Беларускі Экзархат

Гісторыя Брэсцкай епархіі

Брэсцкая епархія заснавана пастановай Архіерэйскага Сабора РПЦ 1990 года і пастановай Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 6 лютага 1990 года. Ахоплівае тэраторыі 8 раёнаў Брэсцкай вобласці і складаецца з 9 парафіяльных акруг — Брэсцкай гарадской, Брэсцкай раённай, Бярозаўскай, Драгічынскай, Жабінкаўскай, Камянецкай, Кобрынскай, Маларыцкай і Пружанскай. Да часу стварэння епархіі ў Брэсцкім і Кобрынскім благачынням Мінскай епархіі мелася 79 прыходаў. Манастыроў не было.

Да сярэдзіны ХІІ ст. Брэсцкая (летапіс. Берасцейская) зямля ўваходзіла ў склад Тураўскага княства, дзе ўжо ў 1005 г. была праваслаўная епархія. З сярэдзіны ХІІ ст. праваслаўныя хрысціяне Берасцейшчыны акармляліся Уладзімір-Валынскімі епіскапамі, якія часам насілі тытул «епіскапаў Уладзімір-Валынскіх і Берасцейскіх». У Берасці, пры царкве свц. Мікалая (тэрыторыя сучаснай крэпасці) знаходзілася рэзідэнцыя епіскапаў (па дакументах «Брэсцкая руская кафедра»). Тут у 1590, 1594, 1596 гг. праходзілі саборы заходне-рускіх епіскапаў.

Пасля заключэння Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г. пераважная большасць прыходаў была падпарадкавана Літоўска-Наваградскай уніяцкай мітраполіі. У 1765 г. было заснавана Брэсцкае епіскапства (у складзе Уладзімірскай уніяцкай епархіі), з 1798 самастойная Брэсцкая ўніяцкая епархія (у 1808 часткова, а з 1828 года цалкам увайшла ў склад Літоўскай уніяцкай епархіі). Нешматлікія праваслаўныя прыходы акармляліся ў розныя часы епіскапамі епіскапамі Луцкай, Кіеўскай мітрапалічай, Беларускай, (Магілёўскай) і Мінскай епархій. Да 1787 г. у Праваслаўі заставаліся Брэсцкі манастыр св. Сімяона Стоўпніка (з 1798 г. тут заснавана архімандрыя) і 4 манастыры ў Беластоцкай вобласці.

Пасля ўз'яднання ўніяцкай Літоўскай епархіі з Праваслаўем 22 студзеня 1840 года было заснавана Брэсцкае вікарыяцтва Літоўскай праваслаўнай епархіі. У 1900 г. вызначэннем Св. Сіноада з часткі Літоўскай епархіі створана самастойная Гродзенская епархія з тытулам епіскапа «Гродзенскі і Брэсцкі».

У 1921-1939 гг. восем благачынняў Брэстчыны ўваходзілі ў Палескую епархію ў складзе Польскай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы. У час Другой сусветнай вайны была створана вікарная Брэсцкая кафедра ў межах Аўтаномнай Украінскай Праваслаўнай царквы Маскоўскай юрысдыкцыі. Першым пасляваенным епіскапам быў Паісій (Абразцоў, 1944-45 гг.), з 14 лютага па верасень 1945 г. — Анісіфар (Панамароў) з тытулам «епіскап Брэсцкі і Пінскі». У 1946 г. часова кіраваў епархіяй архіепіскап Мінскі і Беларускі Васіль (Ратміраў), у 1948-1949 епіскап Паісій (Абразцоў), у 1950-1951 гг. Сергій (Ларын) з тытулам «епіскап Гродзенскі і Брэсцкі». У 1952-1989 гг. епіскапы на Брэсцкую кафедру не пастаўляліся, прыходы акамляліся правячымі архіерэямі Мінскай епархіі.

У 1990 годзе адноўлена Брэсцкая кафедра.

Адраджэнне царкоўнага жыцця епархіі пачалося з аднаўлення адроджаных дзяржавай і будаўніцтва новых храмаў.

У ліпені 1995 г. епархію наведаў Яго Свяцейшасць Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій ІІ, ім было дадзена благаславенне на заснаванне мужчынскага манастыра на месцы пакутніцкага скону прмч. Афанасія, ігумена Брэсцкага ў в. Аркадзія Брэсцкага р-на (заснаваны ў 1996 г.) У в. Каменюкі Камянецкага раёна адбылася сустрэча Патрыярха з духавенствам епархіі, кіраўніцвам вобласці і раёна.

У 2001 г. пачалося ўладкаванне пабудоў пад жаночы манастыр у гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы на Шпітальнай выспе Брэсцкай крэпасці.

У чэрвені 2001 г. епархію зноў наведаў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій ІІ, ён асвяціў новапабудаваны Ўваскрасенскі сабор, храм-помнік вайны 1941-1945 гг. (будаўніком вытупіў настаяцель храма, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, адзін са старэйшых клірыкаў Беларускага Экзархату протаіерэй Яўген Парфянюк (+10.03.2008)), і гарнізонны Мікалаеўскі храм у крэпасці-героі Брэсце.

2 снежня 2004 года на тэрыторыі Брэсцкай парафіяльнай акругі створаны два благачынні: Брэсцкае гарадское і Брэсцкае раённае.

2 кастрычніка 2005 г. у г. Брэсце непадалёк ад Сімяонаўскага кафедральнага сабора ўсталяваны і асвячоны помнік прападобнамучаніку Афанасію, ігумену Брэсцкаму.

На дадзены момант Брэсцкая епархія налічвае 9 парафіяльных царкоўных акруг, духавенства якіх прыкладае значныя намаганні ў накірунку ўдасканалення сацыяльнага служэння, місіянерскай дзейнасці і работы з дзецьмі і моладдзю.