Свяшчэннік Аляксій Хацееў: Заклік Скарыны чытаць Свяшчэннае Пісанне актуальны для ўсіх нас

10 жніўня 2017

top.jpg

Беларусь працягвае адзначаць 500-годдзе выдання Францыскам (у Святым Хрышчэнні Георгіем) Скарынам Бібліі. Пра тое, якую спадчыну пакінуў нам першадрукар, разважае намеснік Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы іерэй Аляксій Хацееў.

«Даты мінулага маюць значэнне не самі па сабе, а па сіле іх сувязі з днём сённяшнім, — кажа святар. — Можна дапусціць, што нашы сучаснікі кожны па-свойму бачаць у Францыску-Георгіі Скарыне выдатнага дзеяча. Хтосці ўгледзіць годны прыклад у яго імкненні на захад, да заходнееўрапейскай адукацыі і жыцця. Сапраўды, Скарына пакінуў свой родны Полацк, будучы юнаком, а затым так і не вярнуўся туды. Нехта захоча адзначыць для сябе практычную карысць ад ведання медыцыны і батанікі, чым таксама вядомы Скарына. Але, хутчэй за ўсё, наш сучаснік яшчэ са школьнай лавы ўспомніць аб выдавецкай дзейнасці «русіна з Полацка», як ён называецца ў актах Падуанскага ўніверсітэта».

«Можа паказацца дзіўным, што медык, ды яшчэ ўдалечыні ад свайго роднага дома, вырашыў друкаваць кнігі славянскім шрыфтам — справай тады яшчэ новай. Вядома, неабходныя сродкі яму выдзелілі, кажучы сучаснай мовай, «спонсары». Вядомы імёны толькі двух з іх: членаў віленскага магістрата Бадана Онкава і Якуба Бабіча. Але людзей, якія спачувалі гэтай справе, было, вядома, больш. Скарына падаўся ім чалавекам, па сваіх здольнасцях і адукацыі прыдатным для арганізацыі складанага працэсу кнігадрукавання», — распавёў айцец Аляксій.

Па словах прадстаўніка Сінадальнага аддзела, «сёння мы можам сказаць, што біблейскія кнігі, выдадзеныя Скарынам, унікальныя. Яны надрукаваны ў зручным для чытача фармаце, забяспечаны прадмовамі, ўпрыгожаны загалоўнымі літарамі і ілюстрацыямі-гравюрамі. Ва ўсім гэтым адчуваецца творчы падыход выдаўца».

«Але не толькі аб матэрыяльным або мастацкім баку «Бібліі рускай», як абвяшчае тытул скарынінскай Бібліі, хочацца ўспомніць у гэты юбілейны год. Мы былі б няўдзячнымі нашчадкамі, калі б узялі з паліцы выданні Скарыны як прыгожую цацку, палюбаваліся б ёю і паставілі назад, так і не пачытаўшы кнігу. Так, чытача чакаюць вядомыя цяжкасці: у скарынінскай Бібліі мы бачым царкоўнаславянскі біблейскі тэкст і прадмовы, напісаныя на старабеларускай мове, не цалкам зразумелай для непадрыхтаванага чытача. Гэта натуральна. Бо перад намі помнік свайго часу. Аднак тое, што стараўся данесці тады Скарына праваслаўным чытачам, зараз прапануецца ў сучасных выданнях Бібліі на рускай, беларускай, украінскай мовах. Сэнс біблейскага тэксту стагоддзямі застаецца той самы. Аб гэтым так пісаў у Прадмове да ўсёй Бібліі знакаміты палачанін: «У гэтай кнізе ўсёй мудрасці пачатак і канец, тут Бог Усеўладны спазнаецца. У гэтай кнізе прапісаны ўсе законы і правы, якімі людзі павінны кіравацца на зямлі. Тут навука маральнай філасофіі: як мы павінны любіць Бога для самога сябе і блізкага для Бога». Думаецца, што такое настаўленне з заклікам чытаць Свяшчэннае Пісанне прагучыць актуальна для любога з нашых сучаснікаў, які шукае духоўнага пажытку для сваёй душы», — падкрэсліў іерэй Аляксій.

Church.by