Пасланне мітрапаліта Філарэта, Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, з нагоды 30-годдзя ўтварэння Беларускага Экзархату

28 верасня 2019

top.jpg

Узлюбленыя ў Госпадзе Высокапраасвяшчэнныя і Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры!

Сардэчна вітаю вас у гэтыя дні, калі Праваслаўная Царква святкуе Сусветнае Уздзвіжанне Пачэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга, і разам з вамі радуюся знамянальнай даце — 30-годдзю ўтварэння Беларускага Экзархату Маскоўскага Патрыярхату.

Думкамі вяртаючыся ў далёкі 1989 год, зноў і зноў пераконваюся, што Промысл Божы вядзе нас па жыцці. У тыя часы, калі мне давялося ўзначаліць сталічную Мінскую кафедру, у Беларусі была толькі адна епархія, у Мінску дзейнічалі толькі два храмы, колькасць прыходаў у краіне скарачалася. Здавалася, што памяць аб славутым хрысціянскім мінулым Белай Русі практычна страчана ў свядомасці нашых суайчыннікаў.

Але, як абвяшчае Евангелле, Бог можа з камянёў  узвесці дзяцей Аўрааму (Лк. 3:8). Для нашага Госпада няма нічога немагчымага, і Ён, калі пажадае, можа ўдыхнуць жыццё нават у тое, што, паводле нашага разумення, уяўляецца зусім нежыццяздольным. Пасля святкавання ў 1988 годзе 1000-годдзя Хрышчэння Русі ў нашым грамадстве наступіла эпоха перамен, духоўную прыроду якіх нам яшчэ належыць асэнсаваць ў поўнай меры. У 1989 годзе Свяшчэнны Сінод аднавіў гістарычную справядлівасць, адрадзіўшы старажытныя Полацкую, Магілёўскую і Пінскую епархіі, а затым прыняў рашэнне заснаваць Беларускі Экзархат.

З упэўненасцю, з глыбіні сэрца сведчу: стварэнне Беларускага Экзархату не было ўсяго толькі адміністрацыйным, «фармальным» дзеяннем Свяшчэннаначалля нашай Царквы. Гэтае рашэнне спрыяла яднанню беларускай паствы ва ўлонні Маці — Рускай Праваслаўнай Царквы. Наш беларускі народ, які дараваў свету многіх дзівосных падзвіжнікаў, ад веку закліканы спадзявацца на імя Хрыста Спасіцеля. Вось самая трывалая падстава існавання Беларускага Экзархату.

Знамянальная гадавіна заклікае да таго, каб у сардэчнай цішыні з удзячнасцю памянуць усіх удзельнікаў працэсу адраджэння Праваслаўя ў Беларусі. Дзякуй Богу — гэтых людзей, што папрацавалі на сумленне дзеля карысці Царквы, вельмі шмат. Гэта як духоўныя асобы, так і свецкія; як вядомыя дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, так і сціплыя простыя людзі, іх імёны, Госпадзе, Ты Сам ведаеш... Многія з іх жывыя, іншыя ўжо адышлі ў вечнасць. Малітоўным хадайніцтвам Сабора Беларускіх святых спасі і памілуй Хрысце ўсіх вас, дарагія!

Жадаю Вам здароўя, душэўнай бадзёрасці, а самае галоўнае — любові да Бога і блізкіх. Трывайце, стойце ў веры, будзьце мужнымі, мацуйцеся; усё ў вас няхай будзе з любоўю (1 Кар. 16:13-14).

З малітвай пра вас і надзеяй на ласку Божую

Мітрапаліт ФІЛАРЭТ,

Ганаровы Патрыяршы Экзарх

усяе Беларусі