У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца святкаванне Дня праваслаўнай кнігі

07 сакавіка 2017

dpk.jpg

Па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, 10 сакавіка 2017 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца ўрачыстае мерапрыемства «Дзень праваслаўнай кнігі — 2017».

У гэтым годзе урачыстасць прымеркавана да юбілею беларускага кнігадрукавання. У 1517 годзе ў Празе беларускім і ўсходнеславянскім першадрукаром Францыскам Скарынам была выдадзена Псалтыр. Затым вялікі асветнік і гуманіст падрыхтаваў і выдаў астатнія кнігі Старога Запавету пад агульнай назвай «Біблія Руска».

Галоўная мэта Дня праваслаўнай кнігі — прывіццё любові да чытання ў падрастаючага пакалення, развіццё цікавасці да рэлігійнай літаратуры і абазначэнне яе асаблівай ролі ў жыцці кожнага чалавека. Для Беларускай Праваслаўнай Царквы Дзень праваслаўнай кнігі — гэта прызнанне велізарнага значэння духоўнай літаратуры ў маральным выхаванні людзей, у далучэнні іх да тысячагадовай хрысціянскай традыцыі.

Арганізатары мерапрыемства — Выдавецкі савет Беларускай Праваслаўнай Царквы, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Лізавецінскі жаночы манастыр горада Мінска.

Удзел у святкаванні Дня Праваслаўнай кнігі возьмуць: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; архіерэі і духавенства Беларускай Праваслаўнай Царквы; кіраўнікі мясцовых выканаўчых органаў, прадстаўнікі Міністэрстваў культуры, адукацыі, інфармацыі Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі і супрацоўнікі дыпламатычных місій, рэктары вышэйшых навучальных устаноў, навучэнцы духоўных школ і свецкіх навучальных устаноў Беларусі.

10 сакавіка 2017 года ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі у 14:30 адбудзецца адкрыццё экспазіцыі рэдкіх выданняў Бібліі з удзелам мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, і дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Р. С. Матульскага.

У 15:00 у канферэнц-зале бібліятэкі адбудзецца ўрачыстае мерапрыемства, падчас якога адбудзецца цырымонія перадачы дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» у дар бібліятэцы Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама ўзнагароджанне пераможцаў конкурсаў творчых літаратурных і даследчых работ навучэнцаў, прымеркаваных да 500-годдзя выдання Бібліі Францыскам Скарынам, праведзеных Інстытутам тэалогіі.

Узнавіць атмасферу з'яўлення першай друкаванай кнігі дапамогуць выступленні ансамбля скрыпачоў «Сугучча» гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка (мастацкі кіраўнік Г. А. Ганчарова) і дзіцячага харавога калектыву пры нядзельнай школе Лізавецінскага манастыра (мастацкі кіраўнік М. В. Бахвалава), якія выканаюць канты на пералажэнні Сімяонам Полацкім біблейскіх псалмоў.

З 12:00 да 19:00 у фае канферэнц-залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі:

- «Скрыпторый» — экспазіцыя майстэрні па перапісванні кніг часоў прападобнай Еўфрасінні Полацкай, дзе можна будзе пазнаёміцца з гісторыяй кнігапісання і асветніцкай дзейнасцю святой Еўфрасінні, навучыцца славянскаму пісьму і паспрабаваць сябе ў каліграфіі;

- дзіцячая пляцоўка, дзе можна будзе сустрэцца з аўтарамі дзіцячай духоўнай літаратуры, паэтамі і літаратуразнаўцамі: Аленай Міхаленка, Таццянай Дашкевіч, Аленай Піменавай, а бацькам — пагутарыць з паэтам і рэдактарам Ігарам Палевіковым аб карысці сямейнага чытання;

- літаратурнае кафэ, дзе за кубкам духмянага манастырскага чаю можна будзе пагрузіцца ў чытанне або паўдзельнічаць у гутарцы;

- выстава кніг беларускіх праваслаўных выдавецтваў: выдавецтва Беларускага Экзархату, выдавецтва Лізавецінскага манастыра, выдавецтва брацтва ў гонар святога Архістратэга Міхаіла, выдавецтва Петра-Паўлаўскага сабора ў горадзе Мінску і выдавецтва Зміцера Харчанкі, якія прадставяць свае навінкі дзіцячай літаратуры, праваслаўных мастацкіх выданняў, твораў святых айцоў і вучыцеляў Царквы, а таксама катэхізічных духоўна-асветных кніг.

Уваход вольны. Заходзіць трэба з правага бакавога ўваходу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Прадстаўнікі СМІ запрашаюцца да 14:00. Заяўкі на акрэдытацыю дасылаць на электронны адрас batleika2015@yandex.ru. Даведкі па тэлефоне: +37529-185-47-88; +37529-270-44-94 (Валянціна Сцяпанава).

Church.by