Мітрапаліт Павел узначаліў цырымонію адкрыцця выстаўкі «Блажэнная Валянціна, духоўная заступніца зямлі Мінскай» у Мінскай духоўнай акадэміі

06 лютага 2019

top.jpg

6 лютага 2019 года, у дзень памяці святой блажэннай Валянціны Мінскай, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, узначаліў цырымонію адкрыцця выстаўкі «Блажэнная Валянціна, духоўная заступніца зямлі Мінскай» у Мінскай духоўнай акадэміі.

У цырымоніі таксама прынялі ўдзел: епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній; епіскап Бараўлянскі Ігнацій; благачынныя Мінскай епархіі, настаяцелі храмаў горада Мінска, выкладчыкі і навучэнцы Мінскай духоўнай акадэміі, шматлікія вернікі.

У акадэмічным храме свяціцеля Кірыла Тураўскага ўладыку Экзарха вітаў рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў).

Мітрапаліт Павел звярнуўся да наведвальнікаў выставы з архіпастырскім словам, у якім нагадаў пра веліч духоўнага подзвігу блажэннай Валянціны Мінскай — нашай суайчынніцы, якая жыла ў 20-м стагоддзі. Уладыка падкрэсліў, што матушка Валянціна дапамагае ўсім, хто звяртаецца да яе з малітвай і шчырай верай у Бога, дзіўнага ў святых Сваіх.

У экспазіцыі прадстаўлены фатаграфіі, якія адлюстроўваюць гісторыю шанавання блажэннай Валянціны Мінскай, а таксама творчыя работы шаснаццаці мастакоў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы — удзельнікаў трэцяга Міжнароднага мастацкага пленэру «Святасць зямлі Беларускай», прысвечанага памяці блажэннай Валянціны і Году малой радзімы ў Беларусі.

Арганізатарамі выставы з'яўляюцца Маладзечанская епархія, Беларускі саюз мастакоў, Мінская абласная арганізацыя Беларускага саюза жанчын.

Дадзены праект з'яўляецца дабрачынным і ажыццяўляецца ўжо трэці год. Працы, прадстаўленыя на выставе, даступныя да набыцця ўсімі ахвотнымі. Сабраныя сродкі прызначаныя для дапамогі дзецям з асаблівасцямі развіцця.

Па благаславенню Патрыяршага Экзарха выстава «Блажэнная Валянціна, духоўная заступніца зямлі Мінскай» у далейшым будзе праходзіць на тэрыторыі ўсёй Мінскай мітраполіі.

Church.by

Фотарэпартаж