У БНТУ прайшла канферэнцыя «Духоўнасць. Адукацыя. Навука»

26 красавіка 2017

top.jpg

У рамках XV Міжнароднай велікоднай выставы «Радасць Вялікадня», якая праводзіцца штогод у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, адбылася навуковая канферэнцыя на тэму «Духоўнасць. Адукацыя. Навука».

У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі ўніверсітэтаў Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы. Ад імя рэктарата БНТУ студэнтаў і гасцей канферэнцыі прывітаў прарэктар па вучэбнай рабоце Алег Канстанцінавіч Гусеў. Далей з прывітальным словам да прысутных выкладчыкаў і студэнтаў звярнуўся старшыня Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускага Экзархату епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін. Архіпастыр нагадаў, што не можа быць маральнасці без духоўнасці, і падаў благаславенне на далейшую сумесную работу па духоўнай адукацыі падрастаючага пакалення на культурнай спадчыне беларускага народа.

Па заканчэнні ўрачыстай часткі адбыўся канцэрт, у якім прынялі ўдзел розныя музычныя калектывы ўніверсітэта і госці канферэнцыі.

Канферэнцыю працягнулі выступленні дакладчыкаў. Іерэй Святаслаў Рагальскі, старшыня праўлення міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла», у сваім выступе адзначыў, што паміж рэлігіяй і навукай няма супрацьстаяння, і пажадаў будучым навукоўцам, спазнаючы свет, праслаўляць яго Тварца. Выкладчык архітэктурнага факультэта БНТУ Г. А. Лаўрэцкі агучыў свой даклад «Навучэнне мудрасьці як послух». Ад кафедры філасофіі і псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі з дакладам на тэму «Духоўнасць як традыцыя ў гісторыі чалавецтва» выступіла Г. І. Малыхіна.

Барысаўская епархія /  Nevsky.by / Church.by