Беларускае слова на Падляшшы: у Бельску прайшла прэзентацыя Новага Запавету на беларускай мове ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускага Экзархату

22 сакавіка 2018

top.jpgУ Бельску Падляшскім (Польшча) адбылася прэзентацыя Новага Запавету Госпада нашага Іісуса Хрыста, выдадзенага на беларускай мове ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Прэзентацыя адбылася ў рамках Дзён славянскага пісьменства, якія ўжо ў чацвёрты раз праходзяць на Падляшшы, дзякуючы намаганням Музея малой бацькаўшчыны ў Студзіводах.

Па благаславенню Мітрапаліта Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, удзел у мерапрыемстве прыняў першы прарэктар Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прадстаўнік біблейскай камісіі протаіерэй Сергій Гардун. Акрамя таго пра новае выданне і справу перакладу Свяшчэннага Пісання на беларускую мову расказаў яшчэ адзін прадстаўнік дэлегацыі з Мінска доктар філалагічных навук, прафесар Іван Аляксеевіч Чарота. Высока ацаніў важнасць зробленай працы архіепіскап Бельскі Грыгорый, вікарый Варшаўскай мітраполіі, які прывітаў палымянай прамовай удзельнікаў і гасцей прэзентацыі.

У межах святкавання Дзён славянскага пісьменства таксама адбылася прэзентацыі кнігі «Прадмовы і пасляслоўі да кніг Бібліі» Францыска Скарыны (у святым Хрышчэнні Георгія), якая нядаўна выйшла ў выдавецтве Петра-Паўлаўскага сабора ў адаптацыі на сучасную беларускую мову. Пра яе падрыхтоўку, змест і актуальнасць распавялі прадстаўнік выдавецтва Канстанцін Антановіч і Мікалай Матрунчык, старшыня Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў у Мінску, адзін з арганізатараў мерапрыемства.

Сімвалічна, што месцам правядзення прэзентацыі стаў бельскі ліцэй з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча: напярэдадні «Вечара з праваслаўнай кнігай» адбыліся сустрэчы прадстаўнікоў дэлегацыі з Мінска з вучнямі і настаўнікамі гэтай агульнаадукацыйнай установы.

Church.by