У Мінскай духоўнай семінарыі прайшлі III Чытанні памяці свяшчэннамучаніка Пятра (Палянскага)

09 чэрвеня 2018

top.jpg

8 чэрвеня 2018 года ў Мінскай духоўнай семінарыі пад старшынствам рэктара архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя прайшла навуковая канферэнцыя «III Чытанні памяці свяшчэннамучаніка мітрапаліта Круціцкага Пятра (Палянскага, 1862-1937)». У працы канферэнцыі прынялі ўдзел выкладчыкі і студэнты Мінскай духоўнай семінарыі, а таксама святары Навагрудскай епархіі.

Чытанні з'яўляюцца навуковым форумам, прысвечаным памяці Патрыяршага Месцаблюсціцеля мітрапаліта Круціцкага Пятра (Палянскага), і ў Мінскай духоўнай семінарыі праводзяцца штогод. Свяшчэннамучанік Пётр узначальваў Рускую Праваслаўную Царкву з 1925 па 1937 гады, калі атэістычныя ганенні на рэлігію ў Савецкім Саюзе дасягнулі свайго найвышэйшага развіцця. Па гэтай прычыне з імем мітрапаліта Пятра (Палянскага), які многія гады правёў у зняволенні і быў расстраляны ў 1937 годзе, асацыіруецца найбольш цяжкі перыяд рускай царкоўнай гісторыі.

Для Мінскай духоўнай семінарыі памяць пра свяшчэннамучаніка мітрапаліта Пятра мае асаблівую значнасць. На працягу дзесяці гадоў, з 1896 па 1906 гады будучы свяціцель узначальваў Жыровіцкае духоўнае вучылішча. Вынікам прац П. Ф. Палянскага стала рашэнне Вучылішчнага камітэта пры Свяцейшым Сінодзе аб прызнанні вучылішча прыкладным па пастаноўцы вучэбнай і выхаваўчай работы.

У 2016 годзе рэктар Мінскай духоўнай семінарыі архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый ініцыіраваў штогадовае правядзенне Чытанняў памяці свяшчэннамучаніка Пятра (Палянскага) з мэтай захавання памяці пра навамучанікаў, вызнаўцаў і ўсіх праваслаўных хрысціян, нявінна пацярпелых у гады масавых рэпрэсій.

Адкрываючы мерапрыемства, Высокапраасвяшчэннейшы архіепіскап Гурый падаў архіпастырскае благаславенне ўдзельнікам канферэнцыі і падкрэсліў асаблівую значнасць захавання памяці аб тых праваслаўных хрысціянах, якія ў ХХ стагоддзі сталі нявіннымі ахвярамі масавых рэпрэсій.

Першым перад прысутнымі выступіў прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі дацэнт А. В. Слесараў, кандыдат багаслоўя, які зрабіў даклад аб прававым становішчы праваслаўнага духавенства ў савецкай дзяржаве ў 1918-1936 гадах.

Выкладчык кафедры гісторыі і турызму гуманітарнага факультэта, намеснік дэкана механіка-тэхналагічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага універсітэта кандыдат гістарычных навук В. В. Бараненка распавёў аб працэсе арганізацыі абнаўленцкіх епархіяльных органаў на тэрыторыі Усходняй Беларусі ў 1922-1923 гадах.

У сваім дакладзе дацэнт кафедры гісторыі славян і спецыяльных гістарычных дысцыплін гістарычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, кандыдат гістарычных навук С. Ф. Верамееў распавёў аб становішчы праваслаўнага духавенства ў Беларусі ў пачатку 1950-х гадоў.

Выступленне дацэнта кафедры гісторыі славянскіх народаў гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна кандыдата гістарычных навук А. М. Свірыда было прысвечана нацыянальнаму аспекту ўсходняй палітыкі Ватыкана ў Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гады.

Выкладчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы кандыдат гістарычных навук А. С. Горны ў сваім дакладзе звярнуўся да праблемы рэпрэсій праваслаўнага духавенства з боку польскай Арміі Краёвай у 1941-1944 гадах.

У завяршэнне канферэнцыі рэктар Мінскай духоўнай семінарыі архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый здзейсніў памінальную ліцію аб усіх нявінна пацярпелых у гады ганенняў на Рускую Праваслаўную Царкву ў ХХ стагоддзі.

Матэрыялы канферэнцыі будуць апублікаваны ў чарговым нумары царкоўна-гістарычнага альманаха «ΧΡΟΝΟΣ» (галоўны рэдактар — дацэнт А. В. Слесараў) з наступным размяшчэннем тэкстаў дакладаў у навукаметрычнай базе Расійскі індэкс навуковага цытавання (РИНЦ) і расійскай навуковай электроннай бібліятэцы «КиберЛенинка».

МінДС / Church.by