У Гомелі адкрыліся VII абласныя Пакроўскія адукацыйныя чытанні «1030-годдзе Праваслаўя на Беларускай зямлі»

03 лістапада 2021

top.jpg

3 лістапада 2021 года ў будынку Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта адбылося адкрыццё VII абласных Пакроўскіх адукацыйных чытанняў «1030-годдзе Праваслаўя на Беларускай зямлі».

Форум праходзіў у фармаце відэаканферэнцыі і аб'яднаў прадстаўнікоў Гомельскай і Тураўскай епархій, сярод якіх былі кіраўнікі органаў улады, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, святары, педагогі і іншыя зацікаўленыя асобы.

Абласныя Пакроўскія адукацыйныя чытанні праводзяцца штогод у кастрычніку-лістападзе ў рамках рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва паміж Галоўным упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама і Гомельскай і Тураўскай епархіямі Беларускай Праваслаўнай Царквы на 2020-2025 гады і з'яўляюцца першым этапам у правядзенні штогадовых рэспубліканскіх, а затым міжнародных Калядных адукацыйных чытанняў у Маскве.

Адкрываючы пленарнае пасяджэнне, да ўдзельнікаў чытанняў з прывітальным словам звярнуўся архіепіскуап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан, які адзначыў, што «Сёння, без звароту да духоўных і нацыянальных першакрыніц немагчыма падняцца да такога ўзнёслага разумення сябе і свайго месца ў лёсе свайго народа і Айчыны. Вось чаму нашаму грамадству, асабліва дзецям і моладзі, так неабходна знаёмства з праваслаўнай культурай, нацыянальнымі традыцыямі і гісторыяй».

Далей прывітальнае слова ад імя начальніка Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Руслана Смірнова да ўдзельнікаў чытанняў зачытала Жанна Ждановіч, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення адукацыі.

У фармаце відэазвароту ў форуме прыняў удзел старшыня Сінадальнага аддзела БПЦ па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі протаіерэй Фёдар Поўны, які распавёў аб новых падыходах да супрацоўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі. Ён праінфармаваў удзельнікаў відэаканферэнцыі аб новым факультатыве «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму», які з гэтага года праводзіцца ў V-VI класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

На пленарным пасяджэнні з дакладам «Актуальнасць духоўна-маральных каштоўнасцяў у сучасным свеце: праверка часам» выступіў старшыня Аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Тураўскай епархіі ігумен Аўксенцій (Абражэй).

Вопытам работы па духоўна-маральнаму і патрыятычнаму выхаванню сярэдняй школы № 15 горада Мазыра імя генерала Барадунова Я. С. падзяліўся яе дырэктар Сяргей Траян.

Завяршыўся форум выступленнем настаяцеля прыхода храма свяшчэннамучаніка Аляксія, прасвітара Лельчыцкага, у горадзе Гомелі протаіерэя Аляксандра Лапушанскага з расповедам пра святых, праслаўленых на гомельскай зямлі і пра храм-музей у гонар Сабора ўсіх Беларускіх Святых пры Гомельскім епархіяльным упраўленні, на базе якога праводзяцца асветніцкія экскурсіі для дзяцей і моладзі.

У рамках цяперашніх чытанняў у горадзе Гомелі будзе працаваць каля 15 розных секцый, многія з якіх арганізаваны для старшакласнікаў, навучэнцаў каледжаў і ліцэяў, студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў. Акрамя таго, чытанні працягнуцца ў секцыйным фармаце ва ўсіх благачыннях Гомельскай епархіі.

Увогуле ў форуме прымае ўдзел больш за 800 чалавек.

Гомельская епархія/Сhurch.by