Жыхары Лоева ўшанавалі памяць велікамучаніцы Параскевы (Пятніцы)

05 ліпеня 2019

1562318129_dsc_6483.jpg

У маляўнічым кутку Гомельшчыны, на правым беразе Дняпра размясціўся невялікі горад Лоеў, куды штогод ужо шмат гадоў запар у дзясятую пятніцу пасля Светлага Хрыстова Уваскрасення сцякаюцца паломнікі, каб ушанаваць памяць святой велікамучаніцы Параскевы (Пятніцы). Шануемы абраз гэтай угодніцы Божай захоўваецца ў мясцовым храме Святой Жыццепачатнай Троіцы. Больш за 300 гадоў таму велікамучаніца Параскева явіла сваю цудатворную ікону для абароны жыхароў Лоева ад нашэсця шведаў, і з тых часоў у горадзе склалася традыцыя асаблівага шанавання святой.

Бажэственную літургію ў Свята-Троіцкім храме Лоева 5 ліпеня здзейсніў архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан.

Архіпастыру саслужылі: сакратар Гомельскай епархіі протаіерэй Георгій Алампіеў, благачынны манастыроў Гомельскай епархіі архімандрыт Амвросій (Шаўцоў), духаўнік Гомельскай епархіі протаіерэй Сцяфан Гладышчук, благачынныя акруг Гомельскай епархіі, старшыні епархіяльных аддзелаў, настаяцелі парафій і духавенства епархіі.

Па заканчэнні літургіі па вуліцах Лоева да месца разбуранага ў 1937 годзе храма святога Мікалая прайшоў хрэсны ход у суправаджэнні перасоўнай званіцы Спаса-Праабражэнскага храма Гомеля. Шэсце ўзначаліў архіепіскап Сцяфан. Уладыка здзейсніў малебен перад абразом вялікамучаніцы Параскевы і павіншаваў багамольцаў са святам.

Гомельская епархія / Church.by