Беларускі Экзархат

Гісторыя Магілёўскай епархіі

Па хроніцы г. Магілёва благаславенне на яго заснаванне даў Андрэй Першазванны, які з місіянерскай місіяй падарожнічаў па Дняпры з Кіева на Ноўгарад. Узнік горад каля 1267 г. Археалагічныя матэрыялы сведчаць аб тым, што першыя хрысціяне з'явіліся ў гэтых месцах у ХІ ст. У 1561 годзе Магілёў атрымаў права на гарадское самакіраванне, у 1577 - магдэбургскае права і герб (на блакітным полі цагляная вежа з надпісам «Пячатка месца Магілёўскага»).

Першапачаткова Магілёў належыў уладзе Полацкага епіскапа. У 1595 г. адбылося падпісанне Брэсцкай царкоўнай уніі. Полацкі ўніяцкі епіскап Герман Загорскі пасля свайго прыезду ў Магілёў у 1599г. пачуў ад гараджан словы адмаўлення яго пастырскай улады. У 1619 г. жыхары Магілёва адмовіліся ўпусціць да сябе сумна вядомага рупліўца уніі Іасафата Кунцэвіча. Тады ўсе праваслаўныя храмы ў горадзе было загададана зачыніць. Але богаслужэнні сталі здзяйсняцца за горадам, у палатках. Гараджане пастаянна жаліліся на крыўды каралю, і ўжо пасля смерці Кунцэвіча Жыгімонт дазволіў адкрыць храмы. Пры гэтым было вырашана, якія цэрквы аддаюцца ўніятам, а якія вяртаюцца праваслаўным. З 8-мі храмаў чатыры (Успення, Уваскрасення, Узнясення і Св. Тройцы) вярнулі праваслаўным, астатнія аддалі ўніятам.

Адным з самых вядомых Магілёўскіх манастыроў стаў Богаяўленскі (Брацкі). Першапачаткова на яго месцы была царква Богаяўлення Гасподняга і царкоўная школа, заснаваная ў 1578 г. У 1595 г. у Магілёве было створана Богаяўленскае брацтва, якое ўзначаліла рэлігійнае жыццё горада. У 1602 г. кароль Жыгімонт пацвердзіў статут Магілёўскага брацтва і яго права на ўтрыманне школы і царкоўнага кліра. У 1620 г. пачалося будаўніцтва новага каменнага храма на зямлі, ахвяраванай князем Іванам Агінскім. У тым жа годзе будаўніцтва царквы і школы пры ёй атрымала благаславенне патрыярха Іерусалімскага Феафана. У 1633 г. кароль Уладзіслаў IV пацвердзіў права існавання Богаяўленскага манастыра і школы пры ім, а таксама дазволіў заснаваць тут друкарню. Яна праіснавала да 1736 г. і выдавала ў асноўным праваслаўныя богаслужбовыя кнігі. Да часу заснавання Богаяўленскага мужчынскага манастыра адносіцца і пабудова побач з ім жаночай абіцелі (скасавана ў 1796 г.).

Магілёўскі Свята-Нікольскі жаночы манастыр існуе да нашага часу. Вядома, што першапачаткова манастыр знаходзіўся пры звычайнай парафіяльнай царкве Свц. Мікалая. У 1636г. кароль Уладзіслаў IV даў абіцелі пацвярджальны прывілей. У 1667г. была закладзена мураваная царква на ўскраіне горада.

Магілёўская епархія была заснавана 1 лістапада 1632 года, быўшы выдзеленай з Полацкай епархіі. Магілёўскі Праабражэнскі або Спаскі манастыр з 1632 г. граматай Уладзіслава IV быў назначаны для знаходжання ў ім праваслаўнага епіскапа. Засанаванне на гэтым месцы Спаскай саборнай царквы адносіцца да тых часоў, калі Магілёў яшчэ знаходзіўся пад уладай Полацкіх епіскапаў.

Пасля прысягі Багдана Хмяльніцкага Аляксею Міхайлавічу пачалася вайна за Маларасію паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай. У сярэдзіне XVII ст. езуіты спрабавалі адабраць Спаскі манастыр і знішчыць праваслаўную епіскапію ў Магілёве, а кароль Ян Сабескі прымушаў магілёўцаў да уніі. У 1697 г. Магілёўскім епіскапам стаў Серапіён (або Серафім) Палхоўскі. Ён, як і многія яго пераемнікі ў поўнай меры адчуў на сабе цяжар ганенняў на Праваслаўе. Магілёў называлі не інакш як «гняздом схізмы».

Архіпастырам Магілёўскай епархіі з 1755 па 1795 быў выдатны праваслаўны свяціцель Георгій Каніскі. Па яго ўласных словах 17 гадоў свайго епіскапства ён змагаўся з ваўкамі, а затым 22 гады мірна жыў з авечкамі (у 1772 г. Магілёў адышоў да Расіі). Стараннямі свц. Георгія ў Магілёве была адкрыта духоўная семінарыя і адроджана друкарня. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, калі значная частка беларускай праваслаўнай паствы заставалася «за мяжой», св. Георгій хадайнічаў аб адкрыцці праваслаўнай епархіі ў Слуцку, а затым Мінску (1793). Адным з выдатных прац праасвяшчэннага быў гістарычны звод правоў і прывілеяў Праваслаўнай Царквы ў Рэчы Паспалітай, пачынаючы з часоў самастойных князёў літоўскіх.

Магілёўская епархія была ліквідавана ў 1937 годзе. Адроджана ў чэрвені 1989 года. У 1990 годзе з яе складу была выдзелена Гомельская епархія, пасля чаго епархія абмяжоўвалася тэрыторыяй Магілёўскай вобласці. Услед за тым 24 снежня 2004 года настала вылучэнне з яе Бабруйскай епархіі.

Тэрыторыя ахоплівае 15 раёнаў Магілёўскай вобласці: Бялыніцкі, Горацкі, Дрыбінскі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Круглянскі, Касцюковіцкі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі.

Кафедральны горад — Магілёў. Кафедральныя саборы - Трохсвяціцельскі (Магілёў), Аляксандра-Неўскі (Мсціслаў).

Правячы архірэй з 7 кастрычніка 2002 — Сафроній (Юшчук), епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі.