У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося адкрыццё Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай спадчыне мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі)

24 кастрычніка 2018

top.jpg

24 кастрычніка 2018 года ў канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё і пленарнае пасяджэнне Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Мітрапаліт Іосіф (Сямашка; 1798-1868): асоба, эпоха, гістарычны шлях Праваслаўя на беларускіх землях».

Навуковы форум прымеркаваны да 220-годдзя з дня нараджэння і 150-годдзя з дня блажэннага скону мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі), ініцыятара ўз'яднання беларускіх уніятаў з Праваслаўнай Царквой.

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі: Беларуская Праваслаўная Царква, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, Інстытут філасофіі НАН Беларусі, Мінская духоўная акадэмія.

У склад Прэзідыума канферэнцыі ўвайшлі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін; епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній; архімандрыт Сергій (Акімаў), рэктар Мінскай духоўнай акадэміі; архімандрыт Амвросій (Шаўцоў), старшыня камісіі па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы; Анатоль Аркадзьевіч Лазарэвіч, дырэктар Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; Аляксандр Яўгенавіч Гучок, Старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь.

Праца канферэнцыі пачалася сумесным спевам малітвы «Цару Нябесны», пасля чаго архімандрыт Сергій (Акімаў) агучыў парадак дня.

З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнуўся мітрапаліт Павел.

Уладыка Экзарх, у прыватнасці, падкрэсліў, што дзеянне, якое здзейсніў мітрапаліт Іосіф (Сямашка) і яго бліжэйшыя паплечнікі, — гэта сапраўды эпахальная падзея, якая вызначыла і стварыла падмурак царкоўна-дзяржаўнага ладу цяперашняй Рэспублікі Беларусь.

- Місіянерскія працы свяціцеля Іосіфа, адважваюся так яго называць, працягваюць прыносіць плён і сёння, захоўваючы сваю актуальнасць не толькі ў Белай Русі, але і далёка за яе межамі. Менавіта ў наш час, калі адзінству праваслаўнага свету і адзінству ўсходніх славян кінуты сур'ёзны выклік, нам належыць глыбока і ўдумліва асэнсаваць служэнне Віленскага архіпастыра, вывучыць матывы яго дзеянняў і пастарацца зразумець сутнасць яго подзвігу, — сказаў Патрыяршы Экзарх.

Мітрапаліт Павел асабліва адзначыў, што працамі ўладыкі Іосіфа і яго паплечнікаў больш за паўтара мільёнаў беларускіх уніятаў вярнуліся ў Праваслаўную Царкву. Дзякуючы намаганням Віленскага архіпастыра беларусы ўспомнілі пра свае старажытныя карані і пра сваё духоўнае паходжанне з Дняпроўскай хрышчальнай купелі святога князя Уладзіміра. Дзейнасць уладыкі Іосіфа спыніла шматгадовую варожасць і нянавісць на рэлігійнай аснове, адкрыла шлях да мірнага жыцця, адраджэння беларускай мовы і беларускай самабытнай культуры.

Патрыяршы Экзарх таксама нагадаў, што ў памяць аб правядзенні Полацкага Сабора, ініцыятарам якога быў мітрапаліт Іосіф (Сямашка), быў адчаканены медаль з надпісам: «Адабраныя гвалтам (1596) уз'яднаны любоўю (1839)». Гэтыя словы вельмі асабліва ўспрымаюцца цяпер, калі ў брацкай Украіне, на радзіме мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі), разгортваецца крызіс, звязаны з абуральным умяшаннем палітычных сіл ва ўнутранае жыццё Царквы. Усім, ад каго залежыць сітуацыя, якая склалася, варта было б памятаць, што гвалт і прымус — дрэнныя памочнікі ва ўладкаванні зямнога быцця, а тым больш у справах духоўных. Царква не баіцца ганенняў. Хрысціянін, які жыве паводле Евангелля, выконвае запаведзі Гасподнія і слухае голас свайго сумлення, непахісны ў стаянні за правую веру. А сапраўднай рухаючай сілай гісторыі з'яўляецца любоў да Бога і да блізкіх, што выдатна разумеў свяціцель Іосіф, мітрапаліт Літоўскі і Віленскі, — падкрэсліў уладыка Павел.

У завяршэнне Патрыяршы Экзарх выказаў надзею на плённую працу канферэнцыі і заклікаў на ўсіх удзельнікаў форуму благаславенне Божае.

Прывітальны адрас старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Рыгоравіча Гусакова зачытаў дырэктар Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Анатоль Аркадзьевіч Лазарэвіч.

Удзельнікаў канферэнцыі таксама вітаў Старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Яўгенавіч Гучок.

З пленарнымі дакладамі выступілі:

- протаіерэй Аляксандр Раманчук, кандыдат багаслоўя, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі, старшы выкладчык кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай акадэміі — «Асоба мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) як фактар поспеху скасавання уніі ў 1839 годзе»;

- Антон Мірановіч, прафесар Беластоцкага ўніверсітэта (Польшча), доктар гістарычных навук «Брэсцкая царкоўная унія як элемент усходняй палітыкі Рыма»;

- Аляксей Іванавіч Осіпаў, доктар філасофскіх навук, прафесар кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін ДУА «Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі» — «Роля праваслаўных традыцый і каштоўнасцей у духоўна-маральным выхаванні».

25 і 26 кастрычніка Міжнародная канферэнцыя працягнецца ў секцыйным фармаце. Свае даклады прадставяць навукоўцы з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Украіны. Падрабязнасці ў праграме форуму.

Church.by

Фотарэпартаж