У Гомелі плануецца будаўніцтва капліцы-помніка ў гонар святога Аляксандра Неўскага

18 чэрвеня 2020

1592470045_011.jpg

У 2020 годзе наша краіна адзначае 75-ю гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. За мінулыя гады ў рэспубліцы зроблена шмат для ўвекавечання памяці аб подзвігу абаронцаў Айчыны і гераічнай мужнасці беларускага народа.

На жаль, да гэтага часу ў горадзе Гомелі і Гомельскай вобласці няма ніводнага храма або капліцы, збудаваных у памяць пра подзвіг воінаў, якія вызвалялі Беларусь ад нацызму.

У 1888 годзе ў Гомелі знаходзілася капліца-помнік у гонар святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага, збудаваная на сродкі гамельчукоў у памяць аб адмене прыгоннага права. Помнік, які ўпрыгожваў горад, у ХХ стагоддзі быў знішчаны.

Гомельская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы выступіла з прапановай на скрыжаванні вуліц Савецкай і Кірава (на тэрыторыі плошчай каля 0,18 га) пабудаваць капліцу-помнік па праекце той капліцы, якая знаходзілася на Рынкавай плошчы (цяпер плошча імя Леніна) насупраць Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора. Капліца ў аснове 6х6 метраў з цокальным паверхам, вышынёй 11 метраў з крыжам. У капліцы мяркуецца ўсталяваць фарфоравы ківот з абразом святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага. Над уваходам у капліцу зрабіць надпіс «Воіну-вызваліцелю». Вакол разбіць сквер з уваходам з вуліцы Савецкай, даступны для наведвання ў любы час. З заходняга боку капліцы зладзіць калумбарый (сцены з нішамі), дзе будуць захоўвацца капсулы з зямлёй з месцаў пахавання воінаў і месцаў самых значных бітваў на тэрыторыі Гомельскай вобласці з подпісамі пад браняваным шклом. Такіх месцаў у вобласці больш за 900. У крыптавай частцы капліцы мяркуецца сабраць капсулы з зямлёй з месцаў масавага знішчэння мірных жыхароў Гомельшчыны.

Ідэя ўзнавіць капліцу знайшла жывы водгук у кіраўніцтва ўсіх сілавых структур Гомельскай вобласці, ветэранскіх арганізацый, кіраўніцтва горада і вобласці.

Дарэчы, у Гомелі да 1917 года было дзве капліцы ў гонар святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага і тры храмы ― у Беліцы, у галоўным корпусе БелДУТа і пры турме (цяперашняя фабрыка «Труд»). Будаўніцтва капліцы будзе ажыццяўляцца прыходам Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора ў горадзе Гомелі.

З 25 чэрвеня па 19 ліпеня адміністрацыя Цэнтральнага раёна горада Гомеля будзе праводзіць грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі аб'екта: «Будаўніцтва капліцы ў гонар святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага, прысвечанай воінам-вызваліцелям, на скрыжаванні вул.Савецкая і вул. Кірава ў горадзе Гомелі». Епархія просіць усіх, каму дарагая памяць герояў, якія вызвалілі Гомельшчыну ад нямецка-фашысцкай акупацыі, прыняць удзел у грамадскім абмеркаванні архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі будаўніцтва капліцы-мемарыяла. Унесці свае пісьмовыя заўвагі і прапановы можна непасрэдна ў адміністрацыі (вул. 108) або па пошце: oir@cenadm.gov.by Вашы пажаданні будуць разгледжаны архітэктурна-горадабудаўнічым саветам пры галоўным архітэктары горада Гомеля.

Гомельская епархія / Church.by