Прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства інфармацыі абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва

04 чэрвеня 2019

top.jpg

4 чэрвеня 2019 года ў Доме прэсы (Мінск) адбылося пасяджэнне Каардынацыйнага савета па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і Беларускай Праваслаўнай Царквой на тэму «Аб ходзе выканання праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой».

У пасяджэнні прынялі ўдзел кіраўнікі шэрагу вядучых айчынных СМІ, прэс-сакратары і кіраўнікі інфармацыйных служб епархій Беларускай Праваслаўнай Царквы, прадстаўнікі шэрагу міністэрстваў і ведамстваў, абласных выканаўчых камітэтаў і Мінскага гарвыканкама, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама старшыні сінадальных аддзелаў Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Пасяджэнне адкрыў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Паўлавіч Гуляка. Далей слова было дадзена Міністру інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандру Мікалаевічу Карлюкевічу, які нагадаў пра тое, што журналіст закліканы несці адказнасць за сваё слова, і падкрэсліў, што асвятленне царкоўнай тэматыкі ў СМІ патрабуе ўзважанага падыходу і спецыяльных ведаў.

Ад імя мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, прысутных павітаў епіскап Бараўлянскі Ігнацій.

— Інфармацыя — гэта жыццёва важны рэсурс, барацьба за які вызначае развіццё многіх культурных, сацыяльных і нават палітычных сцэнарыяў у сучасным грамадстве, якое не выпадкова называюць інфармацыйным. Інфармацыя — істотны кампанент кожнай паспяховай справы. Вылучаючы якую-небудзь ініцыятыву, якая ўяўляецца нам карыснай, мы абавязаныя паклапаціцца аб яе інфармацыйным суправаджэнні — інакш яна можа апынуцца неэфектыўнай і нават марнай — адзначыў уладыка.

— Слова «Евангелле» ў перакладзе значыць «добрая вестка», а зусім ужо літаральна, кажучы мовай СМІ, — «добрая навіна». Служэнне Царквы ў гэтым ракурсе — гэта служба навін ад Хрыста пра тое, што нам усім падаравана Спасенне ад улады зла, граху і смерці. З іншага боку, і Свяшчэннае Пісанне, і святыя айцы заклікаюць нас захоўваць сваё сэрца ад небяспечнай інфармацыі: памылак, спакус, хлусні ва ўсіх яе праявах, — падкрэсліў архіпастыр.

Са слоў епіскапа Ігнація, Царква высока ацэньвае важнасць місіі журналіста і, з аднаго боку, выбудоўвае свае адносіны са СМІ як са знешнімі партнёрамі, а з другога боку — дапускае і такую сітуацыю, у якой самі журналісты з'яўляюцца праваслаўнымі хрысціянамі і ўсведамляюць адказнасць перад Госпадам за кожнае сваё слова, якое не павінна апынуцца марным (гл.: Мф. 12:36).

— Агульная тэндэнцыя такая, што ў апошнія гады актывізуецца інфармацыйнае ўзаемадзеянне паміж Царквой і недзяржаўнымі СМІ. Мы сёння трымаем курс на максімальную адкрытасць і па магчымасці не адмаўляем ва ўвазе нават тым СМІ, якія вядомыя сваёй нелаяльнасцю да Царквы. Робім мы гэта, разумеючы, што часам справядліва заслугоўваем крытыкі, а таксама бачачы, што за назвай СМІ і ўказаннем пасады журналіста аказваецца перш за ўсё жывы чалавек з сэрцам і душой, які таксама мае патрэбу ў далучэнні да евангельскай праўды — адзначыў уладыка Ігнацій, працягнуўшы: — зразумела, афіцыйныя дзяржаўныя СМІ з'яўляюцца для нас прыярытэтнымі. Наша супрацоўніцтва стала магчымым не толькі дзякуючы добрай волі асобных энтузіястаў, але і дзякуючы дзеючай праграме супрацоўніцтва Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Дасягненням і перспектывам у сферы супрацоўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства інфармацыі прысвяціў свой даклад старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай царквы протаіерэй Сергій Лепін. У прыватнасці, святар паведаміў аб праведзеных перамовах з кіраўніцтвам факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сумеснымі намаганнямі Царквы і вышэйшай школы могуць быць арганізаваны адукацыйныя мерапрыемствы, задачай якіх будзе, з аднаго боку, павышэнне інфармацыйнай пісьменнасці царкоўных супрацоўнікаў, а з другога боку — дапаўненне прафесійнай падрыхтоўкі будучых журналістаў базавымі тэалагічнымі кампетэнцыямі, неабходнымі для карэктнага асвятлення царкоўнай тэматыкі.

— Вядома, ад сваіх супрацоўнікаў я патрабую ў першую чаргу прафесіяналізму, а не якіх-небудзь перакананняў. Але за час працы ў нас многія прыйшлі да веры — адзначыла кіраўнік духоўных праграм Белтэлерадыёкампаніі Інга Яўгенаўна Бялова. Праекты Белтэлерадыёкампаніі — праграмы «Існасць», «Святыні Беларусі», штогадовыя трансляцыі Калядных і Велікодных богаслужэнняў — карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў веруючых тэлегледачоў.

Кіраўнік інфармацыйнага аддзела Гомельскай епархіі протаіерэй Алег Кастрама прадставіў агляд дзейнасці аддзела. Са слоў айца Алега, колькасць праглядаў епархіяльнага сайта перавышае 800 тысяч за год. Свае сайты ёсць ва ўсіх благачыннях, манастырах і храмах епархіі. Важнай падзеяй для ўсёй Гомельскай вобласці стала прамая відэатрансляцыя Літургіі ў Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы Гомеля, якую ўзначаліў 11 жніўня 2015 года Патрыяршы Экзарх. Гэта быў першы прамы эфір з Гомеля за 30 гадоў. Дзейнічае тэлестудыя «Фавор», створаная дзякуючы рэалізацыі праекта, які перамог на конкурсе «Праваслаўная ініцыятыва».

Думкамі пра відэаблогінг як пляцоўку для місіі падзяліўся намеснік старшыні Сінадальнага місіянерскага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы іерэй Аляксандр Кухта. Айцец Аляксандр — стваральнік і пастаянны аўтар блога «Batushka ответит» на  відэахосцінгавым сайце Youtube, колькасць падпісчыкаў якога налічвае звыш 26 тысяч чалавек. Мэтавая аўдыторыя блога — людзі ва ўзросце да 35 гадоў. Праект закліканы дапамагчы людзям, якія сумняваюцца і шукаюць, вызначыцца ў найважнейшых пытаннях светапогляду. Падача матэрыялу мае на ўвазе, што па той бок экрана —  атэіст, агностык альбо проста неўцаркоўлены чалавек, для якога свяшчэнны сан не валодае безумоўным аўтарытэтам. З улікам гэтага айцец Аляксандр пазбягае павучальнага тону і размаўляе са сваёй аўдыторыяй на роўных, даступнай «моладзевай» мовай.

Аб розных аспектах асвятлення тэмы Царквы ў дзяржаўных медыя гаварылі галоўны рэдактар афіцыйнага выдання Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі «Саюзнае веча» Ларыса Паўлаўна Ракоўская, карэспандэнт газеты «СБ. Беларусь сегодня» Галіна Анатольеўна Уліцёнак, намеснік дырэктара першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Алена Анатольеўна Давідовіч, галоўны рэдактар часопіса «Беларусь» Віктар Міхайлавіч Харкаў.

У завяршэнне Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і дакладчыкі пагутарылі з аўдыторыяй, адказаўшы на пытанні. Было прынята рашэнне стварыць рабочую групу па падрыхтоўцы новай праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Church.by 

Фотарэпартаж