У Гомельскай епархіі прайшлі дабрачынныя мерапрыемствы з нагоды Міжнароднага дня інвалідаў

07 снежня 2019

top.jpg

Традыцыйна ва ўсіх благачыннях Гомельскай епархіі прайшлі дабрачынныя мерапрыемствы і акцыі, прымеркаваныя да Міжнароднага дня інвалідаў.

Гэты дзень цяжка назваць святам — бо ён прысвечаны людзям, на долю якіх выпалі цяжкія жыццёвыя выпрабаванні. Дзень інвалідаў — гэта напамін кожнаму з нас аб неабходнасці быць чалавечным, спагадным і міласэрным. З кожным годам становіцца ўсё больш людзей, гатовых працягнуць руку дапамогі, зрабіць добрую справу, падзяліцца душэўнай цеплынёй і клопатам.

На тэрыторыі Гомельскай епархіі адбыліся больш за 80 дабрачынных акцый і мерапрыемстваў, якія ахапілі звыш 2400 людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Сустрэчы з інвалідамі рознага ўзросту праходзілі ў бальніцах, дамах-інтэрнатах, цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання і карэкцыйна-развіваючага навучання, бальніцах сястрынскага догляду, грамадскіх аб'яднаннях, на прыходах і дома. Акцыі прайшлі ў розных фарматах: ад душэўных гутарак за салодкім сталом да канцэртных праграм. Нараўне з духоўнай падтрымкай адрасаты атрымлівалі разнастайныя падарункі: прадуктовыя наборы і салодкія пачастункі, сродкі гігіены і рэабілітацыі, неабходную вопратку, грашовую дапамогу, а таксама духоўна-асветніцкую літаратуру. На прыходах у гэты дзень былі адслужаны малебны аб здароўі хворых.

— Дарыць дабро тым, хто мае патрэбу ў ім — гэта высакародная і вельмі карысная справа. Епархія выказвае шчырую падзяку ўсім, хто не застаўся абыякавым да праблем інвалідаў. Людзям з абмежаванымі магчымасцямі патрэбна наша падтрымка, менавіта рэальная падтрымка, не жаласлівасць, а проста добрае стаўленне да іх, як да звычайных людзей, каб яны адчулі, што яны не забытыя, пра іх памятаюць і імкнуцца зрабіць іх жыццё больш зручным, — падкрэсліваюць у Гомельскай епархіі.

Гомельская епархія / Church.by