Зацверджаны вынікі IV Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання»

03 кастрычніка 2018

top.jpg28 верасня распараджэннем мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, былі зацверджаны вынікі IV Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка-цэнтр духоўнай асветы і выхавання».

Конкурс праводзіцца штогод з мэтай актывізацыі асветніцкай дзейнасці бібліятэк рэспублікі, садзейнічае фарміраванню духоўна-маральных якасцей асобы, ўдасканаленню іх работы па выхаванню патрыятызму і грамадзянскасці дзяцей і моладзі на аснове праваслаўных традыцый.

Заснавальнік конкурсу — Беларуская Праваслаўная Царква, суарганізатары — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Арганізацыю і правядзенне конкурсу ажыццяўлялі Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

На конкурсе былі прадстаўлены 43 працы ў чатырох намінацыях: «Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі», «Гісторыя Праваслаўя роднага краю», «Сям'я — спадчынніца маральных і духоўных каштоўнасцяў» і «Патрыятычнае выхаванне на праваслаўных традыцыях».

У 2018 годзе актыўны ўдзел у конкурсе прынялі публічныя бібліятэкі, бібліятэкі ўстаноў адукацыі і праваслаўныя бібліятэкі.

На рэспубліканскім этапе конкурсу былі вызначаны пераможцы ў кожнай намінацыі сярод гарадскіх і сельскіх бібліятэк. У выніку пасяджэння рэспубліканскага журы 27 бібліятэк-удзельніц занялі прызавыя месцы.

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання» адбудзецца падчас працы IV Беларускіх Калядных чытанняў, якія пройдуць 28-29 лістапада 2018 года.

Акрамя таго, заахвочвальнымі Граматамі будуць узнагароджаны 9 бібліятэк. Астатнія ўдзельнікі атрымаюць падзячныя лісты за ўдзел у конкурсе.

Журы конкурсу дзякуе ўсім удзельнікам, якія прадставілі свае працы на конкурс, адзначае іх неабыякавасць, адказнасць, актыўную грамадзянскую пазіцыю і спадзяецца, што з года ў год правядзенне конкурсу будзе спрыяць удасканаленню дзейнасці бібліятэк на карысць духоўнай асветы і духоўна-маральнага выхавання.

Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Church.by