Дэлегацыя Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра наведала Рым

21 чэрвеня 2018

top.jpg

У перыяд з 11 па 15 чэрвеня 2018 года па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, дэлегацыя Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых Мяфодзія і Кірыла наведала горад Рым.

У склад дэлегацыі ўвайшлі: старшыня МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» святар Святаслаў Рагальскі; першы прарэктар Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта протаіерэй Сергій Гардун; выкладчык кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ, клірык Барысаўскай епархіі святар Нікадзім Пашкоў і супрацоўнік Хрысьціянскага адукацыйнага цэнтра Вераніка Плахоцкая.

Мэтай паездкі з'яўлялася падрыхтоўка міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай памяці мітрапаліта Ленінградскага і Наўгародскага Нікадзіма (Ротава), правядзенне якой запланавана ў лістападзе 2018 года ў горадзе Мінску, а таксама абмеркаванне напрамкаў далейшага супрацоўніцтва з Пантыфікальнай Радай па садзейнічанню хрысціянскаму адзінству.

У пачатку візіту, 12 чэрвеня, дэлегацыя сустрэлася з прадстаўніком Рады па садзейнічанню хрысціянскаму адзінству святаром Якінфам Дэстывелем, а таксама наведала з экскурсіяй базіліку святога апостала Пятра і горадзе-дзяржаве Ватыкане. У другой палове дня адбылася сустрэча з дырэктарам беларускага аддзялення «Радыё Ватыкана» святаром Аляксандрам Амяльчэней, які распавёў аб дзейнасці радыё і сучасных медыярэсурсах Ватыкана. Вечарам члены дэлегацыі наведалі базыліку святога Клімента Рымскага і пакланіліся мошчам святога роўнаапостальнага Кірыла, вучыцеля Славянскага, якія там спачываюць.

Раніцай 13 чэрвеня ўдзельнікі дэлегацыі прысутнічалі на Генеральнай аўдыенцыі з Папам Рымскім Францыскам, якая праходзіла на плошчы святога апостала Пятра ў Рыме. Па заканчэнні аўдыенцыі адбылася кароткая сустрэча з Папам, у завяршэнне якой Папу была перададзена ў дар ікона Божай Маці «Жыровіцкая», выкананая беларускімі майстрамі.

У другой палове дня 13 чэрвеня дэлегацыя была прынятая рэктарам каледжа «Русікум» святаром Петэрам Дуфкай. Пры яго непасрэдным садзейнічанні члены рабочай групы змаглі азнаёміцца з архіўнымі тэкставымі і фотаматэрыяламі, звязанымі з міжнароднай дзейнасцю мітрапаліта Ленінградскага і Наўгародскага Нікадзіма (Ротава). Было апрацавана звыш 50 дакументаў, сярод якіх маюцца лісты мітрапаліта Нікадзіма і фатаграфіі, падпісаныя яго рукой. Дадзеныя матэрыялы могуць быць выкарыстаны для арганізацыі выставы і канферэнцыі, прысвечанай 40-годдзю з дня скону мітрапаліта Нікадзіма, і 55-годдзя з часу знаходжання яго на Мінскай кафедры.

Увечары таго ж дня дэлегацыя наведала сабор Санта Марыя Маджорэ, дзе ўпершыню была адслужана Бажэственная літургія на славянскай мове ў перакладзе святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла. Затым члены дэлегацыі былі прыняты старшынёй абшчыны святога Эгідзія Рымскага прафесарам Адрыяна Ракуччы, які распавёў аб сацыяльнай і дабрачыннай дзейнасці абшчыны святога Эгідзія.

14 чэрвеня раніцай адбылася працоўная сустрэча дэлегацыі з сакратаром Пантыфікальнай Рады па садзейнічанню хрысціянскаму адзінству біскупам Браянам Фарэлам, на якой былі абмеркаваны далейшыя напрамкі супрацоўніцтва Рады з Хрысціянскім адукацыйным цэнтрам і Інстытутам тэалогіі БДУ, а таксама дэталі маючай адбыцца канферэнцыі, прысвечанай мітрапаліту Нікадзіму (Ротаву). Ад імя беларускай дэлегацыі Пантыфікальнай Радзе была таксама перададзена ў дар ікона Божай Маці «Жыровіцкая».

Увечары ўдзельнікі дэлегацыі наведалі Прадстаўніцтва Рускай Праваслаўнай Царквы ў Рыме — храм святой вялікамучаніцы Кацярыны. Ключнік прыхода храма святой вялікамучаніцы Кацярыны іераманах Амвросій (Мацэгора) правёў экскурсію па комплексе будынкаў Прадстаўніцтва, а таксама распавёў аб яго бягучай дзейнасці.

Хрысціянскі адукацыйны цэнтр / Church.by

Фотарэпартаж