Прадстаўнікі Полацкай епархіі прынялі ўдзел у адкрыцці мемарыяльнага комплексу «Урочышча Пяскі»

24 чэрвеня 2020

top.jpg

22 чэрвеня, У дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, у Полацку прайшло адкрыццё мемарыяльнага комплексу «Урочышча Пяскі». Менавіта на гэтым месцы ў гады вайны размяшчаўся нямецкі перасыльны лагер для савецкіх ваеннапалонных «Дулаг-125». Тут жа хавалі расстраляных і павешаных з грамадзянскага лагера «Громы», вязняў гарадской турмы і гестапа. На месцы былога лагера пахаваны дзясяткі тысяч ахвяр нацызму. За перыяд існавання лагера (з 1941 па 1944 год) у яго засценках загінулі больш за 40 тысяч савецкіх ваеннапалонных, мірных жыхароў і партызан.

У гэты памятны дзень ля мемарыяла сабраліся ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі ўлады горада, вайскоўцы Полацкага гарнізона, прадстаўнікі Праваслаўнай і Каталіцкай Цэркваў, члены Беларускага саюза афіцэраў, навучэнцы Полацкага кадэцкага вучылішча. Па благаславенню епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація на цырымоніі прысутнічалі: благачынны Полацкага царкоўнай акругі, кіраўнік аддзела Полацкай епархіі па сувязях з Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь протаіерэй Аляксандр Шаховіч і сакратар Полацкай епархіі протаіерэй Аляксандр Пятліцкі.

Адкрыў урачыстую сустрэчу першы намеснік старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Дзмітрыевіч Лейчанка:

— Восем дзесяцігоддзяў таму фашысцкія войскі ўварваліся на тэрыторыю нашай дзяржавы, падчас чаго пачалася Вялікая Айчынная вайна. Беларусы першымі з народаў Савецкага Саюза прынялі на сябе ўдар. Нашы бацькі і дзяды, стары і малы, да апошняй кроплі крыві змагаліся за родную зямлю. Бесчалавечная машына нацызму знішчала не толькі салдат, ахвярамі сталі мільёны мірных людзей, дзяцей і старых. «Урочышча Пяскі», дзе мы з вамі знаходзімся, — вялізная брацкая магіла. У гэтай магіле пахаваны дзясяткі тысяч ваеннапалонных і грамадзянскіх асоб, закатаваных, замучаных і забітых нацыстамі. Не існуе слоў, каб перадаць увесь боль і адчай, які адчулі загінуўшыя ад рук катаў людзі. Усіх слёз свету не хопіць, каб аплакаць іх. Мы схіляемся перад нявіннымі ахвярамі. Памяць пра іх святая. Мемарыяльны комплекс стаў сімвалам і данінай гэтай памяці. Мы ніколі не забудзем аб злачынствах нацызму і не дапусцім падобнага. Усе мы ведаем, што, пакуль не пахаваны з пашанай апошні воін, — вайна не скончана. На працягу апошніх 10 гадоў, з дапамогай валанцёраў, людзей з вялікімі сэрцамі, воінаў зямлі Беларускай, пад кіраўніцтвам Полацкага выканаўчага камітэта ўся праца завершана. Усім за гэта нізкі паклон. І дай Бог, каб наша зямля больш не ведала вайны!

Гледачам запомнілася тэатралізаваная патрыятычная пастаноўка, падрыхтаваная ўдзельнікамі Народнага тэатра «Пілігрым», у якой былі задзейнічаны як акцёры тэатра, так і навучэнцы Полацкага кадэцкага вучылішча, ваеннаслужачыя вайсковай часці 55719, ветэраны запасу Полацкага гарнізона, навучэнцы і педагогі СШ № 14 горада Полацка.

Напрыканцы мітынгу гараджане і госці па традыцыі ўсклалі кветкі да мемарыяла і ўшанавалі памяць ахвяр вайны хвілінай маўчання.

Полацкая епархія / Church.by