Урачыстасці ў гонар роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла адбыліся ў Мінску

24 мая 2018

top.jpg

24 мая 2018 года ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска прайшлі ўрачыстасці ў гонар роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла і Дня славянскага пісьменства і культуры.

Для кафедральнага сабора гэты дзень зьяўляецца двайным святам, паколькі прастол яго хрысцільнага крыптавага храма асвячоны ў гонар святых салунскіх братоў.

Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Бажэственную літургію ў Свята-Духавым саборы ўзначаліў старшыня Сінадальнага аддзела па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін. Яго Праасвяшчэнству саслужылі клірыкі Мінскай епархіі.

На сугубай екценні прагучалі прашэнні аб тэзаімянітым Свяцейшым Патрыярху Кірыле.

Епіскап Веніямін здзейсніў малітву аб міры на Украіне.

Богаслужэбныя спевы выканаў архіерэйскі хор пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага.

Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў іерэй Іаан Парфёнаў.

Пасля адпуста літургіі епіскап Веніямін ўзначаліў хрэсны ход саборнага духавенства і святароў, якія прыбылі на ўрачыстасць з храмаў Мінскай епархіі. У святочным шэсці акрамя клірыкаў прынялі ўдзел студэнты і адміністрацыя Мінскай духоўнай акадэміі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламатычнага корпуса. Падчас хрэснага ходу здзяйсняўся малебен роўнаапостальным Мяфодзію і Кірылу.

Хрэсны ход са Свята-Духава сабора накіраваўся да мемарыяльнай дошкі, што на паўночнай сцяне Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора, прысвечанай святым настаўнікам славян. Каля дошкі адбылася ўрачыстая цырымонія праслаўлення салунскіх братоў. Праасвяшчэнны Веніямін, прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламатычнага корпуса ўсклалі кветкі да яе падножжа.

Затым хрэсны ход накіраваўся да Мінскага замчышча. У шляху да ўрачыстага шэсця далучылася духавенства і прыхаджане Петра-Паўлаўскага сабора на чале з настаяцелем протаіерэем Георгіем Латушкам, а таксама прыхаджане Кірыла-Мяфодзьеўскага храма разам з настаяцелем іерэем Святаславам Рагальскім.

Ля фундамента першага мінскага храма епіскап Веніямін звярнуўся да прысутных з прывітальным словам. Уладыка падкрэсліў важнасць подзвігу роўнаапостальных братоў для ўсёй славянскай культурнай прасторы і звярнуў увагу, што ў даўніну асвета кніжная распаўсюджвалася паралельна з асветай духоўнай. Другая дапаўняла першую — без духоўнай асветы не магла гарманічна фарміравацца наша родная славянская культура. Моц падмурку, які заклалі святыя асветнікі, заключаецца ў характары іх місіі – без гвалту, без пагарды да людзей, якім яны неслі слова Божае.

Затым Яго Праасвяшчэнства і саслужачае духавенства здзейснілі малітву роўнаапостальным асветнікам славян, па заканчэнні якой прагучалі прывітанні высокіх гасцей. З Днём славянскага пісьменства і памяццю роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла тых, хто сабраўся, павіншавалі: намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Алена Іванаўна Радчанка, намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алег Аляксандравіч Скарына, саветнік пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Маратавіч Крупо, саветнік Пасольства Рэспублікі Балгарыя ў Рэспубліцы Беларусь спадар Пламен Нецаў.

У завяршэнне свята епіскап Веніямін падзякаваў удзельнікам урачыстасці за сумесную малітву і заклікаў усіх быць вернымі захавальнікамі спадчыны святых братоў Кірыла і Мяфодзія.

Church.by 

Фотарэпартаж