Старшыня Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы правёў прэзентацыю перакладу Новага Запавету на беларускую мову

20 кастрычніка 2017

top.jpg

19 кастрычніка 2017 года епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел, старшыня Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы, узначаліў прэзентацыю перакладу Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на беларускую мову.

Прэзентацыя адбылася ў Палацы культуры горада Маладзечна.

На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі: першы намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Мікалай Каткавец; старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын, дырэктар Палаца культуры горада Маладзечна Святлана Сарока; дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага Рыгор Сарока; член Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы прафесар протаіерэй Сергій Гардун; выкладчык Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі дацэнт протаіерэй Георгій Сакалоў; прарэктар па навукова-багаслоўскай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі дацэнт Аляксандр Слесараў.

У выставачным фае Палаца культуры былі прадстаўлены экспазіцыі рукапісных і старадрукаваных кніг са збору царкоўна-археалагічнага музея Мінскай духоўнай семінарыі, а таксама кніг з фонду Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Протаіерэй Сергій Гардун падкрэсліў, што новы пераклад на сучасную літаратурную беларускую мову стаў вынікам 25-гадовай працы Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Аб ходзе працы над перакладам госці змаглі даведацца з экскурсу протаіерэя Георгія Сакалова.

Епіскап Павел адзначыў важнасць перакладу Новага Запавету як для Беларускай Праваслаўнай Царквы, так і для ўсёй Рэспублікі Беларусь, і выказаў надзею, што праца Біблійнай камісіі не спыніцца на дасягнутым.

Урачысты вечар завяршыўся канцэртам мітрапалічага хору Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага.

Маладзечанская епархія / Church.by