Мітрапаліт Веніямін наведаў сталічны хоспіс

21 кастрычніка 2020

top.jpg

З 2016 года Беларуская Праваслаўная Царква і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь рэалізуюць сумесны праект «Дарогай Міласэрнасці — дапамога хоспісам Беларусі» , у рамках якога Царква рэгулярна дапамагае медыцынскім установам анкалагічнага і паліятыўнага профілю: перадае дыхальнае абсталяванне, сродкі гігіены і расходныя матэрыялы, арганізуе дапамогу добраахвотнікаў на месцах.

Чарговым этапам рэалізацыі праекта стаў архіпастырскі візіт мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у аддзяленне паліятыўнай медыцынскай дапамогі «Хоспіс» пры 11-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска. Уладыка здзейсніў у хоспісе малебен, пагутарыў з пацыентамі і медыкамі.

У сустрэчы з яго Высокапраасвяшчэнствам прынялі ўдзел: намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка; галоўны ўрач 11-й гарадской клінічнай бальніцы Жанна Казачонак; старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню Беларускай Праваслаўнай Царквы, настаяцель прыхода храма іконы Божай Маці «Усецарыца» ў горадзе Мінску протаіерэй Кірыл Шолкаў; загадчыца аддзялення паліятыўнай медыцынскай дапамогі «Хоспіс» Наталля Пятрова; добраахвотнікі прыхода храма іконы Божай Маці «Усецарыца».

У слове да прысутных мітрапаліт Веніямін падкрэсліў, што невылечна хворыя людзі маюць патрэбу не толькі ў кваліфікаваным медыцынскім суправаджэнні, але і ў добрым слове, духоўнай падтрымцы і малітве.

Архіпастыр адзначыў, што гэта яго першае наведванне хоспіса, але «такія наведванні павінны быць рэгулярнымі, таму што дапамога людзям, сацыяльнае служэнне — адзін з галоўных кірункаў дзейнасці Царквы, мы павінны знаходзіць магчымасць пашырэння гэтага служэння».

Патрыяршы Экзарх уручыў пацыентам абразкі Божай Маці «Радасць і Суцяшэнне» і абразкі лекара-страстацерпца Яўгенія Боткіна. Для малітоўнага кутка, уладкаванага ў хоспісе, уладыка перадаў Жыровіцкую ікону Божай Маці, а для бальнічнай бібліятэкі — камплект духоўна-асветніцкай літаратуры.

Міністэрству аховы здароўя Рэспублікі Беларусь быў перададзены ад імя Прадстаяцеля Беларускай Праваслаўнай Царквы памятны дар — ікона святога Яўгенія Боткіна у драўляным ківоце.

Гуманітарную дапамогу ўручылі хоспісу і добраахвотнікі прыхода храма іконы Божай Маці «Усецарыца».

Church.by

Фотарэпартаж