Мітрапаліт Веніямін павіншаваў бібліятэкараў з прафесійным святам

15 верасня 2020

top.jpg

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, павіншаваў кіраўнікоў і спецыялістаў бібліятэк Беларусі з Днём бібліятэк, які адзначаецца 15 верасня.

У віншаванні гаворыцца:

«Дзень бібліятэк — гэта прызнанне важнасці і значнасці вашай прафесіі на ўсіх узроўнях дзяржавы і грамадства. Айчынныя бібліятэкі цесна звязаны адным лёсам з Беларуссю на працягу ўсёй яе гісторыі. З поспехам выконваючы высакародную місію па захаванню шматвяковага падмурка багатай духоўнай спадчыны краіны, яны адвеку з'яўляюцца асветніцкімі цэнтрамі, якія зберагаюць кніжныя помнікі, распаўсюджваюць веды і высокія духоўныя ідэалы.

Вашу працу, працу бібліятэкараў, гатовых быць не толькі распарадчыкамі кніжных скарбаў, але сапраўднымі асветнікамі, цалкам можна ахарактарызаваць як падзвіжніцкую. У сучасным свеце, які хутка змяняецца, калі на арэну ўсё больш відавочна выходзіць барацьба дабра і зла, а поле бітвы, паводле слова Ф. М. Дастаеўскага, — «сэрцы людзей», менавіта ад бібліятэкараў залежыць, якая іерархія каштоўнасцяў, адлюстраваная ў кнігах, будзе прадстаўлена чытачам. Ваш ўклад у асвету чалавечых душ і сэрцаў не заўсёды прыкметны, але вельмі важкі. Бо роля бібліятэк як сацыяльных інстытутаў, якія ўдзельнічаюць у працэсах фарміравання грамадскай думкі і ўплыву на ўсе сферы грамадскага жыцця, па-ранейшаму вялікая.

Паважаныя бібліятэкары! Вы валодаеце велізарнымі магчымасцямі ўздзеяння на развіццё культуры, навукі, матэрыяльнай і духоўнай сфер жыцця грамадства. Гэта — ганаровая, але і адказная місія, якая патрабуе беражлівых адносін да традыцый папярэднікаў, увасаблення ў жыццё сучасных творчых праектаў, захавання культурнай і духоўнай спадчыны нашай краіны.

У гэты святочны дзень жадаю вам дапамогі Божай у служэнні людзям, новых асабістых адкрыццяў, у тым ліку і ў багатым свеце духоўнай літаратуры, удзячных чытачоў і творчых ідэй для выканання вашай высакароднай і неабходнай грамадству дзейнасці!»

Church.by