У Віцебску адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі «Вобраз, традыцыя і час»

18 ліпеня 2018

top.jpg

Па благаславенню Высокапраасвяшчэннага Дзімітрыя, архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага і Высокапраасвяшчэннага Сцяфана, архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага у Віцебску прайшло адкрыццё выставы копій старажытнага фрэскавага жывапісу XI-XII стагоддзяў храмаў Полацка, Пскова, Ноўгарада. Такая важная культурная падзея стала магчымай дзякуючы сумесным намаганням Светлагорскага благачыння Гомельскай епархіі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, аддзела адукацыі і катэхізацыі Віцебскай епархіі.

Урачыстае адкрыццё выставы «Вобраз, традыцыя і час» адбылося 11 ліпеня ў выставачнай галерэі храма Праабражэння Гасподняга г. Віцебска (ніжні храм Свята-Успенскага кафедральнага сабора). Удзельнікаў адкрыцця віталі настаяцель храма Святой велікамучаніцы Варвары аг. Баравікі архімандрыт Аляксій (Жэлянок), кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Віцебскай епархіі протаіерэй Андрэй Смольскі, навуковы супрацоўнік Мастацкага музея Віцебска, захавальнік калекцыі абразоў Грак Алена Валер'еўна, старшыня камісіі па ўзаемадзеянню з грамадскасцю протаіерэй Мікалай Прусакоў. Усе яны адзначылі надзённую неабходнасць пераемнасці пакаленняў, важнасць захавання традыцый і істотную ролю ў гэтай справе жывапісу і іканапісу.

Удзельнікі адкрыцця ўбачылі фрэскавы жывапіс, іканапіс, якія з'яўляюцца копіямі фрагментаў роспісу сцен цэркваў і манастыроў эпохі Кіеўскай Русі. Копіі выканалі выпускнікі кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Экспазіцыю склалі копіі фрэсак ХІІ стагоддзя Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Еўфрасіннеўскага Полацкага манастыра, царквы Нараджэння Багародзіцы Снетагорскага жаночага манастыра каля Пскова (1313 г.), Спаса-Праабражэнскай царквы (каля 1140 г.) Міражскага манастыра ў Пскове. Сцены гэтых храмаў распісаны выявамі святых і біблейскіх сюжэтаў у візантыйскім стылі. Гэты стыль стварае светланоснасць малюнка, каб паказаць, што Сам Бог, які яўляецца свеуту, ёсць Святло: «Я святло свету» (Ін. 8:12). Нават калі на іконе намаляваны святыя, «галоўная дзеючая Асоба» тут Святло, г. зн. Бог, Які абнаўляе чалавека і свет.

Адкрыццё выстаўкі суправаджалася спевам жаночага ансамбля «Благо» пад кіраўніцтвам Вольгі Янчанка.

Гомельская епархія / Church.by