Ва Усіхсвяцкім прыходзе Мінска прайшоў круглы стол «Моцная сям'я — моцная дзяржава»

22 кастрычніка 2020

top.jpg

21 кастрычніка ў Мінску ў Белай зале храма-помніка ў гонар Усіх святых за круглым сталом абмяркоўваліся сямейная палітыка Беларусі, прыярытэт заканадаўчага забеспячэння інстытута сям'і, духоўныя традыцыі. Арганізатарам мерапрыемства выступіла грамадскае аб'яднанне «Беларускі саюз жанчын» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Удзельнічалі ў круглым стале кіраўнікі і прадстаўнікі міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх аб'яднанняў з розных рэгіёнаў, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Як адзначыў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, гэтая сустрэча праходзіць з пэўным акцэнтам і прымушае зірнуць на жыццё па-новаму. Пытанні падтрымкі сям'і з'яўляюцца ключавымі для многіх дзяржаў, і наша краіна — не выключэнне.

Моцная сям'я з'яўляецца сур'ёзнай інвестыцыяй у будучыню краіны, заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч:

— Мы паставілі задачу падняць ролю бацькі. Нашы мужы, бацькі разумеюць, што іх роля — не толькі сфарміраваць матэрыяльную забяспечанасць сям'і, але яшчэ даць любоў, увагу, клопат жонцы і абавязкова дзецям, таму што дзеці, моцная сям'я — гэта сур'ёзная інвестыцыя ў сучаснасць і будучыню нашай краіны.

Многія з прапаноў для ўнясення ў новую Канстытуцыю, па словах намесніка старшыні ГА «Беларускі саюз жанчын» Ліліі Ананіч, датычацца менавіта інстытута сям'і. І тое, што прасочваецца выразна ўжо цяпер — гэта просьба замацаваць заканадаўча вызначэнне шлюбу як саюза мужчыны і жанчыны. Трэба будзе прадумаць узмацненне адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей і адказнасці дзяцей за ўтрыманне бацькоў.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі таксама падкрэсліла:

— Беларусь павінна ўмацоўваць традыцыйныя каштоўнасці. І традыцыйныя каштоўнасці — гэта не толькі інстытут сям'і як мужчыны і жанчыны. Традыцыйныя каштоўнасці — гэта пераемнасць пакаленняў, гэта любоў да сваёй краіны. І вось тут усё павінна пачынацца з сям'і.

Настаяцель Усіхсвяцкага прыхода протаіерэй Фёдар Поўны звярнуў увагу:

— У нашых грамадзян шмат правоў, але няма самага галоўнага — права на нараджэнне. Аборт можа быць дапушчальным па некаторых медыцынскіх абставінах або паказаннях, у выключных выпадках таксама можа быць не забаронены, але дзяржава ў супрацоўніцтве з рэлігійнымі і грамадскімі арганізацыямі павінна рабіць усё магчымае для захавання жыцця дзіцяці. Беларус павінен разумець, што аборт — гэта забойства. Гэта не простая медыцынская працэдура. І тут таксама трэба назваць усё сваімі імёнамі.

Другая частка круглага стала была прысвечана вынікам рэспубліканскага конкурсу сярод друкаваных і электронных СМІ «Моцная сям'я — моцная дзяржава». Перад уручэннем узнагарод Ігар Бузоўскі падзякаваў журналістам за іх працу, аб'ектыўнае асвятленне тэмы і за тое, што матэрыялы напоўнены цеплынёй і клопатам:

— За больш чым дзесяцігадовую гісторыю конкурсу ён стаў сапраўднай падзеяй для журналісцкай супольнасці і не губляе актуальнасці. На творчае спаборніцтва сёлета паступіла амаль 100 работ ад 84 рэдакцый СМІ. Хацеў бы падзякаваць усім удзельнікам конкурсу.

«Свіслацкая газета» / БелТА / Church.by