XVI Рэспубліканскія Свята-Еўфрасінеўскія педагагічныя чытанні адбыліся ў Полацку

07 лістапада 2017

top.jpg

2 і 3 лістапада ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 18 імя Еўфрасінні Полацкай горада Полацка» прайшлі XVI Рэспубліканскія Свята-Еўфрасінеўскія педагагічныя чытанні.

Форум быў прысвечаны тэме «Кніга і чытанне як духоўная спадчына Праваслаўя ў культуры беларускага народа».

Чытанні былі праведзены Беларускай Праваслаўнай Царквой, ДУА «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі» пры ўдзеле абласных інстытутаў развіцця адукацыі, Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Полацкага епархіяльнага ўпраўлення, аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага раённага выканаўчага камітэта.

Свята-Еўфрасіннеўскія чытанні прайшлі з мэтай садзейнічаць аб'яднанню намаганняў дзяржавы, Беларускай Праваслаўнай Царквы і грамадскасці ў выхаванні падрастаючага пакалення на аснове традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў беларускага народа, спрыяць прапагандзе лепшага вопыту работы ўстаноў адукацыі ў сферы духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення.

У Рэспубліканскіх педагагічных чытаннях прынялі ўдзел святары Полацкай і Віцебскай епархій, навукоўцы, педагогі Полацкага рэгіёну і розных гарадоў Беларусі.

З прывітальным словам ад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь да ўдзельнікаў педагагічных чытанняў звярнулася начальнік упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы ДУА «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі» Святлана Сазонава. Святлана Міхайлаўна пажадала ўсім поспехаў і выказала ўпэўненасць у тым, што ўдзельнікі чытанняў унясуць свой значны ўклад у захаванне і ўзбагачэнне духоўных і маральных традыцый беларускага народа — дзейснай асновы выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь.

Вітаючы ўдзельнікаў форуму, старшыня Полацкага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Шаўчук адзначыў неабходнасць захоўваць і прымнажаць культуру беларускага народа, выкарыстоўваючы багатую духоўную спадчыну Праваслаўя. Мікалай Мікалаевіч выказаў глыбокую павагу ўсім прысутным і пажадаў плённай працы ў справе асветы і адукацыі.

Пленарнае пасяджэнне адкрыў архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій з дакладам «Значэнне духоўнага чытання ў фарміраванні асобы чалавека».

Архіпастыр пачаў сваё выступленне са згадкі пра тры знакавыя юбілеі: 1155-годдзе слаўнага горада Полацка, 1025-годдзе Полацкай епархіі і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, якія звязаны адной ідэяй асветы, культуры, адукацыі. Уладыка Феадосій прадставіў гасцям рарытэтныя выданні: «Святое Евангелле Апракос поўны» — факсімільнае ўзнаўленне кнігі 1270 года, якое было перададзена Полацкай епархіі мітрапалітам Рыжскім і ўсяе Латвіі Аляксандрам, Кіраўніком Латвійскай Праваслаўнай Царквы, а таксама «Евангелле напрастольное» 1620 года і «Новы Запавет Госпада Нашага Іісуса Хрыста» на беларускай мове, выдадзены ў 2017 годзе.

З дакладамі выступілі:

  • Ірына Афанасьеўна Драздова, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама — «Вывучэнне духоўных каштоўнасцяў Праваслаўя як найважнейшы складнік выхаваўчай дзейнасці ўстаноў адукацыі»;
  • іерэй Аляксій Хацееў, намеснік старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, выкладчык кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі — «Кніжнасць і асвета ў старажытнарускай праваслаўнай традыцыі»;
  • Наталля Віктараўна Сухая, кандыдат педагагічных навук, ганаровы работнік агульнай адукацыі РФ, двухразовы пераможца Прыярытэтнага нацыянальнага праекта «Адукацыя», лаўрэат Усерасійскага конкурсу «Настаўнік года Расіі» — «Выданні Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра: крыніца ведаў аб святынях Айчыны і вопыце духоўнага жыцця»;
  • Вольга Аляксандраўна Рынкевіч, галоўны бібліятэкар навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, намеснік старшыні Каардынацыйнага савета па бібліятэчнай дзейнасці пры Сінадальным аддзеле рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы — «Роля бібліятэк у духоўнай асвеце, патрыятычным і маральным выхаванні падрастаючага пакалення»;
  • Ніна Мікалаеўна Захожая, начальнік упраўлення каардынацыі павышэння кваліфікацыі спецыялістаў выхаваўчай, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай служб ДУА «Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі» — «Кніга як каштоўнасць і духоўны пачатак асобы». 

На форуме выступілі і іншыя педагогі, метадысты, загадчыкі бібліятэк, якія падзяліліся з калегамі сваімі тэарэтычнымі і практычнымі ведамі.

У рамках чытанняў прайшла выстава метадычнай літаратуры для настаўнікаў і бібліятэкараў, а таксама выстава «Духоўнасці Полацкай святло» — экспазіцыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў устаноў адукацыі Полацкага раёна. Работы былі выкананы ў розных тэхніках, сярод якіх — роспіс па шклу, вышыўка, вышыўка крыжыкам, аплікацыя, работа са скурай, выцінанка і інш.

Незабыўнай падзеяй для іншагародніх удзельнікаў чытанняў стала наведванне Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага стаўрапігіяльнага манастыра і размова з ігуменняй Еўдакіяй.

Чытанні працягнуліся круглым сталом «Кніга і чытанне ў духоўна-асветніцкай дзейнасці бібліятэк Беларусі» пад старшынствам архіепіскапа Феадосія, а таксама шэрагам секцый і майстар-класаў.

Полацкая епархія / Church.by