Архімандрыт Сергій (Брыч), кіраўнік спраў Мінскай экзархіі

as.jpg(свецкае імя – Сяргей Уладзіміравіч Брыч)

Нарадзіўся 22 чэрвеня 1987 года ў горадзе Драгічын Брэсцкай вобласці. У 2004 годзе скончыў СШ №2 горада Драгічына.

У 2004 годзе паступіў у Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А. С. Пушкіна на гістарычны факультэт, які скончыў у 2009 годзе, атрымаўшы кваліфікацыю выкладчыка «Гісторыі. Сацыяльна-палітычных дысцыплін». У перыяд навучання ва ўніверсітэце, з'яўляўся прыхаджанінам храма свяціцеля Мікалая Цудатворца горада Брэста, дзе нёс послух па выданню газеты «Брацкі лісток».

У 2009 годзе паступіў у Мінскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 2015 годзе з прысваеннем ступені бакалаўра багаслоўя за дыпломную працу на тэму «Віленскае праваслаўнае брацтва: стварэнне, арганізацыя і дзейнасць у XVI — XVIII ст.».

25 снежня 2009 года Праасвяшчэнным Серафімам епіскапам Бабруйскім і Быхаўскім пастрыжаны ў мантыю з імем Сергій, у гонар святога мучаніка Сергія Рымляніна.

27 снежня 2009 года епіскапам Бабруйскім і Быхаўскім Серафімам рукапаложаны ў іерадыякана, а 8 студзеня 2010 года ў іераманаха.

25 студзеня 2010 года прызначаны на пасаду святара, духаўніка і будаўніка жаночага манастыра святых Жанчын-Міраносіц горада Бабруйска і сабора ў гонар дабравернага князя Аляксандра Неўскага.

20 чэрвеня 2010 года прызначаны клірыкам кафедральнага Сабора Свяціцеля Мікалая Цудатворца горада Бабруйска.

14 сакавіка 2011 года прызначаны арганізатарам абшчыны і будаўніком храма ў гонар іконы Божай Маці «Ацаляльніца» горада Бабруйска.

5 чэрвеня 2011 года ў сувязі з рэгістрацыяй абшчыны і выдзяленнем зямельнага ўчастка пад будаўніцтва храма, быў прызначаны настаяцелем прыхода храма ў гонар іконы Божай Маці «Ацаляльніца» горада Бабруйска, а 28 снежня 2013 года па завяршэнні будаўніцтва, адбылося Вялікае асвячэнне гэтага храма.

15 снежня 2014 года ў сувязі са стварэннем Маладзечанскай епархіі, пераведзены ў клір новастворанай епархіі і епіскапам Маладзечанскім і Стаўбцоўскім Паўлам прызначаны загадчыкам канцылярыі, асабістым сакратаром і клірыкам кафедральнага сабора Успення Прасвятой Багародзіцы горада Маладзечна.

10 ліпеня 2015 года пераведзены ў клір Мінскай епархіі і мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, прызначаны клірыкам Свята-Духава кафедральнага Сабора горада Мінска, а 24 верасня прызначаны прарэктарам па адміністрацыйна-гаспадарчай і фінансава-эканамічнай частцы Мінскай духоўнай акадэміі.

У адпаведнасці з рашэннем Сінода Беларускага Экзархату ад 24 сакавіка 2016 года (журнал №15) прызначаны кіраўніком спраў Мінскай Экзархіі з узвядзеннем у сан архімандрыта.

22 ліпеня 2016 года ў Мінскай духоўнай акадэміі абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму: «Гісторыя Віленскага праваслаўнага Свята-Духаўскага брацтва: 1584-1917 гг.».

28 красавіка 2017 года архімандрыт Сергій прызначаны Старшынёй Прыходскага савета Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска.

2 мая 2017 года архімандрыт Сергій вызвалены ад пасады Прарэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай і фінансава-эканамічнай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі згодна з пададзенай заявай.

Узнагароды:

Царкоўныя:

Юбілейны медаль «У памяць 100-годдзя аднаўлення Патрыяршаства ў Рускай Праваслаўнай Царкве» (2017).