Пасланне Свяцейшага Патрыярха Кірыла ў Нядзелю святых жанчын-міраносіц

03 мая 2020

top.jpgПасланне Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў Нядзелю 3-ю пасля Пасхі, святых жанчын-міраносіц, духавенству і вернікам Рускай Праваслаўнай Царквы.

Дарагія браты і сёстры!

Хрыстос Уваскрэс!

Міласцю Божай мы з вамі дасягнулі ўжо 3-й Нядзелі пасхальнай урачыстасці, якую Царква прамудрым чынам прысвяціла ўспаміну подзвігу жанчын-міраносіц.

Жанчыны-міраносіцы і апосталы — гэта свайго роду два шляхі веры. Рашучы і гарачы Пётр, гатовы ісці за Спасіцелем нават на смерць, да прасвятлення Духам Святым апынуўся, аднак, не такім ужо мужным і моцным у веры, калі паўстала рэальная небяспека для жыцця. Ды і іншыя вучні, баючыся сваіх супляменнікаў, у страху пакінулі Госпада ў самы крытычны момант.

А ціхія і лагодныя жанчыны, якія суправаджалі Хрыста ў яго зямных вандраваннях, маўкліва стаялі каля Крыжа і сэрцам укрыжоўваліся з Госпадам Іісусам. Яны нікому нічога не імкнуліся даказаць, не патрабавалі для сябе павагі сесьці па правую або левую руку ад Спасіцеля, у Яго Царстве. Яны проста лагодна, з цярпеннем і глыбокай пакорай служылі Хрысту. І таму, быць можа, Ён і спадобіў іх вялікага гонару: стаць апосталамі для саміх апосталаў, прынесці добрую вестку бліжэйшым вучням Спасіцеля.

Сёння прыклад іх подзвігу для нас асабліва павучальны. У апошнія тыдні мы перажываем вельмі няпростае выпрабаванне. Небяспечная хвароба напаткала наш народ. Ужо нямала жыццяў яна забрала, сярод іх ёсць і свяшчэннаслужыцелі нашай Царквы. Дзясяткі тысяч людзей зараз пакутуюць у бальніцах, а ўрачы і медыцынскія сёстры самааддана змагаюцца за іх выратаванне. Яшчэ больш людзей вымушаны знаходзіцца дома ў самаізаляцыі, цярпець абмежаванні ў зносінах з роднымі і блізкімі, а нярэдка — нават вострую матэрыяльную патрэбу.

Дарагія мае, я вельмі добра разумею, як вам цяпер цяжка. Глыбока спачуваю ўсім вам. Паверце, вы не адны, Патрыярх з вамі. Усе мае думкі і малітвы аб вас. Кожны дзень я малю Бога аб міласці, аб тым, каб гэта складанае выпрабаванне як мага хутчэй мінула наш народ, каб мы зноў злучыліся з вамі ў Таінстве Святой Еўхарыстыі, адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам славячы Госпада.

З самага пачатку гэтай сітуацыі мне было зразумела, што мы сутыкнуліся з небяспечнай і каварнай хваробай. У зоне ж асаблівай рызыкі павінны былі апынуцца духавенства і нашы пажылыя прыхаджане. І за апошнія дні мы ўжо страцілі некалькіх паважаных святароў і многіх верных дзяцей Царквы. Як Прадстаяцель я заўсёды ўсведамляў сваю адказнасць за клір і народ.

З вялікім смуткам мне далося рашэнне звярнуцца да вас з заклікам часова не наведваць храмы. Без перабольшання гэта былі самыя цяжкія словы ў маім жыцці. Ніколі нічога падобнага мне не даводзілася казаць. Але такі цяжар адказнасці, якую нясе Прадстаяцель Царквы, прымаючы на сябе не толькі павагу патрыяршага сану, але і ўвесь душэўны боль епіскапату, духавенства і паствы. І гэты боль у маім сэрцы, кожны раз, калі я думаю аб тым, што мільёны праваслаўных людзей прагнуць далучыцца да Святых Хрыстовых Тайн і не могуць пераступіць парог роднага храма; калі я думаю аб святарах, якія ажыццяўляюць набажэнствы за зачыненымі дзвярыма і пазбаўленыя сёння матэрыяльнай падтрымкі.

Але як вера без любові не прыносіць чалавеку ніякай карысці, так і хрысціянскае спачуванне павінна мець бачны плён. А таму я звярнуўся да людзей заможных і добразычлівых да Царквы з пакорлівай просьбай аказаць матэрыяльную падтрымку нашым святарам. І дзякаваць Госпаду — мае просьбы былі пачутыя. Вядома, можа быць, гэта не зменіць радыкальна сітуацыю, але кожны з нас павінен сёння рабіць тое, што ў яго сілах, каб аказаць дапамогу бліжняму. Я шчыра ўдзячны тым людзям, якія нягледзячы на складанасці эканамічнага характару, праз якія праходзіць краіна і ўвесь свет, явілі сапраўды хрысціянскую гатоўнасць дзяліцца сваёй маёмвсцю дзеля блізкіх. Усяшчодры Гасподзь няхай аддасць вам за вашыя добрыя дзеі.

Нягледзячы на тое, што я, як і многія з вас, вымушаны знаходзіцца ў закрытай прасторы, атрымліваю пастаянныя сведчанні аб драматычных выпадках, якія адбываюцца ў розных гарадах і вёсках у сувязі з распаўсюджваннем пагібельнай пошасці. І стараюся, наколькі гэта магчыма, карэктаваць намаганні нашых валанцёраў у іх па-сапраўднаму падзвіжніцкім служэнні. Усім добраахвотнікам на чале з епіскапам Панцеляіманам, з якім маю штодзённы кантакт і атрымліваю ад яго неабходную інфармацыю — мая асаблівая падзяка, бо да вас непасрэдна могуць быць аднесены словы Хрыста Спасіцеля «Быў галодны Я, і вы далí Мне есці; быў сасмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялí Мяне; быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне» (Мф. 25:35-36).

Асаблівую ўдзячнасць хацеў бы выказаць і ўрачам. Медыцынскія работнікі знаходзяцца сёння на пярэднім краі барацьбы з хваробай, паказваюць сапраўдны гераізм і вернасць свайму пакліканню. Усё гэта выклікае самае шчырае захапленне.

Нягледзячы на складанасць сітуацыі, мы ва ўсіх абставінах закліканы захоўваць душэўны мір, спакой і разважлівасць. Не абурацца і распаляцца нянавісцю, не займацца бясконцым пошукам ворагаў і ўжо тым больш, барані Бог, праклінаць каго б там ні было, што само па сабе неймаверна для хрысціяніна. Мы памятаем, што сказаў нам Спасіцель: «Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі любоў будзеце мець памíж сабою» (Ін. 13:35).

Бог не пакіне Царкву сваю і верных рабоў Сваіх. Толькі прашу вас: не адчайвайцеся, не падайце духам, малюся за ўсіх вас і ўзаемна чакаю вашых моцных малітваў за мяне, як свайго Патрыярха.

Міласцю Уваскрэсшага Хрыста і Яго ўсемагутнасцю мы пераможам і гэтую напасць, бо няма нічога немагчымага для Бога (Мф. 19:26), толькі б мы былі стойкімі ў цяперашніх выпрабаваннях і вернымі ў сваім спадзяванні на Госпада, падобна таму як з цярпеннем і лагоднасцю верылі яму і жанчыны-міраносіцы, як заставаліся з ім таемныя вучні Іосіф і Нікадзім. Звяртаюся да вас словамі Свяшчэннага Пісання «Трывайце, стойце ў веры, будзьце мужнымі, мацуйцеся» (1 Кар. 16:13) — І Гасподзь захавае нас Сваёю благадаццю. Амінь.

+КІРЫЛ, ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ

Прэс-служба Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі / Church.by