Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, узяў удзел у V Пленуме Хрысціянскага міжканфесійнага кансультатыўнага камітэта

27 красавіка 2017

top.jpg

Прадстаўнікі праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх хрысціянскіх абшчын краін СНД і Балтыі прынялі ўдзел у  V Пленуме Хрысціянскага міжканфесійнага кансультатыўнага камітэта (ХМКК), які адбыўся 26 красавіка 2017 года ў Канстанцінаўскім палацы ў Санкт-Пецярбургу. У ліку ўдзельнікаў сустрэчы былі прадстаўнікі Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, Украіны і Эстоніі.

Удзел у Пленуме прыняў і мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Мадэравалі дыскусію, прысвечаную тэме «Вера і пераадоленне грамадзянскага супрацьстаяння: урокі стагоддзя», сустаршыня ХМКК — старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, ардынарый каталіцкай архідыяцэзіі Божай Маці ў Маскве арцыбіскуп Паола Пеццы і арцыбіскуп Эвангеліцка-Лютэранскай Царквы Расіі Дзітрых Бауэр. Рашэнне членаў ХМКК, якія прадстаўляюць пратэстантаў, аб абранні Дзітрыха Бауэра сустаршынёй Камітэта, было абвешчана на гэтым Пленуме.

З прывітаннем на адрас удзельнікаў форуму звярнуўся Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі У.У. Пуцін.

На адкрыціі паседжання прывітальнае пасланне Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

У адрас Пленума таксама паступілі прывітанні ад губернатара Санкт-Пецярбурга Г. С. Палтаўчанкі, ад Міністэрства замежных спраў Расійскай Федэрацыі.

Мітрапаліт Санкт-Пецярбургскі і Ладажскі Варсанофій звярнуўся да прысутных з прывітальным словам.

З дакладамі па тэме Пленума выступілі старшыня АЗЦС мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, ардынарый архідыяцэзіі Божай Маці ў Маскве арцыбіскуп Паола Пеццы, а таксама біскуп Даўгаўпілскай епархіі Лютэранскай Царквы Латвіі Эйнарс Алпе.

Пасля пленарнага пасяджэння абмеркаванні працягнуліся ў рамках чатырох круглых сталоў.

Удзельнікі форуму зацвердзілі новую рэдакцыю Палажэння аб Хрысціянскім міжканфесійным кансультатыўным камітэце, а таксама  Камюніке.

Па рэзультах работы быў прыняты  выніковы дакумент — Зварот удзельнікаў Пленума. У ім адзначана, што трагічныя падзеі пачатку XX стагоддзя мелі не толькі сацыяльныя і эканамічныя прычыны, але ў першую чаргу былі выкліканыя глыбокім духоўным крызісам тагачаснага грамадства. Пад сумнеў былі пастаўленыя традыцыйныя прынцыпы ўладкавання народнага жыцця, у аснове якога спрадвеку ляжала імкненне прытрымлівацца праўды Божай. Проціпастаўленне адна адной узведзеных у абсалют палітычных ідэй прывяло да жорсткай братазабойчай бойні і масавых рэпрэсій, у выніку якіх пацярпелі мільёны людзей.

«Раны тых падзей даюць аб сабе знаць да гэтага часу. Іх вылячэнне патрабуе не толькі часу, але і духоўнага подзвігу: пакаяння і ўзаемнага прабачэння. Кожны бок канфлікту адстойваў сваю класавую або сацыяльную праўду. Але гісторыя вучыць, што, калі такая, заўсёды частковая, праўда, абсалютызуецца і на падставе гэтага адна з частак грамадства супрацьпастаўляецца другой — адбываецца грамадзянскі выбух, які руйнуе асновы дзяржаўнага парадку і сацыяльных адносін. Заклікаючы да прабачэння і пакаяння, хрысціяне сведчаць, што ёсць больш высокая праўда: праўда прыняцця іншага, любові да бліжняга і служэння адзін аднаму. Менавіта трыманне гэтай праўды з'яўляецца падставай для мірнага і стваральнага жыцця людзей і народаў», — гаворыцца ў дакуменце.

«Здзяйсняючы сёння сваё служэнне ў пятнаццаці незалежных дзяржавах, прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій — членаў ХМКК ўсведамляюць сваю адказнасць за лёс іх народаў, — гаворыцца ў Звароце. — Як падкрэсліў у сваім прывітанні Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, «асэнсоўваючы ўрокі XX стагоддзя, сёння ўсе мы пакліканы ўносіць свой уклад у пабудову міру і згоды ў грамадстве. Перакананы: гэта дазволіць пазбегнуць у будучыні многіх памылак, здольных прывесці да новых раздзяленняў». Правільнае засваенне урокаў гісторыі здольнае зберагчы ад паўтарэння трагедый мінулага».

Удзельнікі V Пленума ХМКК выказалі надзею, што «голас хрысціянскіх абшчын будзе пачуты, і дыскусія, якая ідзе ў нашых грамадствах адносна падзей стогадовай даўнасці, атрымае развіццё ў канструктыўным ключы, у духу прымірэння, братэрскай згоды і любві».

У завяршэнне пасяджэння старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Іларыён падзякаваў навучэнцам Санкт-Пецярбургскай праваслаўнай духоўнай акадэміі і семінарыі, якія дапамагалі пры арганізацыі і правядзенні мерапрыемства.

Служба камунікацыі АЗЦС / Church.by