Прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных школ прыняў удзел у грамадска-навуковым форуме ў Санкт-Пецярбургу

31 кастрычніка 2019

top.jpg

29-30 кастрычніка 2019 года ў Санкт-Пецярбургу праходзіў грамадска-навуковы форум «Дзяржава і рэлігія: шляхі дыялогу», які з'яўляецца дыскусійнай пляцоўкай для абмеркавання шляхоў узаемадзеяння традыцыйных канфесій, дзяржаўных органаў і грамадзянскай супольнасці сучаснай Расіі.

Арганізатарамі форуму выступілі Расійская акадэмія народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі і Санкт-Пецярбургская духоўная акадэмія. Мэтай мерапрыемства бачыўся пошук эфектыўных рашэнняў камунікатыўных праблем ва ўмовах састарэлай нарматыўна-прававой базы і недастатковай дасведчанасці дзяржаўных служачых аб унутраных працэсах у Царкве.

Удзельнікамі форуму сталі спецыялісты па гісторыі Праваслаўнай Царквы, святары, грамадскія дзеячы, а таксама выкладчыкі і студэнты духоўных школ Пецярбурга. У сваіх дакладах яны расказалі аб ролі Царквы ў сучасным грамадстве, гісторыі дзяржаўна-канфесійных адносін, узаемадзеянні Царквы і дзяржавы.

29 кастрычніка, у першы дзень правядзення форуму, на базе Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі прайшлі круглыя сталы і секцыі па напрамках: «Гарманізацыя інтарэсаў Царквы і грамадства ў гарадской прасторы», «Медыяадукацыя і рэлігія», «Царква і армія», «Субкультурнасць ў кантэксце царкоўнай і дзяржаўнай моладзевай палітыкі», «Гісторыя дзяржаўна-канфесійных адносін у Расіі і за мяжой», «Царкоўна-дзяржаўныя адносіны на постсавецкай прасторы: гісторыя і сучаснасць», «Постсекулярнасць і рэлігійная ідэнтычнасць у сучаснай гуманітарнай прасторы».

Па запрашэнні рэктара Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі епіскапа Пецяргофскага Сілуана ў працы форуму прыняў удзел прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі дацэнт А. В. Слесараў. У рамках круглага стала «Царкоўна-дзяржаўныя адносіны на постсавецкай прасторы: гісторыя і сучаснасць» ён агучыў даклад на прапанаваную арганізатарамі тэму «Аўтакефалісцкія тэндэнцыі ў Беларусі ў другой палове ХХ-пачатку ХХІ стагоддзя». Мадэратарам круглага стала выступіў епіскап Сілуан (Нікіцін), рэктар Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі.

30 кастрычніка ў гістарычным будынку Свяцейшага Сінода — Прэзідэнцкай бібліятэцы імя Б. М. Ельцына — прайшло пленарнае пасяджэнне форуму. Перад пачаткам пасяджэння з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся дырэктар Паўночна-Заходняга інстытута кіравання Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі У. А. Шамахаў. Пасля чаго быў зачытаны прывітальны ліст мітрапаліта Санкт-Пецярбургскага і Ладажскага Варсанофія.

Пасля прывітальных слоў з дакладам «Рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека і пытанне маралі: выбраныя рашэнні» выступіў намеснік старшыні Сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ В. У. Кіпшыдзэ. Таксама даклад на тэму «Спецыфіка постканфесіянальнай парадыгмы ў сучасным свеце» прачытаў прафесар, загадчык кафедры гісторыі рэлігій і тэалогіі Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А. І. Герцэна А. М. Прылуцкі. Пленарнае пасяджэнне завяршылася выступленнем зводнага хору Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі пад кіраўніцтвам Р. Г. Іклавай.

МінДС / Church.by