У Інстытуце тэалогіі БДУ адкрылася фотавыстаўка, прысвечаная памяці мітрапаліта Нікадзіма (Ротава)

26 кастрычніка 2018

nicodim_cover.jpg

25 кастрычніка 2018 года ў Інстытуце тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылося адкрыццё фотавыставы, прысвечанай памяці мітрапаліта Ленінградскага і Наўгародскага Нікадзіма (Ротава). Арганізатарам фотаэкспазіцыі выступіла міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла».

У 2018 годзе споўнілася 40 гадоў з дня скону Высокапраасвяшчэннейшага Нікадзіма (Ротава; 15 кастрычніка 1929 — 5 верасня 1978), мітрапаліта Ленінградскага і Наўгародскага, Патрыяршага Экзарха Заходняй Еўропы, і 55 гадоў з часу яго знаходжання на Мінскай кафедры (4 жніўня — 9 кастрычніка 1963 года).

Мітрапаліт Нікадзім (Ротаў) увайшоў у гісторыю Рускай Праваслаўнай Царквы як выдатны іерарх ХХ стагоддзя, які выхаваў цэлую плеяду архіерэяў і святароў, якія нясуць цяпер адказныя послухі ў Праваслаўнай Царкве па ўсім свеце. Адным з бліжэйшых вучняў незабыўнага мітрапаліта Нікадзіма з'яўляецца цяперашні Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы — Патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі Кірыл. Неацэннай заслугай мітрапаліта Нікадзіма можна лічыць шырокае сведчанне аб Праваслаўі па ўсім свеце, якое здзяйснялася ва ўмовах прыгнёту Рускай Царквы з боку савецкіх уладаў.

Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» падрыхтавала да дня нараджэння ўладыкі Нікадзіма (15 кастрычніка) фотавыставу «Мітрапаліт Нікадзім і яго час: шлях служэння Царкве». Упершыню дадзеная экспазіцыя была прадэманстравана Свяцейшаму патрыярху Кірылу ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы 13 кастрычніка 2018 года, падчас Першасвяціцельскага візіту ў Рэспубліку Беларусь.

Мэтай фотавыставы з'яўляецца асвятленне шматграннага царкоўнага служэння мітрапаліта Нікадзіма, яго міжнароднай і міжканфесійнай дзейнасці. Матэрыялы для фотавыставы паходзяць з розных месцаў служэння ўладыкі Нікадзіма. Акрамя айчынных крыніц, прадстаўлены ўнікальныя матэрыялы з архіваў Ватыкана, атрыманыя ў чэрвені 2018 года падчас афіцыйнага візіту дэлегацыі Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра ў Рым.

Фотавыстава будзе прадстаўлена з 25 кастрычніка па 25 лістапада 2018 года ў Інстытуце тэалогіі БДУ па адрасе: г. Мінск, праспект Незалежнасці, 24, 3-ці паверх, фае канферэнц-залы.

Хрысціянскі адукацыйны цэнтр / Church.by