Заява Сінода Украінскай Праваслаўнай Царквы пра сітуацыю ва ўкраінскім і сусветным Праваслаўі

04 красавіка 2019

top.jpg

Сінод Украінскай Праваслаўнай Царквы на пасяджэнні 3 красавіка 2019 года абмеркаваў сітуацыю ў царкоўным жыцці Украіны і ў сусветным Праваслаўі пасля антыкананічнага прадастаўлення Канстанцінопальскім Патрыярхатам Томаса аб аўтакефаліі новастворанай «Праваслаўнай Царкве Украіны» і заяўляе наступнае:

1. Канстатуем, што ідэя пераадолення царкоўнага расколу ва Украіне праз прадастаўленне Томаса аб аўтакефаліі некананічным царкоўным групоўкам («УПЦ КП» і «УАПЦ») апынулася памылковай. Ні адна з Памесных Праваслаўных Цэркваў не прызнала гэтага незаконнага дзеяння Канстанцінопальскага Патрыярхату, а значная частка Памесных Цэркваў, у прыватнасці, Антыяхійская, Руская, Кіпрская, Сербская, Польская, Албанская і Праваслаўная Царква ў Чэшскай зямлі і Славакіі ў розных формах ўжо выказалі сваю нязгоду з рашэннямі Канстанцінопальскага Патрыярхату. Памесныя Цэрквы таксама заявілі, што не прызнаюць новаствораную «Праваслаўную царкву Украіны», не прызнаюць сапраўднасць хіратоній у гэтай структуры і забараняюць свайму духавенству мець любыя малітоўныя зносіны і літургічнае саслужэнне з яе прадстаўнікамі. Такім чынам, не адбылося рэцэпцыі, гэта значыць ўспрымання сусветным Праваслаўем гэтых дзеянняў Канстанцінопальскага Патрыярхату, які фактычна паспрабаваў легалізаваць раскол. Адпаведна, легалізацыя расколу — гэта не той шлях, якім можна дасягнуць царкоўнага адзінства. Нагадваем, што згодна з гісторыка-кананічнай традыцыяй Царквы, аўтакефалія прадастаўляецца толькі адзінай Царкве ў межах канкрэтнай дзяржавы, а не якой-небудзь частцы, што адкалолася ад Цела Царквы.

2. Варта прызнаць, што гістарычная і кананічная аргументацыя, прыведзеная Канстанцінопальскім Патрыярхатам адносна ўласнага права і магчымасці ўмяшання ў справы іншых Памесных Цэркваў, з'яўляецца беспадстаўнай, штучнай, надуманай і супярэчыць царкоўным канонам. Адпаведна, Канстанцінопальскі Патрыярхат не меў ніякага права ўмешвацца ў царкоўнае жыццё Украіны. Дзеянні і аргументацыя Канстанцінопальскага Патрыярхату, які незаконна зняў анафему з галоўнага віноўніка ўкраінскага царкоўнага расколу Філарэта Дзенісенкі, а таксама прызнаў іерархію «УАПЦ», у якой апостальская пераемнасць наогул адсутнічае, сведчаць аб тым, што на Фанары не разумеюць да канца сутнасці таго, што адбылося і адбываецца ў праваслаўным асяроддзі Украіны. На самай справе, Філарэт Дзенісенка быў анафематстваваны не за тое, што імкнуўся да аўтакефаліі, як заяўляюць у Канстанцінопальскім Патрыярхаце, а за амаральнае асабістае жыццё, нераскаяны цяжкі грэх здзяйснення расколу ў Царкве, за стварэнне паралельнай раскольніцкай іерархіі і квазіцаркоўнай структуры, якая на працягу ўсяго свайго існавання супрацьстаяла і працягвае ўжо пад іншым імем змагацца з кананічнай Украінскай Праваслаўнай Царквой, а цяпер нават пагражае разбурыць адзінства паміж Памеснымі Праваслаўнымі Цэрквамі.

3. Варта канстатаваць, што дзеянні Канстанцінопальскага Патрыярхату ва Украіне нанеслі вялікую шкоду ўкраінскаму Праваслаўю, а таксама сталі пагрозай для усеправаслаўнага адзінства. Лічым, што Канстанцінопальскі Патрыярхат і асабіста Патрыярх Варфаламей павінен прызнаць сваю памылку і працаваць над яе выпраўленнем. Спосабам выпраўлення гэтай памылкі мог бы стаць адкліканне Томаса, заклік да раскольнікаў да пакаяння ў граху расколу і скліканне Усеправаслаўнага сходу для саборнага рашэння ўкраінскага царкоўнага пытання.

4. Царкоўная рэчаіснасць ва Украіне сведчыць, што для праваслаўных хрысціян Томас не прынёс ні адзінства, ні міру, ні спакою, як гэта абяцалі год таму ініцыятары гэтай ідэі з царкоўных і дзяржаўных колаў. Замест гэтага пладамі Томаса сталі гвалт, канфлікты, супрацьстаянне, слёзы і пакуты вернікаў Украінскай Праваслаўнай Царквы. Усе гэтыя факты сведчаць, што простая легалізацыя расколу не мяняе раскольнікаў, якія застаюцца варожымі і агрэсіўнымі да Царквы. Толькі пакаянне і шчырае прызнанне раскольнікамі сваіх памылак перад Царквой і вяртанне ў яе ўлонне можа прынесці мір і адзінства ў царкоўнае жыццё Украіны.

5. Гвалт, дыскрымінацыя і парушэнні правоў вернікаў Украінскай Праваслаўнай Царквы ўжо трапілі ў поле зроку міжнародных праваабарончых арганізацыяў. У прыватнасці, гэта знайшло адлюстраванне ў апошнім дакладзе Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Гэтыя правапарушэнні, якія часцяком падтрымліваюцца прадстаўнікамі ўладаў на месцах, кампрамэтуюць нашу дзяржау ў свеце. Гвалт, захопы нашых храмаў і іншыя супрацьпраўныя дзеянні не прывядуць да царкоўнага адзінства ва Украіне. Гэта памылковы шлях, і трэба мець мужнасць прызнаць гэтую памылку. З павагай просім прадстаўнікоў дзеючай улады спыніць штучнае ініцыіраванне змены падпарадкаванасці нашых парафій, паколькі сярод нашага духавенства і вернікаў няма на гэта ўнутранага запыту. Лічым, што кампанія па дыскрэдытацыі Украінскай Праваслаўнай Царквы, забарона на прысутнасць духавенства нашай Царквы ў войску, спробы гвалтоўна змяніць назву нашай Царквы і іншыя падобныя антыцаркоўныя дзеянні з'яўляюцца стратэгічнай памылкай улады ў сферы ўнутранай палітыкі і стабільнасці ў дзяржаве.

6. Асаблівую занепакоенасць выклікае факт крымінальнага пераследу клірыка Ровенскай епархіі Украінскай Праваслаўнай Царквы протаіерэя Віктара Землянога. Упершыню за гады незалежнасці Украіны святара, які абараняе правы вернікаў і свабоду веравызнання, беспадстаўна прыцягваюць да крымінальнай адказнасці і абвінавачваюць у распальванні рэлігійнай варожасці.

7. Просім дзяржаўную ўладу не ўмешвацца ў царкоўныя справы, сваімі дзеяннямі не спрыяць распальванню рэлігійнай варожасці, адмяніць патрабаванні Закона Украіны № 2673-VIII ад 2019/01/17 года аб перайменаванні Украінскай Праваслаўнай Царквы як антыканстытуцыйныя і супярэчлівыя нормам украінскага і міжнароднага заканадаўства і базавым прынцыпам правоў і свабод чалавека, а таксама не спрыяць рэйдарскага захопу прыходаў нашай Царквы шляхам незаконнай іх перарэгістрацыі. Гасподзь надзяляе кіраўнікоў уладай не дзеля спараджэння разладу ў грамадстве, а для захавання міру, спакою і згоды паміж усімі грамадзянамі краіны.

8. Звяртаемся да прадстаўнікоў новастворанай структуры — «Праваслаўнай Царквы Украіны» з заклікам успомніць словы Хрыста аб тым, што менавіта любоў да бліжняга з'яўляецца прыкметай сапраўдных хрысціян (гл. Ін. 13:35). Чым больш гвалту з вашага боку будзе сёння да нашых вернікаў, тым больш аддаленай будзе перспектыва аднаўлення царкоўнага адзінства ва Украіне. Тое, што вы захопліваеце нашы храмы з прыцягненнем палітычных, дзяржаўных і нават часам парамілітарных структур, выганяеце нашы абшчыны на вуліцу, з прычыны чаго яны вымушаныя маліцца пад адкрытым небам або ў непрыстасаваных памяшканнях, мы ўспрымаем з хрысціянскім цярпеннем. «Нас абражаюць — мы благаслаўляем; нас гоняць — мы трываем; нас зневажаюць — мы суцяшаем» (1 Кар. 4:12-13). У гэтым цярплівасці мы пакорліва молімся і чакаем таго часу, калі хрысціянская любоў пераможа нянавісць, злосць і варожасць, і мы зможам сустрэць вас на парозе Царквы і абняць як братоў і сясцёр, якія вярнуліся дадому.

9. Выказваем падзяку тым Памесным Праваслаўным Цэрквам, якія ўжо выступілі ў падтрымку кананічнага царкоўнага парадку і не пагадзіліся з легалізацыяй расколу. Дзякуем таксама тым святарвм і вернікам, якія страціўшы свае храмы, што былі захоплены, захавалі вернасць Царкве. Заклікаем духавенства і вернікаў Украінскай Праваслаўнай Царквы дапамагаць і аказваць падтрымку тым святарам і суполкам, у якіх адабралі храмы, памятаючы словы святога апостала Паўла: «Насіце цяжары адзін аднаго, і гэтак выканаеце закон Хрыстоў» (Гал. 6:2).

10. У гэтыя спасіцельныя дні святога Вялікага посту, калі мы ўжо прайшлі палову шляху да вялікага свята Светлага Хрыстовага Уваскрасення, просім усіх маліцца, каб Гасподзь захаваў адзінства Святога Праваслаўя, умацаваў нас у непахісным стаянні за ісціну Божую, дараваў мір, спакой і паразуменне нашай Украінскай дзяржаве і благаславіў усіх нас!

Украінская Праваслаўная Царква / Church.by