Беларускі Экзархат

Гісторыя Мінскай епархіі

Мінская епархія была заснавана 24 (па юліянскім календары — 13) красавіка 1793 года. Яна аб'яднала праваслаўныя прыходы на землях, далучаных да Расіі паводле другога падзелу Рэчы Паспалітай, якія знаходзяцца ў межах сучасных Беларусі і Украіны. Першапачаткова кафедра правячага архіерэя гэтай епархіі знаходзілася ў Слуцку. У Мінск яна была перанесена ў 1795 годзе, прычым, як паведамляе царкоўны гісторык XIX стагоддзя Сцяпан Рункевіч («Гісторыя Мінскай архіепіскапіі», СПб., 1893, с. 335), «на справе перамяшчэнне Мінскага Праасвяшчэннага на жыхарства ў Мінск здзейснілася толькі ў 1799 годзе».

Неўзабаве Мінская епархія прыняла ў свой склад тэрыторыі, якія адышлі да Расіі пры трэцім падзеле Рэчы Паспалітай. У выніку яна стала ў прасторавым дачыненні значна большай, чым многія з епархій Рускай Праваслаўнай Царквы. У канцы XVIII стагоддзя з Праваслаўнай Царквой уз'ядналіся паўтара мільёна ўніятаў, што моцна адбілася на колькасці прыходаў, духавенства і вернікаў Мінскай епархіі.

У 1795 годзе са складу Мінскай была выдзелена Брацлаўская епархія (цяпер Камянец-Падольская і Брацлаўская епархія Украінскай Праваслаўнай Царквы), а таксама было заснавана Жытомірскае вікарыяцтва (цяпер Жытомірская епархія Украінскай Праваслаўнай Царквы). Чарговым фактарам росту прыходаў Мінскай епархіі стала канчатковае ўз'яднанне беларускіх уніятаў з Праваслаўнай Царквой у 1839 годзе.

З пачатку 1950-х гадоў мітрапаліт Мінскі быў адзіным праваслаўным правячым архіерэем на ўсю БССР, а тэрыторыя Мінскай епархіі ахоплівала ўсю тэрыторыю Рэспублікі. Такі стан спраў пратрымаўся да 1989 года, калі рашэннем Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы са складу Мінскай былі вылучаныя Магілёўская, Пінская і Полацкая епархіі. Стварэнне новых епархій у межах Беларускага Экзархату праходзіла ў некалькі чэргаў, і к 1992 году межы Мінскай епархіі супалі з межамі Мінскай вобласці.

На пасяджэнні Святога Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы, які адбыўся 23 кастрычніка 2014 г. у Патрыяршым і Сінадальным духоўна-адміністрацыйным і культурным цэнтры Рускай Праваслаўнай Царквы на Поўдні Расіі, было прынята рашэнне аб утварэнні новых епархій Беларускага экзархата на тэрыторыі Мінскай вобласці і стварэнні Мінскай мітраполіі.

Заслухаўшы рапарт мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Паўла, Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, Сінод пастанавіў утварыць у межах Бярэзінскага, Барысаўскага, Крупскага, Лагойскага, Пухавіцкага, Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў Мінскай вобласці Барысаўскую епархію, вылучыўшы яе са складу Мінскай епархіі.

Епархіяльнаму архіерэю Барысаўскай епархіі прысвоены тытул «Барысаўскі і Мар'інагорскі». Праасвяшчэнным Барысаўскім і Мар'інагорскім вызначана быць епіскапу Барысаўскаму Веніяміну, вікарыю Мінскай епархіі.

У межах Вілейскага, Валожынскага, Дзяржынскага, Маладзечанскага, Мядзельскага, Стаўбцоўскага і Уздзенскага раёнаў Мінскай вобласці Сінод пастанавіў утварыць Маладзечанскую епархію, вылучыўшы яе са складу Мінскай епархіі.

Епархіяльнаму архіерэю Маладзечанскай епархіі прысвоены тытул «Маладзечанскі і Стаўбцоўскі». Епіскапам Маладзечанскім і Стаўбцоўскім абраны архімандрыт Павел (Цімафеенкаў), клірык Мінскай епархіі.

У межах Клецкага, Капыльскага, Любанскага, Нясвіжскага, Слуцкага, Салігорскага і Старадарожскага раёнаў Мінскай вобласці рашэннем Сінода ўтворана Слуцкая епархія, выдзеленая са складу Мінскай епархіі.

Епархіяльнаму архіерэю Слуцкай епархіі прысвоены тытул «Слуцкі і Салігорскі». Епіскапам Слуцкім і Салігорскім абраны архімандрыт Антоній (Даронін), клірык Мінскай епархіі.

Тэрытарыяльныя межы Мінскай епархіі Свяшчэнным Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы вызначаны ў межах горада Мінска і Мінскага раёна. Епархіяльнаму архіерэю Мінскай епархіі прысвоены тытул «Мінскі і Заслаўскі».

Рашэннем Сінода ў межах горада Мінска, Мінскага раёна і Мінскай вобласці ўтворана Мінская мітраполія, якая ўключае Мінскую, Барысаўскую, Маладзечанскую і Слуцкую епархіі. Кіраўніком Мінскай мітраполіі прызначаны Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі.