У Мінску прайшоў праваслаўны моладзевы форум

13 кастрычніка 2020

top.jpg

Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, 11 кастрычніка ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода у рамках фестывалю «Пакроўская Радасць» прайшоў маладзёжны форум. Арганізатарамі форуму выступілі Сінадальны аддзел па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Лізавецінскі манастыр сталіцы.

Удзельнікамі сустрэчы былі прадстаўнікі моладзевых брацтваў і аб'яднанняў горада Мінска і Мінскай вобласці. Падчас форуму адбыліся інтэлектуальныя гульні, майстар-класы, удзельнікі мелі магчымасць пагутарыць у нефармальнай абстаноўцы.

Цэнтральнай падзеяй форуму стаў круглы стол «Моладзь сёння».

Форум даў удзельнікам магчымасць абмяняцца вопытам, пачуць адзін аднаго і ў даверных гутарках шукаць адказы на пытанні, якія тычацца як духоўнага жыцця чалавека, так і працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся епіскап Істрынскі Серафім (Амельчанкаў), старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі Рускай Праваслаўнай Царквы.

— Дыялог — гэта найлепшы і, па сутнасці, адзіна правільны спосаб вырашэння непаразуменняў, дылем і складаных сітуацый, у якіх часам мы апынаемся. Вельмі важна ісці менавіта шляхам дыялогу і ўмець сумленна весці яго з Богам, самім сабой і навакольным грамадствам. Веру, што падчас цяперашняй адкрытай размовы са святарамі вы зможаце паставіць пытанні, якія вас цікавяць, выказаць свае перажыванні і адначасова атрымаць падтрымку і правільныя духоўныя парады.

Звяртаючыся да беларускай моладзі, я неаднаразова казаў пра тое, што мне як карэннаму ўраджэнцу Смаленска — горада, які ў этнаграфіі часта называецца беларускім і мае агульную гісторыю і культуру з іншымі рэгіёнамі Беларусі, вельмі блізкія і зразумелыя менталітэт і самасвядомасць сабратоў-беларусаў. Перакананы, што перш за ўсё там, у глыбінях нашай адзінай гісторыі і духоўнай спадчыне Святога Праваслаўя, неабходна сёння шукаць рашэнні актуальных сучасных праблем. Планы адносна дзяржаўнага, царкоўнага і народнага жыцця трэба будаваць у межах розуму і шматвяковага вопыту, а не ў прасторы эмоцый, якія не толькі хутка праходзяць, але і часта падводзяць чалавека і яго чаканні, — цытуе ўладыку сайт Сінадальнага аддзела.

Прагучаў таксама зварот архімандрыта Савы (Мажукі), насельніка Мікольскага манастыра горада Гомеля.

У якасці спікераў на круглым стале выступілі старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы іерэй Мікалай Шульмін, старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Кірыл Шолкаў, старшыня Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў протаіерэй Аляксандр Ледаховіч, насельніца Лізавецінскага манастыра манахіня Марыя (Літвінава) і каардынатар руху «Добрае сэрца» Арцём Строганаў.

Іерэй Мікалай Шульмін адзначыў, што такія сустрэчы карысныя для ўсіх удзельнікаў. Ад тэм, якія хвалююць сёння грамадства, нельга загароджвацца.

Святар нагадаў прысутным аб пазіцыі Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы, які выступіў у жніўні гэтага года з катэгарычным асуджэннем гвалту і заклікам да вырашэння грамадскіх праблем у прававым полі.

— Гасподзь Іісус Хрыстос праліў Сваю нявінную кроў за ўсіх нас! І за тых, хто з аднаго боку, і за тых, хто з другога. Члены Царквы Хрыстовай ёсць і там, і там. Наша задача — не падзяляць людзей па палітычнай прыкмеце, а праяўляць да іх сваю ўвагу і сваю хрысціянскую любоў — сказаў айцец Мікалай.

Church.by