Завершаны XV міжнародны моладзевы праваслаўны фестываль «Адзігітрыя»

06 жніўня 2017

top.jpg

У 15-ы раз Віцебшчына гасцінна прыняла міжнародны моладзевы праваслаўны фестываль «Адзігітрыя».

З 31 ліпеня на тэрыторыі праваслаўнага лагера «Дружба» ў вёсцы Вораны праходзіў адборачны тур удзельнікаў фестывалю. У гэты дзень пачалі работу моладзевыя секцыі, а таксама адбыўся сольны канцэрт членаў журы.

У гэтым годзе таленавітых удзельнікаў з Беларусі, Расіі і Украіны ацэньвалі: старшыня журы, паэт, кампазітар, спявак, стваральнік твораў у жанры сучаснай аўтарскай песні Сяргей Грабеннікаў (Варонеж); салістка Арлоўскай філармоніі Наталля Купрыянава (Арол); аўтар-выканаўца Аляксей Кірылаў (Саратаў); музыкант, спявак, кіраўнік фольк-групы «Ярилов зной» Аляксандр Шчарбакоў (Масква); памочнік намесніка Аляксандра-Неўскай лаўры па рабоце з моладдзю, аўтар-выканаўца дыякан Сергій Учанейшвілі (Санкт-Пецярбург); аўтар-выканаўца Анатоль Батракоў (Рыбінск); кампазітар і паэт Аляксандр Іваноў (Віцебск).

1 жніўня ў Палацы культуры гарадскога пасёлка Руба адбыўся канцэрт удзельнікаў фестывалю.

2 жніўня госці мерапрыемства памаліліся за Бажэственнай літургіяй у храме святога вялікамучаніка Панцеляімана ў гарадскім пасёлку Руба, пасля чаго адбылося наведванне музея-сядзібы І. Я. Рэпіна «Здраўнёва». У гэты ж дзень на тэрыторыі лагера быў праведзены круглы стол «Некалькі слоў аб важным», прайшлі майстар-клас па пастаноўцы сцэнічнай прамовы і гутарка аб самапрасоўванні творчасці незалежных выканаўцаў у інтэрнэце. Увечары на тэрыторыі лагера быў арганізаваны баль праваслаўнай моладзі.

3 жніўня на сцэне летняга амфітэатра ў Віцебску адбыўся заключны гала-канцэрт, у якім прынялі ўдзел лаўрэаты міжнароднага фестывалю. З прывітальным словам да гледачоў звярнуўся старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі епіскап Любярэцкі Серафім, вікарый Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі. Уладыка ўручыў узнагароды ўдзельнікам, нумары якіх не ўвайшлі ў праграму заключнага канцэрта, а таксама людзям, без удзелу якіх фестываль не быў бы такім яркім і запамінальным. Самым юным узнагароджаным удзельнікам стаў Аляксандр Антанюк, якому на днях споўніцца толькі 4 месяцы.

Адметнай асаблівасцю юбілейнага моладзевага фестывалю стала тое, што гран-пры падзялілі адразу два канкурсанты. Вышэйшую ўзнагароду конкурсу атрымалі Сяргей Калодкін з Віцебска і Андрэй Саракавы з Бранска.

У завяршэнне канцэрта архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый падзякаваў арганізатарам фестывалю за высокі ўзровень правядзення мерапрыемства. Усе ўдзельнікі гала-канцэрта выканалі фінальную песню «Мы адзіныя».

Працягнецца фестываль пяцідзённым хрэсным ходам у горад Смаленск, дзе ўдзельнікі будуць адзначаць свята іконы Божай Маці «Адзігітрыя».

Віцебская епархія / Church.by