Падведзены вынікі трансгранічнага культуралагічнага праекта «Шляхамі Скарыны: да 500-годдзя выдання Пражскай Бібліі»

15 лістапада 2017

Безназвания.png

14 лістапада 2017 года ў Мінску ў Доме дружбы адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная падвядзенню вынікаў трансгранічнага культуралагічнага праекта «Шляхамі Скарыны: да 500-годдзя выдання Пражскай Бібліі».

Удзел у прэс-канферэнцыі прыняў старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Сергій Лепін.

Прэс-канферэнцыя была арганізавана Дабрачынным фондам «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» і ГА «Беларускі фонд культуры» пры садзейнічанні Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў.

З прэзентацыяй трансгранічнага культуралагічнага праекта «Шляхамі Скарыны: да 500-годдзя выдання Пражскай Бібліі» выступіў Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь у 1990-1994 гадах, намеснік старшыні Камісіі па міжнародных справах Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, ганаровы старшыня Дабрачыннага фонду «Спадчына М. К. Агінскага» Пятро Краўчанка.

З 8 па 20 кастрычніка бягучага года Дабрачынны фонд «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» і ГА «Беларускі фонд культуры» ажыццявілі азначаны пан'еўрапейскі трансгранічны культуралагічны праект, у ходзе якога афіцыйная дэлегацыя і група музыкантаў Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага наведалі Кракаў, Прагу, Падую, Фларэнцыю, Рым, Грац і Варшаву.

Квінтэсенцыю гэтай культурнай місіі арганізатары выказваюць словам Memoria, паколькі яна была прысвечана ўшанаванню памяці Ф. Скарыны і М. К. Агінскага, наданні залатому юбілею беларускага кнігадрукавання асаблівай значнасці, маштабнасці і агульнаеўрапейскага гучання. Ініцыятары праекта імкнуліся пазнаёміць інтэлектуальныя эліты Старога Свету з духоўным і культурным патэнцыялам беларускай нацыі, а таксама на паказе канкрэтнай дзейнасці названых фондаў прадэманстраваць еўрапейскай грамадскасці узорны прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў духоўнай сферы, гарманічнага і творчага ўзаемадзеяння дзяржаўных структур і інстытутаў грамадзянскай супольнасці, якія атрымліваюць усё больш шырокае развіццё і працуюць на прынцыпах ініцыятывы, самаакупнасці, самарэгулявання і калектывізму, што сведчыць аб паглыбленні працэсу дэмакратычных перамен у Беларусі.

9 кастрычніка дэлегацыя была прынята прарэктарам па міжнародных сувязях Кракаўскага Ягелонскага ўніверсітэта і ўсклала кветкі ў яго галоўным корпусе (Калегіум Новум) да мемарыяльнай дошкі ў гонар Скарыны.

10 кастрычніка падобная акцыя адбылася ля першага ў свеце замежнага помніка беларускаму першадрукару ў Празе, у ходзе якой кашолка кветак да яго была ўскладзена кіраўніком дэлегацыі і Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Чэшскай Рэспубліцы Валерыем Мікалаевічам Курдзюковым. Тут жа адбыўся невялікі імправізаваны канцэрт з удзелам лаўрэата міжнародных конкурсаў Андрэя Мацюшонка.

11 кастрычніка дэлегацыя была прынята віцэ-мэрам па культуры горада Падуя спадарыняй Франчэскай Бенцыаліні. Затым у Падуанскім універсітэце ў гістарычнай зале «Аула Манія», дзе ў XVI стагоддзі чытаў лекцыі па матэматыцы Галілеа Галілей, адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы гэтай навучальнай установе 20-томнага факсімільнага выдання Бібліі Скарыны, выдадзенай да юбілею дзякуючы спонсарскай дапамозе старшыні праўлення банка «БелВЭБ» Лузгіна Мікалая Уладзіміравіча, а таксама афорта беларускага мастака Генадзя Вяля «Бівлия Руска». Кіраўніком дэлегацыі і Генеральным Консулам Рэспублікі Беларусь у Італьянскай Рэспубліцы Вольгай Іванаўнай Далгаполавай была ўскладзена кашолка кветак да мемарыяльнай дошкі ў гонар Скарыны, усталяванай 20 кастрычніка 1992 года тагачасным Міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь Пятром Краўчанка. Вялікае эмацыянальнае ўздзеянне на прысутных аказаў мемарыяльны канцэрт, прысвечаны вялікаму асветніку.

12 кастрычніка кіраўніцтва Фонду імя Агінскага было прынята віцэ-мэрам па культуры горада Фларэнцыі, якая затым разам з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Італьянскай Рэспубліцы Аляксандрам Яўгенавічам Гур'янавым і кіраўніком дэлегацыі прыняла ўдзел у цырымоніі ўскладання кошыкаў кветак да мармуровага саркафага Міхаіла Клеафаса Агінскага, пахаванага ў Нацыянальным Пантэоне Італіі (сабор Санта-Крочэ). Гэта мемарыяльнае мерапрыемства было завершана канцэртам музыкаў актэта Маладзечанскага каледжа з удзелам саліста Андрэя Мацюшонка. Была дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб уключэнні імя і творчасці М. К. Агінскага ў пан'еўрапейскі культуралагічны праект «Memoria».

Кульмінацыяй паездкі стала цырымонія перадачы ад імя ўдзячнай Беларусі мемарыяльнай дошкі ў гонар святых роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія, якая адбылася 14 кастрычніка ў саборы Сан-Клементэ (Рым).

У цырымоніі прынялі ўдзел: Пасол Беларусі ў Італіі Аляксандр Яўгенавіч Гур'янаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Ватыкане, былы Міністр культуры Расійскай Федэрацыі Аляксандр Аляксеевіч Аўдзееў, кіраўнікі і прадстаўнікі дыпмісій Сербіі, Балгарыі, Македоніі, Чарнагорыі і Польшчы. Прадстаўніком місіі Рускай Праваслаўнай Царквы пры Ватыкане было зачытана прывітальнае пасланне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, а начальнікам сакратарыята знешніх сувязяў Радыё Ватыкана — пасланне мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Аўтарам мемарыяльнай дошкі з'яўляецца вядомы беларускі скульптар Валяр'ян Янушкевіч.

Ініцыятарам і фундатарам гэтага праекта, які быў пачаты больш за 20 гадоў таму, стаў Пётр Краўчанка, які фінансаваў яго з асабістых сродкаў.

У заключэнне ўрачыстага мерапрыемства быў праведзены канцэрт памяці выдатных славянскіх асветнікаў, якія далі сямі народам Еўропы (рускім, беларусам, украінцам, балгарам, сербам, македонцам і чарнагорцам) кірыліцу.

Характэрна, што гэты ўнікальны і маштабны праект стаў магчымы дзякуючы фінансавай падтрымцы Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Рэспубліцы Беларусь і асабіста спадарыні Андрэа Віктарын (праграма «Мост», кіраўнік — доктар Ёханэс Даль), Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у асобе начальніка ўпраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва Андрэя Валер'евіча Бушыла, а таксама кіраўнікоў дыпламатычных місій Італіі, Польшчы, Германіі, Літвы і Ватыкана ў Рэспубліцы Беларусь Стэфана Б'янкі, Конрада Паўліка, Петэра Дэтмара, Андруса Пулокаса і арцыбіскупа Габара Пінтэра.

Асабліва важнае значэнне ў правядзенні гэтай культурнай місіі, якая аб'ядноўвае народы Беларусі і Італіі, адыграла Пасольства Рэспублікі Беларусь у Італьянскай Рэспубліцы і асабіста Пасол Аляксандр Гур'янаў, а таксама Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Мілане Вольга Далгаполава і віцэ-консул Пасольства Крысціна Адамовіч, без удзелу якіх правядзенне гэтых мерапрыемстваў было б немагчымым.

Словы падзякі арганізатары выказваюць і ў адрас Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Чэшскай Рэспубліцы Курдзюкова Валерыя Мікалаевіча.

Інфармацыйнымі партнёрамі мерапрыемства сталі АНТ, газета «СБ. Беларусь сёння» і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, арганізацыйным партнёрам — вядомая фірма «Трэвел».

Прэс-цэнтр Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў / Church.by