У выдавецтве Мінскай духоўнай акадэміі выйшла манаграфія «Кіеўская мітраполія і ўсходнія патрыярхі пасля Брэсцкай уніі (1596 — 1632 гг.)»

14 лістапада 2019

232.jpg

11 лістапада 2019 года выдавецтва Мінскай духоўнай акадэміі выпусціла манаграфію К. А. Апановіч «Кіеўская мітраполія і ўсходнія патрыярхі пасля Брэсцкай уніі (1596 — 1632 гг.)».

Аўтар манаграфіі К. А. Апановіч у 2016 годзе абараніла дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук па спецыяльнасці 07.00.03 — усеагульная гісторыя на тэму «Праваслаўная Царква ў Рэчы Паспалітай і Усходнія патрыярхаты: спецыфіка царкоўных узаемаадносін (1596-1632 гг.)». Навуковы кіраўнік: В. А. Цяплова, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Кантакты прадстаўнікоў Усходніх патрыярхатаў з Кіеўскай мітраполіяй ажыццяўляліся ў унікальны перыяд, калі ўрад Рэчы Паспалітай пазбавіў Праваслаўную Царкву юрыдычнага статусу, але Праваслаўе de facto працягвала існаваць. У дадзенай працы аўтар робіць спробу выяўлення цэласнага гістарычнага зместу дадзеных кантактаў, шырока выкарыстоўваючы дакументальныя крыніцы, створаныя як дзяржаўнымі, так і царкоўнымі структурамі.

У рамках даследавання ўпершыню ў гістарыяграфіі ажыццёўлена вывучэнне кантактаў Усходніх патрыярхатаў з Кіеўскай мітраполіяй, якія адбываліся ва ўмовах палітыкі «нецярпімасці» да Праваслаўя з боку ўладаў Рэчы Паспалітай. Выяўлены новы ракурс даследавання праблемы існавання Праваслаўнай Царквы ў Рэчы Паспалітай ва ўмовах адносін «цярпімасці» і «нецярпімасці». Праведзены аналіз адносін «цярпімасці» і «нецярпімасці» на розных узроўнях — на ўзроўні дзяржавы і на ўзроўні прыватных уладанняў, а таксама паміж рознымі суб'ектамі: дзяржавай і Праваслаўнай Царквой; каталікамі, уніятамі і праваслаўнымі. Выяўлены формы праявы «нецярпімасці» да Праваслаўя ў Рэчы Паспалітай і масавыя выпадкі пратэсту праваслаўнага насельніцтва. Праведзены параўнальны аналіз палітыка-прававога становішча Праваслаўнай Царквы ў Асманскай імперыі і Рэчы Паспалітай. Выяўлены рознаўзроўневы характар дзейнасці ўсходніх патрыярхаў, накіраванай на аднаўленне і ўмацаванне пазіцый Праваслаўя ў Рэчы Паспалітай. Вызначаны напрамкі і сутнасць рэлігійнай палітыкі Усходніх патрыярхатаў у дачыненні да праваслаўнай Кіеўскай мітраполіі ў новых палітыка-прававых і этнаканфесійных умовах. Раскрыта роля ўсходніх патрыярхаў у працэсе легалізацыі Праваслаўнай Царквы ў Рэчы Паспалітай. Прааналізаваны асноўныя рэлігійна-палітычныя вынікі дзейнасці іерархіі Усходняй Царквы ў Рэчы Паспалітай. Уведзены ў навуковы абарот дакументы, сярод якіх лісты Кіеўскага мітрапаліта Іава Барэцкага, праваслаўнага Віленскага брацтва і інш., якія захоўваюцца ў галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве (Archiwum Radziwiłłów).

Кніга выйшла ў серыі «Манаграфіі і даследаванні Мінскай духоўнай акадэміі» (том IV) па рэкамендацыі кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай акадэміі (пратакол № 8 ад 4 красавіка 2019 г.) і Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы (ІС Б17-709-0138).

Навуковыя рэцэнзенты: Бендзін А. Ю., прафесар кафедры багаслоўя ДУА «Інстытут тэалогіі імя св. Мяфодзія і Кірыла» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар гістарычных навук; Гронскі А. Дз., сакратар Вучонага савета Мінскай духоўнай акадэміі, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра постсавецкіх даследаванняў Нацыянальнага даследчага Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін імя Я. М. Прымакова Расійскай акадэміі навук, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Адказны за выпуск: прарэктар па навуковай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі дацэнт А. В. Слесараў.

Кніга арыентавана на студэнтаў і выкладчыкаў гуманітарных спецыяльнасцяў, гісторыкаў, тэолагаў, і ўсіх, каму неабыякавая гісторыя Беларускай Праваслаўнай Царквы.

МінДА / Church.by