Адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная правядзенню Пятых Беларускіх Калядных чытанняў

28 лістапада 2019

top.jpg

У прэс-цэнтры Дома прэсы прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная правядзенню Пятых Беларускіх Калядных чытанняў «Вялікая перамога: Спадчына і спадчыннікі».

Удзел у мерапрыемстве прынялі:

Епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін — старшыня Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, старшыня аргкамітэта Беларускіх Калядных чытанняў;

Протаіерэй Сергій Лепін — старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы;

Скарына Алег Аляксандравіч — намеснік начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь;

Ліс Мікалай Іванавіч — намеснік старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы;

Белакурскі Валерый Міхайлавіч — кандыдат філасофскіх навук, выкладчык кафедры філасофіі і метадалогіі гуманітарных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Ва ўступным слове епіскап Веніямін растлумачыў: «Беларусы нядаўна адсвяткавалі 75-годдзе вызвалення Беларусі, а ў наступным годзе нам трэба будзе святкаваць Вялікую Перамогу. Нягледзячы на ўвесь, здавалася, безвыходны трагізм пачатку вайны наш народ у выніку выстаяў і перамог. І гэтыя ўрачыстыя даты падахвочваюць нас прааналізаваць: за кошт чаго наш народ атрымаў гэтую гістарычную перамогу, якая ўнутраная сіла адлюстравалася пры гэтым — гэтыя абставіны і дыктуюць тэму цяперашніх Калядных чытанняў».

На пленарнае пасяджэнне сярод іншых запланаваны даклад «Праваслаўная Царква і Вялікая Айчынная вайна: духоўныя вытокі Вялікай Перамогі» архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана. Уладыка раскажа пра тыя далёкія падзеі ў першую чаргу з асабістага вопыту, бо яго дзяцінства прайшло ў рэаліях ваеннага і пасляваеннага часу.

Разам з тым епіскап Веніямін адзначыў, што Калядныя чытанні — гэта маштабная падзея, якая не абмяжоўваецца толькі тэмай вайны. У рамках форуму пройдзе таксама шэраг выстаў, канцэртных выступленняў. Сярод мерапрыемстваў таксама запланаваны цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсаў «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання», «За маральны подзвіг настаўніка», дзіцячага конкурсу малюнка «Прыгажосць Божага свету», які ўпершыню выйшаў на агульнарэспубліканскі ўзровень.

Айцец Сергій Лепін, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы, анансаваў планаванае падпісанне абноўленага Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Алег Аляксандравіч Скарына, намеснік начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, адзначыў, што хрысціянская культура з'яўляецца асновай фарміравання культуры нашай краіны. Культура заклікана фарміраваць мастацкія каштоўнасці і эстэтычныя стандарты, а Царква дапамагае духоўнаму ператварэнню чалавека, вобразна кажучы, культура Праваслаўя акрыляе душы людзей. У нас агульныя мэты, нягледзячы на розныя формы і метады працы. Калядныя чытанні стаяць у шэрагу сумесных мерапрыемстваў, накіраваных на тое, каб беларускі народ быў духоўна багатым і творча развітым.

Мікалай Іванавіч Ліс, намеснік старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, падзяліўся з журналістамі праграмай Пятых Беларускіх Калядных чытанняў «Вялікая перамога: Спадчына і спадчыннікі», якая ўжо апублікавана на сайце Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Валерый Міхайлавіч Белакурскі, кандыдат філасофскіх навук, выкладчык кафедры філасофіі і метадалогіі гуманітарных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, распавёў аб удзеле секцыі №7 «Вялікая Перамога і духоўныя арыенціры развіцця беларускай культуры», якая пройдзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры. Валерый Міхайлавіч падзяліўся таксама расповедам пра сваіх бацькоў, якія цудам перажылі той страшны і трагічны час.

Скончылася прэс-канферэнцыя пытаннямі і ўдакладненнямі журналістаў.

Нагадаем, адкрыццё Пятых Беларускіх Калядных чытанняў пройдзе 29 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (пр-т Незалежнасці, 116).

Church.by