які праходзіў 27-28 студзеня 2009 года, Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл наведаў сваю беларускую паству ў верасні 2009 года і ў кастрычніку 2012 года, а таксама ў ліпені 2013 года, калі разам з Прадстаяцелямі і прадстаўнікамі Памесных Праваслаўных Цэркваў, ачоліў у сталіцы Рэспублікі Беларусь горадзе Мінску ўрачыстасці, прысвечаныя 1025-годдзю Хрышчэння Русі. У год святкавання 1000-годдзя добрага скону святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра і 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Свяцейшы Патрыярх Кірыл здзейсніў 20-22 чэрвеня 2015 года свой чацвёрты Першасвяціцельскі візіт у Рэспубліку Беларусь. На гэты раз ён пабываў у Мінску і Брэсце.

Па благаславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў 2013 годзе ў горадзе Маскве, пры храме святой мучаніцы Ірыны ў Пакроўскім, было адкрыта Прадстаўніцтва Беларускага Экзархата пры Патрыярсе Маскошскім і ўсяе Русі. Рашэннем Сінода Беларускага Экзархату ў лютым 2014 года ў Мінску, у адным з захаваўшыхся будынкаў былога падвор'я Мінскіх архіерэяў, адкрыта Патрыяршае Прадстаўніцтва Рускай Праваслаўнай Царквы ў Беларускім Экзархаце.

Галоўная кафедра мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларсі Паўла знаходзіцца ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы. Другой кафедрай з'яўляецца саборны храм Праабражэння Гасподняга ў горадзе Заслаўі.