Навігатар: Публікацыі / Статьи

Да 120-годдзя асвячэння Аляксандра-Неўскага храма ў Мінску. Праасвяшчэнны Сімяон (Лінькоў), епіскап Мінскі і Тураўскі

14 лютага 2018

top.jpgПа́мятайце настаўнікаў вашых, якія абвяшча́лі

вам слова Божае, і, гледзячы на завяршэнне іх жыццёвага шляху,

пераймайце веру іх (Яўр.13: 7). 

Роўна 120 гадоў таму, 2 лютага 1898 года (15 лютага паводле новага стылю), у самы дзень свята Стрэчання Гасподняга, у храме на Вайсковых могілках у Мінску была здзейснена першая Бажэственная літургія і адбылося яго асвячэнне ў гонар святога дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага. Здзейсніў першую ў гісторыі храма Святую Еўхарыстыю, а таксама чын яго асвячэння правячы Мінскі архіерэй, епіскап Мінскі і Тураўскі Сімяон (Лінькоў), у саслужэнні першага настаяцеля храма, палкавога свяшчэнніка 119-га Каломенскага палка протаіерэя Паўла Багдановіча і духавенства мінскіх цэркваў.

Хацелася б узгадаць у гэты знамянальны і памятны дзень жыццёвы шлях архіпастыра і хоць бы сцісла распавесці пра вехі яго служэння Царкве Хрыстовай.

Прааасвяшчэнны Сімяон, свецкае імя Сяргей Аляксандравіч Лінькоў, нарадзіўся 6 кастрычніка 1836 года ў Маскве, у сям'і псаломшчыка. У 1850 годзе паступіў у Маскоўскую духоўную семінарыю, а ў 1858 годзе — у Маскоўскую духоўную акадэмію, якую скончыў у 1862 годзе па першаму разраду, са ступенню магістра багаслоўя. Пасля чаго быў прызначаны выкладчыкам патрыстыкі, славеснасці, грэчаскай і яўрэйскай моў у Віфанскую духоўную семінарыю, якая месцілася каля Троіца-Сергіевай лаўры.

У лютым 1865 года прыняў манаскі пострыг з імем Сімяон. У гэтым жа годзе рукапаложаны ў іерадыякана, а затым у сан іераманаха. З'яўляўся саборным іераманахам Данскога манастыра ў Маскве. У 1868-69 гадах выконваў абавязкі рэктара Маскоўскай духоўнай семінарыі.

У 1870 годзе быў узведзены ў сан архімандрыта і прызначаны рэктарам Пензенскай духоўнай семінарыі, дзе выкладаў Свяшчэннае Пісанне і дагматычнае багаслоўе. У Пензенскай епархіі ён знаходзіўся на пасадзе настаяцеля Пензенскага Спаса-Праабражэнскага мужчынскага манастыра і благачыннага Свята-Троіцкага жаночага манастыра. З 1872 года — рэдактар перыядычнага выдання «Пензенскія епархіяльныя ведамасці»

У 1875 годзе архімандрыт Сімяон быў прызначаны намеснікам Аляксандра-Неўскай лаўры ў Санкт-Пецярбургу. У лютым 1883 года ў галоўным храме Аляксандра-Неўскай лаўры, Свята-Троіцкім саборы, была здзейснена хіратонія архімандрыта Сімяона ў епіскапа Арлоўскага і Сеўскага. На Арлоўскай кафедры ён знаходзіўся да пачатку чэрвеня 1889 года, калі месцам яго далейшага служэння ў якасці правячага архіерэя з тытулам «Мінскі і Тураўскі» быў вызначаны горад Мінск.

Богаслужэнні ўладыкі Сімяона ў цэрквах Мінскай епархіі адрозніваліся асаблівай велічнасцю і благагавеннем. Штогод ён служыў у многіх храмах надзвычай вялікай Мінскай епархіі, якая налічвала тады больш за пяць сотняў прыходаў і пяць манастыроў. У межах епархіі знаходзіліся Рэчыца, Мазыр і Пінск — на поўдні і Докшыцы — на паўночным захадзе. Духоўную адукацыю можна было атрымаць у Мінскай духоўнай семінарыі, у Мінскім, Пінскім і Слуцкім мужчынскіх духоўных вучылішчах, а таксама ў Мінскім і Парыцкім жаночых духоўных вучылішчах.

У 1890 годзе ўладыка Сімяон асвяціў пабудаваную ў Мінску на сродкі служачых Лібава-Роменскай і Маскоўска-Брэсцкай чыгунак драўляную царкву ў гонар Казанскай іконы Божай Маці. У 50-х гадах ХХ стагоддзя гэтая царква, якая знаходзілася побач з Домам урада, аж да яе закрыцця і разбурэння ў 1962 годзе заставалася, разам з Аляксандра-Неўскім храмам і Свята-Духавым кафедральным саборам, адной з трох мінскіх цэркваў, дзе праходзілі богаслужэнні і здзяйсняліся Таінствы. У 1897 годзе быў завершаны капітальны рамонт Мінскага кафедральнага сабора ў гонар святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, пасля чаго інтэр'ер сабора стаў адрознівацца асаблівай прыгажосцю і багатым убраннем. Храм размяшчаўся на Саборнай плошчы (цяпер плошча Свабоды), а ў 1936 годзе быў разбураны.

Уладыка Сімяон меў вялікі клопат аб манастырах епархіі, спрыяў адкрыццю пры іх навучальных і дабрачынных устаноў. Так, пры Мінскім Свята-Духавым мужчынскім манастыры былі адкрыты царкоўна-прыходская і рамесная школы, пры Слуцкім Свята-Троіцкім — багадзельня; пры Лядзенскім Благавешчанскім — школа для падрыхтоўкі псаломшчыкаў; пры Мінскім Спаса-Праабражэнскім жаночым манастыры —прытулак-багадзельня. У сувязі з гэтым, вуліца, што праходзіла побач,  атрымала назву «Багадзельная», цяпер гэта вуліца Камсамольская. Падчас кіравання Мінскай епархіяй епіскапам Сімяонам неаднаразова праводзіліся агульныя епархіяльныя і акруговыя вучылішчныя з'езды духавенства, засноўваліся царкоўныя брацтвы, ладзіліся царкоўна-прыходскія школы. У 1899 годзе ў епархіі было каля дзвюх тысяч такіх школ, у якіх навучалася 47 370 навучэнцаў.

У 1893 годзе ўладыка Сімяон узначаліў арганізацыю і правядзенне царкоўных урачыстасцяў з нагоды 100-годдзя з часу заснавання Мінскай епіскапскай кафедры. З гэтай нагоды ён звярнуўся да сваёй паствы з асаблівым архіпастырскім пасланнем, у якім заклікаў усіх верных дзяцей «...Праваслаўнай Мінскай Царквы Хрыстовай праславіць Госпада за тое, што Ён умацаваў у непарушным вызнанні святой праваслаўнай веры адных, [а] іншых — у ўз'яднанні са Святою Праваслаўнаю Царквою Хрыстоваю і ўмацаванні ў Праваслаўі». Пры правядзенні ўрачыстых богаслужэнняў асаблівым шанаваннем быў акружаны цудатворны Крупецкі абраз Божай Маці, яўлены ў пачатку XVII стагоддзя ля крыніцы ў маёнтку Крупцы, што ў шасці вярстах ад Мінска. Сімвалічна, што ў 1993 годзе, калі святкавалася 200-годдзе Мінскай епархіі, адбылося адраджэнне шырокага шанавання Крупецкай іконы Прасвятой Багародзіцы — і пачалося яно са шматлюднага хрэснага ходу да месца яўлення гэтай святыні, а потым праявілася ў пабудове тут аднайменнага храма ў яе гонар. У цяперашні час мы можам бачыць на гэтым месцы цэлы храмавы комплекс з асобнай званіцай і велічным залатакупальным храмам у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы.

У 1899 годзе, неўзабаве пасля вяртання з паездкі ў Пецярбург, дзе ён прымаў удзел у пасяджэннях Свяцейшага Сінода ў якасці прысутнага члена гэтага вышэйшага царкоўнага органа, уладыка Сімяон занямог і 31 ліпеня 1899 года, на 63-м годзе свайго зямнога жыцця, мірна адышоў да Госпада. Яго адпяванне было здзейснена 2 жніўня ў мінскім кафедральным саборы, які ён зусім нядаўна ўпрыгожваў. Пасля выхаду з сабора цела ўладыкі было абнесена вакол храма, і па чатырох баках яго былі здзейснены кароткія ліціі аб упакаенні душы спачылага архіпастыра. Затым пахавальная працэсія, якая суправаджалася жалобным звонам усіх мінскіх праваслаўных храмаў, касцёлаў і лютэранскай кірхі, прыбыла да месца пахавання ўладыкі — крыжовую царкву ў гонар Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы пры мінскім архіерэйскім доме. У левым прыдзеле гэтай царквы, побач з магілай свайго папярэдніка, архіепіскапа Мінскага і Тураўскага Варлаама (Чарняўскага), епіскап Сімяон завяшчаў сябе пахаваць, што і было выканана. Па здзяйсненні памінальнай ліціі цела нябожчыка было апушчана ў прыгатаваны склеп і аддадзена зямлі. Неўзабаве тут з'явілася магіла пераемніка ўладыкі Сімяона — архіепіскапа Міхаіла (Цемнарусава), які памёр ад раку ў маі 1912 года.

У 1918 годзе комплекс архіерэйскага падвор'я разам з Пакроўскім храмам быў канфіскаваны ў Царквы рэвалюцыйнай дзяржавай і стаў выкарыстоўвацца ўладамі па іхніх меркаваннях. Тут размяшчаліся розныя савецкія ўстановы: ад заалагічнага музея Акадэміі навук да Беларускага дзяржаўнага музея. У 20-х гадах купалы Пакроўскай царквы былі знесены, а на іх месцы з'явіўся двухсхільны дах. К 1936 году, з выкарыстаннем сцен архіерэйскага дома і былой яго складовай часткі — царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы, быў збудаваны будынак Дома Чырвонай арміі (цяпер гэта Цэнтральны Дом афіцэраў). Пакроўская царква, у якой знаходзіліся пад спудам магілы Мінскіх епіскапаў, была пераабсталявана пад тэатральную залу і стала часткай левага крыла Дома, а тая частка, дзе размяшчаліся службовыя памяшканні і жылыя пакоі архіерэяў, стала цэнтрам фасаднага боку Дома афіцэраў.

У 2008 годзе па ініцыятыве мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха усяе Беларусі (цяпер Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі), рашэннем Міністра абароны Рэспублікі Беларусь была ўтворана рабочая група для вывучэння пытання магчымага месцазнаходжання ў Доме афіцэраў епіскапскіх пахаванняў. У ходзе працы гэтай групы, у склад якой увайшлі таксама і прадстаўнікі Мінскай епархіі, былі зроблены адпаведныя запыты ў архіўныя ўстановы Беларусі і Расіі, прагледжаны перыядычныя выданні за цэлы шэраг гадоў. У выніку даследаванняў было пацверджана, што вышэйназваныя пахаванні сапраўды праводзіліся, аднак якіх-небудзь дакументаў адносна іх лёсу выяўлена не было. Дэталёвы візуальны агляд цокальнага паверха і падвальнага памяшкання Дома афіцэраў толькі пацвердзіў здагадку, што пахаванні там адсутнічаюць. Верагодна, астанкі былі знішчаныя, альбо, у лепшым выпадку, недзе перапахаваныя ў багаборчыя часы.

Малітоўна ўспамінаючы сёння ўладыку Сімяона, будзем захоўваць спадзяванне на тое, што Гасподзь — ці праз дакументы, ці праз людскія сведчанні — усё ж адкрые нам у добры час лёс яго магілы, таксама як і пахаванняў яго сабратоў, Мінскіх архіпастыраў, — архіепіскапа Варлаама і архіепіскапа Міхаіла.

Протаіерэй Мікалай Коржыч, настаяцель прыхода храма дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў горадзе Мінску

Генадзь Шэйкін, сакратар Апякунскага савета прыхода храма дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў горадзе Мінску.

Church.by