Сербская Праваслаўная Царква выступіла з афіцыйнай заявай па царкоўнай сітуацыі на Украіне

28 лютага 2019

6-41-439.jpg

Бюро друку і масавай інфармацыі Сербскай Праваслаўнай Царквы распаўсюдзіла заяву, у якой, у прыватнасці, падкрэсліваецца, што адзінай Царквой, якую Сербскі Патрыярхат ведае і прызнае ва Украіне, з'яўляецца кананічная Украінская Праваслаўная Царква на чале з Блажэннейшым мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Украіны Ануфрыем.

Уварванне Канстанцінопальскага Патрыярхату на тэрыторыю Рускай Праваслаўнай Царквы ў дакуменце характарызуецца як некананічнае, а скліканы пры ўдзеле Канстанцінопаля «Аб'яднальны сабор» названы раз'яднальным і раздзяляльным ілжэсаборам, «які яшчэ глыбей выкапаў роў адчужэння і распаду грамадства няшчаснай краіны Украіны».

Сербскім іерархам і святарам рэкамендавана ўстрымлівацца ад літургічных і кананічных зносін не толькі з «прадстаяцелем» новастворанай «Праваслаўнай Царквы Украіны» і тых, што з ім, але таксама з саслужачымі і тымі, хто мае зносіны з архіерэямі і клірыкамі гэтай структуры.

Сербская Праваслаўная Царква таксама просіць Патрыярха Канстанцінопальскага перагледзець прынятыя ім рашэнні, каб аднавіць «благаславёны мір і адзінства Памесных святых Божых Цэркваў».

Тэкст дакумента

Сербская Праваслаўная Царква ўжо ў лістападзе мінулага года першай сярод аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў адрэагавала афіцыйна, на самым высокім узроўні (Архіерэйскі Сабор), на намеры Канстанцінопальскага Патрыярхату самачынна і самаўладна, у якасці «першага без роўных» (primus sine paribus), а не «першага паміж роўнымі» (primus inter pares), «вязаць» і «развязваць» царкоўныя праблемы на ўкраінскай зямлі, і прасіла не рабіць гэтага, але па-сапраўднаму дапамагчы вырашэнню крызісу ў брацкім дыялогу з Рускай Праваслаўнай Царквой і раячыся з астатнімі Цэрквамі.

На жаль, голас Сербскай Царквы застаўся «голасам таго, хто кліча ў пустыні»: з Канстанцінопаля ніякага адказу не было — толькі магільнае маўчанне. Потым Свяшчэнны Сінод Сербскай Царквы звярнуўся да Канстанцінопаля з новым заклікам не спяшацца, а дзейнічаць у духу саборнасці, брацкай любові і адказнасці не толькі за Царкву на Украіне, а і за адзінства Праваслаўя ў цэлым. Рэакцыя была такой жа — магільнае маўчанне. Затым Свяцейшы Патрыярх Сербскі ў Салоніках асабіста вусна маліў Патрыярха Канстанцінопальскага аб тым жа самым — на жаль, з тым жа вынікам. Трэба адзначыць, што Сербская Царква аб сваёй пазіцыі і аб сваіх кроках кожны раз інфармавала ўсе Памесныя Цэрквы-Сёстры.

Пасля ўсяго, што Канстанцінопальскі Патрыярхат зрабіў у Кіеве — а Кіеў, як вядома, «маці гарадоў рускіх» — пазіцыя Сербскай Царквы, таксама афіцыйна паведамленая ўсім Памесным Праваслаўным Цэрквам, наступная.

1. Сербская Праваслаўная Царква не прызнае некананічнае «ўварванне» Свяцейшага Патрыярха Канстанцінопальскага на кананічную тэрыторыю Свяцейшай Рускай Царквы, паколькі Кіеўская мітраполія нават у самай малой ступені не можа атаясамляцца з сённяшняй «Украінай», у якую ўваходзяць і дзясяткі іншых царкоўных епархій. Яна была перададзена ў 1686 годзе Маскоўскаму Патрыярхату, што можна заключыць з дакументаў Канстанцінопальскага Патрыярха Дыянісія IV, з рашэнняў яго пераемнікаў, з афіцыйных «Тактыконаў», «Сінтагматыяў», «Дыпціхаў», «Календароў» і «Штогоднікаў» не толькі іншых Цэркваў, але і самога Канстанцінопальскага Патрыярхату і нават з асабістых заяў і выказванняў сённяшняга Канстанцінопальскага Патрыярха, зробленых да красавіка мінулага года.

2. Адначасова Сербская Праваслаўная Царква не прызнае ў якасці «Аўтакефальнай Царквы Украіны» абвешчаную, але з кананічнага пункту гледжання не існуючую, а на справе сілком навязаную, штучную «канфедэрацыю» ўкраінскіх раскольніцкіх груповак (якія ўжо зноў заўзята змагаюцца адна з адной і нястрымна ідуць да падзелу). Раскольнікі засталіся раскольнікамі. Аднойчы раскольнік — раскольнік назаўжды, за выключэннем выпадкаў шчырага навяртання і глыбокага пакаяння. Адзінай Царквой, якую Сербская Царква ведае і прызнае, з'яўляецца кананічная Украінская Праваслаўная Царква на чале з Блажэннейшым мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Украіны Ануфрыем.

3. Далей, Сербская Царква не прызнае няправільна названы «аб'яднальным» Кіеўскі «сабор», у якім не прыняў удзелу ні адзін архіерэй кананічнай Украінскай Праваслаўнай Царквы (паколькі днём раней Свяцейшы Патрыярх Варфаламей прыняў у сваю Царкву Аляксандра Драбінку і мітрапаліта Вінніцкага Сімяона, да таго ж без кананічнай адпушчальнай граматы з іхняй Царквы). Сцэны, увесь навакольны стан і закуліса гэтага дзіўнага зборышча, каб не выказацца больш груба, вядомыя, больш ці менш, усім. Гаворка, па сутнасці, ідзе аб антыаб'яднальным, раз'яднальным і раздзяляльным ілжэсаборы, які яшчэ глыбей выкапаў роў адчужэння і распаду грамадства няшчаснай краіны Украіны. Па ўсіх гэтых прычынах Сербская Царква лічыць яго рашэнні антыкананічнымі, несапраўднымі і, такім чынам, ніколькі не абавязковымі для яе.

4. Сербская Царква не прызнае раскольніцкі епіскапат у якасці праваслаўнага епіскапату, а раскольніцкае духавенства ў якасці праваслаўнага духавенства, паколькі прыналежныя да крыла Дзенісенкі атрымалі «існаванне» ад вывергнутага з сану, адлучанага ад Царквы архіерэя, які знаходзіцца пад анафемай (факт, які і сам патрыярх Варфаламей афіцыйна прызнаваў у свой час), а прыналежныя да групоўкі Малеціча пазбаўлены апостальскай пераемнасці і святарства ў цэлым. Ніякім дакументам, ніякім, як кажуць, росчыркам пяра, немагчыма ператварыць тое, што было — ў небылое, і не існае — у існае. Такім чынам, Сербская Царква не прызнае, што спадар ці грамадзянін Думенка (Епіфаній) з'яўляецца нават архіерэем, і ўжо тым больш прадстаяцелем аўтакефальнай Царквы (гэтую апошнюю пасаду, за ім не прызнае нават яго «духоўны айцец» спадар ці грамадзянін Дзенісенка «сапраўдны прадстаяцель», да таго ж пажыццёвы «патрыярх»).

5. І, нарэшце, Сербская Царква заканамерна вымушана рэкамендаваць сваім Праасвяшчэнным іерархам і сумленным клірыкам устрымлівацца ад літургічных і кананічных зносін не толькі з вышэйзгаданым сп. Епіфаніем (Думенкам) і тымі, што з ім, але і з саслужачымі і тымі, хто мае зносіны х іхнімі архіерэямі і клірыкамі, згодна з прынцыпам свяшчэнных канонаў: той, хто падтрымлівае сувязь з адлучанымі ад царкоўных зносін і сам становіцца па-за зносінамі.

* * *

Сербская Праваслаўная Царква просіць і моліць Свяцейшага Патрыярха Канстанцінопальскага перагледзець прынятыя ім да гэтага дня рашэнні і аднавіць ранейшы благаславёны мір і адзінства Памесных святых Божых Цэркваў, таму што няма нічога такога неабходнага і каштоўнага, як любоў, мір і аднадумства паміж братамі.

Служба камунікацыі АЗЦС / Church.by