Мітрапаліт Павел саслужыў Свяцейшаму Патрыярху Кірылу ў час асвячэння храма Фёдараўскай іконы Божай Маці ў манастыры Навамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай у Алапаеўску

15 ліпеня 2018

top.jpg

15 ліпеня 2018 года, у Нядзелю 7-ю пасля Пяцідзесятніцы, Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл і пастаянныя члены Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы прыбылі ў горад Алапаеўск Свярдлоўскай вобласці, дзе ў рамках Царскіх дзён, якія праходзяць у Екацярынбургскай мітраполіі, арганізаваны памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю подзвігу вялікай княгіні Лізаветы Фёдараўны і інакіні Варвары і загінуўшых з імі князёў імператарскай крыві.

Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы наведаў мужчынскі манастыр Навамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай (Каменская епархія), пабудаваны побач з Ніжне-Сялімскай шахтай, куды ў ноч на 18 ліпеня 1918 года былі скінуты жывымі вялікая княгіня Лізавета Фёдараўна Раманава, інакіня Варвара (Якаўлева), вялікі князь Сяргей Міхайлавіч, князі імператарскай крыві Іаан, Канстанцін і Ігар Канстанцінавічы, князь Уладзімір Палей і Фёдар Рэмез.

Свяцейшы Патрыярх Кірыл здзейсніў чын вялікага асвячэння храма ў гонар Фёдараўскай іконы Божай Маці на тэрыторыі манастыра і ўзначаліў служэнне Бажэственнай літургіі ў новаасвячоным храме. Узвядзенне храма адбывалася з 2008 года на працягу 10 гадоў і завяршаецца ў год 100-годдзя мучаніцкага подзвігу прападобнамучаніц Лізаветы і Варвары. За алтарнай часткай храма знаходзіцца шахта, дзе прынялі мучаніцкі скон прападобнамучаніца Лізавета, інакіня Варвара і алапаеўскія мучанікі.

У храме знаходзіўся каўчэг з часціцай мошчаў прападобнамучаніцы Лізаветы, прынесены з заснаванай святой Лізаветай Марфа-Марыінскай абіцелі міласэрнасці горада Масквы.

Яго Свяцейшасці саслужылі: пастаянныя члены Свяшчэннага Сінода, кіраўнік мітраполіі і брація манастыра Навамучанікаў і вызнаўцаў. Удзел ва ўрачыстым богаслужэнні прыняў і мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

На богаслужэнні прысутнічалі: паўнамоцны прадстаўнік Прэзідэнта ў Уральскай федэральнай акрузе Мікалай Мікалаевіч Цуканаў; першы намеснік губернатара Свярдлоўскай вобласці Аляксей Валер'евіч Арлоў; член Савета Федэрацыі ФС РФ Эдуард Эргартавіч Росэль; старшыня назіральнага савета Лізавецінска-Сергіеўскага асветніцкага таварыства Ганна Вітальеўна Громава; кіраўніцтва Свярдлоўскай вобласці і муніцыпальнай адукацыі горада Алапаеўска.

Сярод багамольцаў былі прадстаўнікі Дома Раманавых: Вольга Мікалаеўна Кулікоўская-Раманава, Павел Эдуардавіч Кулікоўскі-Раманаў, Людміла Анатольеўна Кулікоўская-Раманава.

Богаслужэбныя спевы выканаў хор манастыра святых Царскіх страстацерпцаў на Ганінай Яме (рэгент Антон Лебедзеў).

На тэлеканале «Саюз» ішла прамая трансляцыя Патрыяршага богаслужэння. Вернікі, якія ня трапілі ў перапоўнены храм, сачылі за трансляцыяй на вялікім экране, устаноўленым ля заходняй брамы храма.

Пасля сугубай екценні Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы узнёс малітву аб міры на Украіне.

У памінальную екценню было ўключана прашэнне: «Яшчэ молімся аб супакоі душ спачылых рабоў Божых, на месцы гэтым забітых, вялікага князя Сяргея Міхайлавіча, князёў імператарскай крыві Ігара, Іаана і Канстанціна Канстанцінавічаў, князя Уладзіміра, раба Божага Фёдара і ўсіх, у час лютых ганенняў ад бязбожнікаў забітых; у лагерах, у вязніцах і ў кайданах ад ран, хвароб і голаду памерлых; на горкіх працах закатаваных і ўсіх, хто ў подзвігу вызнаўчым падвізаўся, і каб ім дараваўся ўсякі грэх вольны і міжвольны».

Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў ігумен Іеранім (Міронаў), намеснік Мікалаеўскага Верхатурскага мужчынскага манастыра.

Па заканчэнні богаслужэння здзейснілася шэсце з мошчамі прападобнамучаніцы вялікай княгіні Лізаветы да былой Ніжне-Сялімскай шахты, куды ў ноч на 18 ліпеня 1918 года былі скінуты жывымі вялікая княгіня Лізавета Фёдараўна Раманава, інакіня Варвара (Якаўлева) і князі дынастыі Раманавых. Каўчэг з мошчамі быў усталяваны ля шахты.

Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл здзейсніў памінальную ліцію.

Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы здзейсніў слаўленне і прачытаў малітву прападобнамучаніцам Лізавеце і Варвары.

Затым Свяцейшы ўладыка усклаў букет белых руж да крыжа, усталяванага ля месца пакарання. Кветкі таксама ўсклалі пастаянныя члены Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы, архіерэі і ганаровыя госці.

Епіскап Каменскі Мяфодзій вітаў Свяцейшага Патрыярха і паднёс Яго Свяцейшасці спісак Фёдараўскай іконы Божай Маці, ікону прападобнамучаніцы Лізаветы Фёдараўны і карціну мастака Аляксея Яфрэмава «У Свята-Лізавецінскім манастыры. Алапаеўск».

Прадстаяцель Рускай Царквы звярнуўся да прысутных з Першасвяціцельскім словам.

У дар новаасвячонаму храму Свяцейшы ўладыка перадаў абразы Хрыста Спасіцеля. Свяцейшы Патрыярх Кірыл уручыў мітрапаліту Екацярынбургскаму Кірылу і епіскапу Каменскаму Мяфодзію наперсныя крыжы, вырабленыя ў памяць 100-годдзя аднаўлення Патрыяршаства ў Рускай Праваслаўнай Царкве і абрання свяціцеля Ціхана на Патрыяршы пасад. У дар Каменскай епархіі Прадстаяцель перадаў 15 напрастольных Евангелляў.

Затым Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі Кірыл вітаў мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Ануфрыя. Свяцейшы ўладыка перадаў Яго Блажэнству, усяму епіскапату Украінскай Праваслаўнай Царквы і веруючаму народу Украіны самыя сардэчныя віншаванні ў сувязі з маючым адбыцца 1030-годдзем хрышчэння кіяўлян з пажаданнем захоўваць веру праваслаўную і заставацца вернымі кананічнаму паданню Святой Праваслаўнай Царквы.

Свяцейшы Уладыка таксама вітаў архіпастыраў, намесніка манастыра ігумена Маісея з браціяй, духавенства Екацярынбургскай мітраполіі.

Зважаючы на дапамогу Екацярынбургскай мітраполіі і ў сувязі са 100-годдзем подзвігу святых Царскіх страстацерпцаў Свяцейшы Патрыярх Кірыл узнагародзіў члена Савета Федэрацыі ФС РФ Эдуарда Росэля Патрыяршым знакам храмабудаўніка.

Усім удзельнікам богаслужэння былі ўручаны іконы прападобнамучаніцы Лізаветы Фёдараўны з Патрыяршым благаславеннем.

***

Мужчынскі манастыр Навамучанікаў Расійскіх заснаваны на месцы, дзе ў ноч на 18 ліпеня 1918 года былі жывымі скінуты ў шахту вялікая княгіня Лізавета Фёдараўна Раманава, інакіня Варвара, вялікі князь Сяргей Міхайлавіч, князі імператарскай крыві Іаан, Канстанцін і Ігар Канстанцінавічы, князь Уладзімір Палей, Фёдар Рэмез.

У канцы 80-х гадоў XX стагоддзя месцазнаходжанне шахты было ўстаноўлена. На гэтым месцы ў 1991 годзе быў усталяваны паклонны крыж.

У 1992 годзе, у год праслаўлення ў Расіі святых Лізаветы і Варвары, побач з шахтай была пабудавана капліца святой прападобнамучаніцы Лізаветы. У ёй 18 ліпеня 1992 года была адслужана першая Бажэственнай літургія, якую ўзначаліў архіепіскап Свярдлоўскі і Курганскі Мелхіседэк.

22 лютага 1995 года Свяшчэнны Сінод прыняў рашэнне аб адкрыцці мужчынскага манастыра ў гонар Навамучанікаў Расійскіх. Будаўніком манастыра быў прызначаны іераманах (цяпер ігумен) Маісей (Пілатс).

Ігумен Маісей хадайнічаў перад раённымі ўладамі аб выдзяленні зямельнага ўчастка для манастырскіх угоддзяў. Было выдзелена 32 га зямель, пасяліліся першыя манахі, паслушнікі і труднікі, сталі апрацоўвацца землі. 6 ліпеня 1996 года быў афіцыйна закладзены першы камень пад будаўніцтва манастырскага храма. Асвячэнне закладкі падмурка было здзейснена пры ўдзеле епіскапа Екацярынбургскага і Верхатурскага Нікана. Першая Бажэственная літургія ў яшчэ недабудаваным храме была адслужана 6 ліпеня 1998 года, а 4 лістапада 2000 года, у дзень святкавання Казанскай іконе Божай Маці, была здзейснена першая Літургія ў адбудаваным храме. 18 ліпеня 2001 года храм быў асвечаны ў памяць усіх Навамучанікаў Расійскіх архіепіскапам Екацярынбургскім і Верхатурскім Вікенціем.

Сёння манастырскі комплекс уключае ў сябе: памятны крыж над шахтай, чатырохпавярховы цагляны будынак (з храмам, алтар якога асвячоны ў гонар Навамучанікаў Расійскіх, і сумешчаным з ім Брацкім корпусам), капліцу прападобнамучаніцы Лізаветы, уваходныя вароты і гаспадарчыя пабудовы. Манастыр праводзіць місіянерскую дзейнасць у Алапаеўску і прылеглых да яго раёнах. У многіх вёсках і пасёлках адроджаны і зноў створаны прыходы. Насельнікі манастыра ажыццяўляюць гаспадарчую дзейнасць, забяспечваючы сябе прадуктамі і, па магчымасці, дапамагаючы маламаёмасным людзям.

У манастырскім храме знаходзяцца прывезеныя з Іерусаліма часціцы мошчаў святых прападобнамучаніц вялікай княгіні Лізаветы Фёдараўны і інакіні Варвары.

Прэс-служба Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі / Church.by