Беларуская Праваслаўная Царква і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі правялі сумесную канферэнцыю

02 лістапада 2019

top.jpg

1 лістапада 2019 года ў Мінску прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя «Праваслаўе ў Беларусі. ХІХ-ХХ ст.» Арганізатарамі форуму выступілі Беларуская Праваслаўная Царква, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Мінская духоўная акадэмія.

Выбар тэматыкі канферэнцыі абумоўлены тым, што ў 2019 годзе Беларуская Праваслаўная Царква адзначае 180-годдзе правядзення Полацкага царкоўнага сабора (1839), які ажыццявіў вяртанне беларуска-літоўскіх уніятаў да праваслаўнага вызнання. Праблемнае поле канферэнцыі прадугледжвала асэнсаванне абставін правядзення і асноўных вынікаў Полацкага сабора.

У склад Прэзідыума канферэнцыі ўвайшлі: акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў А. А. Каваленя; дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі В. В. Даніловіч; епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній; епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін; прадстаўнік апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь К. Д. Чабатарова; рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў); прафесар Маскоўскай духоўнай акадэміі протаіерэй Уладзіслаў Цыпін; сакратар Вучонага савета Кіеўскай духоўнай акадэміі протаіерэй Васіль Якаўчук; загадчык Аддзела гісторыі Беларусі Новага часу НАН Беларусі А. У. Унучак; старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Н.Я. Новік; загадчык кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі протаіерэй Аляксандр Раманчук; прафесар Беластоцкага універсітэта А. В. Мірановіч; прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі дацэнт А. В. Слесараў.

У пачатку пленарнага пасяджэння епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній абвясціў прывітальны адрас мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Затым з прывітальным словам да прысутных звярнуўся акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў А. А. Каваленя. Прывітальны адрас Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Л. П. Гуляка агучыў супрацоўнік апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў К. В. Чабатарова. Сакратар Вучонага савета Кіеўскай духоўнай акадэміі протаіерэй Васіль Якаўчук абвясціў прывітанне ўдзельнікам канферэнцыі рэктара Кіеўскай духоўнай акадэміі епіскапа Белагародскага Сільвестра (Стойчава).

Пасля абвяшчэння прывітанняў прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі дацэнт А. В. Слесараў прадставіў прысутным зборнік матэрыялаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Мітрапаліт Іосіф (Сямашка; 1798-1868): асоба, эпоха, гістарычны шлях Праваслаўя на беларускіх землях». Выпушчаны выдавецтвам Мінскай духоўнай акадэміі зборнік уключае тэксты дакладаў навуковага форуму, які праводзіўся Беларускай Праваслаўнай Царквой і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі 24-26 кастрычніка 2018 года ў Мінску.

У рамках пленарнага пасяджэння прагучалі наступныя даклады:

- Протаіерэй Аляксандр Раманчук, кандыдат багаслоўя, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі, старшы выкладчык кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай акадэміі. Тэма даклада: «Галоўны ўрок Полацкага аб'яднальнага Сабора 1839 года».

- Наталля Яўгенаўна Новік, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Тэма даклада: «Роля Праваслаўнай Царквы ў выхаванні навучэнскай моладзі прафесійных навучальных устаноў Беларусі другой паловы XIX-пачатку XX стагоддзя».

- Протаіерэй Уладзіслаў Цыпін, доктар царкоўнай гісторыі, прафесар Маскоўскай духоўнай акадэміі. Тэма даклада: «Кананічны статус Беларускай Праваслаўнай Царквы ў перыяд нямецкай акупацыі Беларусі (1941 -1944)».

- Антон Васілевіч Мірановіч, доктар гістарычных навук, прафесар Беластоцкага ўніверсітэта (Польшча). Тэма даклада: «Ліквідацыя царкоўнай уніі на тэрыторыі Польскага каралеўства».

Пасля абедзеннага перапынку праца канферэнцыі працягнулася ў рамках пяці тэматычных секцый. На базе Мінскай духоўнай акадэміі прайшлі наступныя секцыі:

- «Полацкі сабор 1839 года і скасаванне царкоўнай уніі на беларускіх землях» (мадэратары: загадчык кафедры царкоўнай гісторыі протаіерэй Аляксандр Раманчук і прафесар Мінскай духоўнай акадэміі В. А. Цяплова)

- «Праваслаўная Царква на беларускіх землях у ХХ стагоддзі» (мадэратары: прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі дацэнт А. В. Слесараў і дацэнт кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта В. В. Бараненка)

- «Хрысціянскія каштоўнасці і сучасная педагогіка» (мадэратары: выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі Ю. М. Мікульскі і старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Р. У. Зянюк).

На базе Інстытута гісторыі НАН Беларусі прайшлі наступныя секцыі:

- «Праваслаўная Царква на беларускіх землях у XIX стагоддзі» (мадэратары: выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі святар Дзмітрый Каўрыга і старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Н. В. Анофранка)

- «Праваслаўе ў культуры Беларусі» (мадэратары: выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі, дацэнт кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Г. А. Лаўрэцкі і загадчык аддзела гісторыі Беларусі Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі А. В. Унучак).

Падчас канферэнцыі адбылося 61 выступленне прадстаўнікоў царкоўнай і свецкай навукі. Усім дакладчыкам былі ўручаны сертыфікаты ўдзельнікаў канферэнцыі, падпісаныя рэктарам Мінскай духоўнай акадэміі архімандрытам Сергіем (Акімавым) і дырэктарам Інстытута гісторыі НАН Беларусі В. В. Даніловічам.

Публікацыя зборніка матэрыялаў міжнароднай навуковай канферэнцыі «Праваслаўе ў Беларусі. ХІХ-ХХ ст.» адбудзецца ў 2020 годзе ў выдавецтве Мінскай духоўнай акадэміі.

МінДА / Church.by

Фотарэпартаж