Выйшаў шосты нумар царкоўна-Гістарычнага альманаха «ΧΡΟΝΟΣ»

05 лютага 2019

0333.jpg

У выдавецтве Мінскай духоўнай акадэміі выйшаў шосты нумар царкоўна-гістарычнага альманаха «ΧΡΟΝΟΣ» за 2018 год. Выданне арыентавана на публікацыю навуковых даследаванняў і дакументальных крыніц па гісторыі хрысціянства і Праваслаўнай Царквы. Альманах уключае раздзелы «Даследаванні», «Публікацыі» і «Рэцэнзіі».

Адкрывае раздзел «Даследаванні» артыкул прадстаўніка Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі пры Патрыярху Александрыйскім і ўсёй Афрыкі іерэя Віктара Кулагі «Саборнасць Царквы і кананічная традыцыя».

Артыкул аспіранта Мінскай духоўнай акадэміі В. С. Еўтухоўскага прысвечаны разгляду асаблівасцяў абрання патрыярхаў у Нікейскай імперыі (1204-1261 гг.).

Выкладчык Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі протадыякан Павел Бубноў апублікаваў артыкул «Гісторыя вывучэння мінулага Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра».

Далей ідзе артыкул прафесара іерэя Гардзея Шчаглова «Палкавая Аляксееўская царква ў Мінску і яе настаяцель».

Артыкул дацэнта кафедры гісторыі Беларусі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны С. Ф. Верамеева прысвечаны разгляду адлюстравання дзейнасці мітрапаліта Мелхіседэка (Паеўскага; 1879-1931) у савецкай, эмігранцкай і сучаснай гістарыяграфіі.

Завяршае першы раздзел артыкул аспіранта кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы П. Ю. Булатага «Жыццё Праваслаўнай Царквы ў Заходняй Беларусі на фотаздымках з часопіса «Воскресное чтение»».

Наступны раздзел альманаха, які ўключае публікацыі дакументальных крыніц, адкрывае другая частка «Успамінаў Гомельскага протаіерэя Пятра Рыла (1884-1937)». Уступны артыкул да раздзела падрыхтавала старшы выкладчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога І. А. Грышчанка. Падрыхтоўку тэксту да друку і складанне заўваг ажыццявіў клірык Гомельскай епархіі протаіерэй Аляксандр Лапушанскі.

Затым ідзе другая частка публікацыі «Беларусізацыя Праваслаўнай Царквы ў міжваенны перыяд: дакументы і матэрыялы», падрыхтаваная дацэнтам кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы А. С. Горным.

Публікацыю «Новае сведчанне аб становішчы іерархаў Беларускай мітраполіі ў складзе Рускай Праваслаўнай Царквы у Замежжы ў 1948 г.» і ўводны артыкул да публікацыі падрыхтаваў прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай акадэміі дацэнт А. В. Слесараў.

Завяршае раздзел публікацый другая частка ўспамінаў А. К. Шалькевіча пра мітрапаліта Антонія (Мельнікава). Уступны артыкул, падрыхтоўку тэксту да публікацыі і заўвагі падрыхтавалі протаіерэй Фёдар Крыванос і А. В. Слесараў.

Апошні раздзел альманаха ўключае рэцэнзію дацэнта Гомельскага ўніверсітэта С. Ф. Верамеева на кнігу Іванова, В. Прамоўленая гісторыя ХХ ст. у памяці жыхароў беларускай вёскі / Вольга Іванова. — Мінск : Зміцер Колас, 2018. — 448 с.

* * *

Выпуск чарговага нумара альманаха рэкамендаваны кафедрай царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай акадэміі (пратакол № 5 ад 23.12.2018) і Выдавецкім саветам Беларускай Праваслаўнай Царквы (ІС Б19-901-0003).

Царкоўна-гістарычны альманах «ΧΡΟΝΟΣ» уключаны ў Расійскі індэкс навуковага цытавання (РИНЦ) — дагавор № 39-01 / 2017 ад 2017/01/25 г. і ў Агульнацаркоўны пералік рэцэнзуемых выданняў, у якіх павінны публікавацца вынікі даследаванняў суіскальнікаў царкоўных вучоных ступеняў доктара багаслоўя, доктара царкоўнай гісторыі і кандыдата багаслоўя (2017/03/09 г.).

Галоўны рэдактар альманаха — прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай акадэміі дацэнт А. В. Слесараў, кандыдат багаслоўя.

МінДС / Church.by