Архіепіскап Беластоцкі і Гданьскі Іакаў удастоены звання ганаровага грамадзяніна Беластока

09 красавіка 2019

top.jpg

30 сакавіка ў Палацы Браніцкіх у Беластоку адбылася ўрачыстая цырымонія надання звання ганаровага грамадзяніна горада Беластока Высокапраасвяшчэннейшаму Іакаву, архіепіскапу Беластоцкаму і Гданьскаму. Па запрашэнню мэра горада Беластока і старшыні гарадскога савета ў «Паўночны Версаль» прыбылі: епіскап Супрасльскі Андрэй, Падляскі ваявода Багдан Пашкоўскі, консул Польшчы ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк, консул Беларусі ў Беластоку Ала Фёдарава, намеснік мэра Гданьска Пётр Кананюк, дэпутаты парламента Падляшша, прадстаўнік рымска-каталіцкага мітрапаліта Тадэвуша Войды, настаяцелі і клірыкі прыходаў праваслаўнай Беластоцка-Гданьскай епархіі і іншыя запрошаныя госці.

Урачыстае пасяджэнне гарадской рады пад старшынствам Лукаша Пракорыма пачалося роўна апоўдні. Падчас сесіі выступіў мэр Беластока Тадэвуш Трускалацкі, які прамовіў пахвальную прамову на адрас архіепіскапп Іакава, падкрэсліўшы, што ўладыка за апошнія 20 гадоў свайго епіскапскага служэння ажыццявіў у горадзе мноства ініцыятыў, сярод якіх першае ў Польшчы Праваслаўнае радыё «Артадоксія» і фонд «Іканомас» у падтрымку моладзі. Мэр Беластока адзначыў, што «праваслаўны архіепіскап вядомы як чалавек дыялогу і разумення, які грунтуецца на Евангеллі і імкнецца ў кожным чалавеку знайсці добрае. Ён — пастыр і навуковец, але перш за ўсё — чалавек адкрыты для дыялогу і для іншых людзей». У канцы свайго выступлення мэр дадаў, што з глыбокім перакананнем рэкамендуе высокаму савету прысвоіць Высокапраасвяшчэннейшаму Іакаву званне ганаровага грамадзяніна Беластока.

За прысваенне ўладыку звання ганаровага грамадзяніна члены гарадской рады прагаласавалі аднагалосна.

У падзячнай прамове ў адказ архіепіскап Іакаў адзначыў, што «поспех з'яўляецца вынікам добрага супрацоўніцтва з усімі, таму я і падтрымліваў усе станоўчыя ініцыятывы мясцовых уладаў і іншых структур, дзейнічаючы такім чынам на карысць гораду».

— Увесь гэты час, — сказаў архіпастыр — я прагнуў быць побач з усімі жыхарамі Беластока, а не толькі з вернікамі сваёй Царквы. Стараўся працаваць над аб'яднаннем усіх жыхароў, што з'яўляецца неабходнай умовай поспеху ў жыцці горада і яго жыхароў. За апошнія 20 гадоў я быў сведкам мноства перамен. Сёння Беласток — гэта сучасны, чысты і прыгожы горад. Сведчу, што ў Беластоку добрыя ўлады і спецыялісты па развіццю горада.

Архіепіскап адзначыў, што «супрацоўніцтва з уладамі горада было ўзорным, прыкладам чаго з'яўляецца той факт, што ўсякая важная падзея ў жыцці горада пачынаецца з малітвы», і «гэта аргумент на карысць таго, што гарадскія ўлады аднолькава клапоцяцца аб развіцці горада і аб развіцці духу, а таксама памятаюць аб сваім хрысціянскім абавязку».

Карыстаючыся выпадкам, уладыка Іакаў падзякаваў усім беластокцам, з якімі супрацоўнічаў, за іх добразычлівасць і адкрытасць. Ён падкрэсліў, што без іх добразычлівасці і дапамогі мноства спраў немагчыма было б здзейсніць. У канцы свайго выступлення архіепіскап Іакаў паведаміў:

— Сённяшнія ўрачыстасці я не ўспрымаю як ушанаванне маёй асобы, але як знак павагі да тых, хто стаяў побач са мной і падтрымліваў усю маю дзейнасць. Я ўспрымаю гэта ганаровае званне як званне і для маіх папярэднікаў, таму я прысвячаю яго епіскапу Міхаілу, а таксама архіепіскапам Цімафею, Сцяфану, Ніканору і Саву.

Cerkiew.pl / Church.by