Беларускі Экзархат

Гісторыя Тураўскай епархіі

Тураўская епіскапская кафедра была заснавана ў 1005 годзе і з'яўляецца другой па старажытнасці сярод праваслаўных епархій у Беларусі. Таксама, як і полацкія, тураўскія епіскапы пастаўляліся на кафедру кіеўскімі мітрапалітамі. У сінодзіку Варварынскага манастыра, які ў XIX стагоддзі знаходзіўся ў Старажоўскай царкве, напісаны імёны 23-х архіерэяў, якія займалі Тураўскую кафедру на працягу XII — XVI стагоддзяў.

Тэрыторыя Тураўскай епархіі была вялізнай і ахоплівала тэрыторыі, якія адносяцца цяпер да Мінскай, Гомельскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. У 1241 г. кафедра была перанесена ў г. Пінск, тытул правячых архіерэяў стаў «Тураўскі і Пінскі». Імёны епіскапаў з 1182 па 1390 гады нам невядомыя; магчыма, быў час, калі епіскапская кафедра была незанятай, і архіпастырскую апеку над паствай Тураўскай епархіі ажыццяўлялі мітрапаліты Кіеўскія і ўсяе Русі. Таму ў сінодзіку епархіі утрымліваюцца імёны мітрапалітаў Пятра, Аляксія, Кіпрыяна і Іоны.

Двое з Тураўскіх свяціцеляў епіскап Кірыл II і яго пераемнік епіскап Лаўрэнцій – атрымалі царкоўнае праслаўленне і былі прылічаны царквой да ліку угоднікаў Божых. Асабліва глыбока шануецца мясцовымі жыхарамі епіскап Тураўскі Кірыл, дзень памяці якога 28 красавіка (11 мая па новаму стылю). Гэты дзень традыцыйна з'яўляецца духоўным і дзяржаўным святам усяго Палесся.

У другой палове XII стагоддзя Тураўскае княства, распалася на больш дробныя ўдзелы і паступова страціла сваю магутнасць. У 1241 годзе ў выніку спусташальнага набега татараў Тураў, у якім налічвалася каля 50 цэркваў і манастыроў, быў спалены дашчэнту.

У канцы XIII – пачатку XIV стагоддзя Тураў увайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага і на працягу стагоддзяў належыў розным княжацкім родам. У XVI стагоддзі ў г. Тураве, па сведчанні некаторых крыніц, было 80 цэркваў; працягваў дзейнічаць старажытны Барысаглебскі манастыр. Дзеля вялікай веры праваслаўных былі яўленыя цудатворныя іконы Божай Маці Канковіцкая і Васькаўская (Мазырскі павет).

У акце падпісання Брэсцкай уніі 1596 года прыняў удзел і епіскап Пінскі і Тураўскі Ляонцій Пяльчыцкі, пасля чаго праваслаўная Пінска-Тураўская епархія перастала існаваць. Але праваслаўныя жыхары Тураўшчыны і Піншчыны адмовіліся падпарадкавацца ўніятам і дамагліся пастаўлення ў Тураў праваслаўных епіскапаў, якія дзейнічалі адначасова з уніяцкімі.

Пасля аднаўлення Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі (1633), да мітрапалічай епархіі адносіліся і праваслаўныя цэрквы і манастыры Тураўшчыны.

Большы ўплыў унія і каталіцызм мелі ў Мазыры. У XVII стагоддзі тут былі пабудаваны тры каталіцкіх касцёла, дзейнічала езуіцкая місія са школай. У 1720 годзе быў заснаваны базыліянскі Суховіцкі манастыр у Мазырскім павеце.

Разам з тым, у пачатку XVIII стагоддзя ў Мазырскай пратапопіі працягвалі дзейнічаць 50 праваслаўных цэркваў. Але ў 1747 годзе мазырскі пратапоп Фёдар Савіцкі з горыччу паведамляў, што з 50 цэркваў пад яго апекай засталося толькі сем.

Нягледзячы на цвёрдае стаянне ў веры, да канца XVIII стагоддзя ўсе праваслаўныя храмы ў старажытным Тураве былі перададзеныя уніятам.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай г. Тураў увайшоў у склад Расіі. Са стварэннем праваслаўнай Мінскай епархіі ў 1793 г. тэрыторыя былой Турава-Пінскай епархіі перайшла ў падпарадкаванне мінскіх архіерэяў, якія зацвярджаліся Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы.

У 1922 г. пасля Памеснага Сабора Беларускай Праваслаўнай Царквы, была створана Мазырская епархія на чале з вікарным епіскапам Іаанам (Пашыным), якая падпарадкоўвалася Мінска-Беларускай праваслаўнай мітраполіі.

У 1990 годзе была ўтворана Гомельска-Мазырская епархія. У яе падпарадкаванні знаходзіліся ўсе храмы на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Кіраваў ёю епіскап Арыстарх (Станкевіч).

У 1992 годзе паводле распараджэння Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы была адроджаная старажытная Тураўская епархія, і 24 ліпеня таго ж года архімандрыт Пётр (Карпусюк) быў хіратанісаны ў епіскапа Тураўскага і Мазырскага. Епархія была вылучана з Гомельскай і складалася з 23 храмаў і адной жаночай манаскай абшчыны пры храме ў гонар Покрыва Божай Маці ў горадзе Хойніках. Было створана шэсць парафіяльных акруг: Мазырская, Петрыкаўская, Жыткавіцкая, Лельчыцкая, Нараўлянская і Хойніцкая. Тэрыторыя епархіі распасціраецца на 10 раёнаў Гомельскай вобласці: Мазырскага, Калінкавіцкага, Петрыкаўскага, Жыткавіцкага, Ельскага, Нараўлянскага, Хойніцкага, Лельчыцкага, Брагінскага і Акцябрскі. Межы новай епархіі супадаюць з межамі даваеннай былой Палескай вобласці, цэнтрам якой быў г. Мазыр.

Вызначэннем Свяшчэннага Сінода ад 24 снежня 2004 года (журнал № 91), епіскапам Тураўскім і Мазырскім нарачоны архімандрыт Сцяфан (Нешчарэт), клірык Гомельскай епархіі.

Пастановай Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы ад 7 чэрвеня 2012 г. (журнал № 53) епіскап Тураўскі і Мазырскі Сцяфан прызначаны на Гомельскую кафедру ў сувязі са смерцю архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Арыстарха, а Праасвяшчэнным Тураўскім і Мазырскім вызначана быць епіскапу Рэчыцкаму Леаніду, вікарыю Гомельскай епархіі.