Архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый узначаліў урачыстасці з нагоды прастольнага свята Успенскай Жыровіцкай абіцелі

28 жніўня 2017

top.jpg

28 жніўня 2017 года, у прастольнае свята Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра — дзень Успення Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі, архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, рэктар Мінскай духоўнай семінарыі, у саслужэнні епіскапа Лідскага і Смаргонскага Парфірыя адслужыў Бажэственную літургію ў Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра.

Архіпастырам саслужылі: насельнік манастыра архімандрыт Барыс (Пірог), першы прарэктар МінДС протаіерэй Андрэй Цыгель, насельнік манастыра ігумен Авель (Страпко), духавенства Навагрудскай епархіі, выкладчыкі семінарыі і брація манастыра ў свяшчэнным сане. Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Георгій Пшанко.

Богаслужэбныя спевы выканаў мужчынскі хор Мінскай духоўнай семінарыі (рэгент — протадыякан Андрэй Скробат).

Пасля сугубай екценні архіепіскап Гурый здзейсніў малітву аб міры на Украіне.

Пропаведзь перад прычасцем прамовіў дацэнт МінДС протаіерэй Генадзь Поўны.

Па заканчэнні Бажэственнай літургіі адбыўся традыцыйны хрэсны ход з плашчаніцай Божай Маці з Успенскага сабора да Яўленскай царквы манастыра (храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы), дзе быў здзейснены акафіст Успенню Божай Маці. Затым архіепіскап Гурый павіншаваўшы багамольцаў са святам, звярнуўся да прысутных з архіпастырскім словам.

Радуйся, Абрадаваная, Якая ў Успенні Тваім нас не пакінула... Гэтыя словы зноў і зноў паўтараюцца ў акафісце, які мы чыталі, — нагадаў архіерэй. — І гэта праўда, што Маці Божая, якая ўсынавіла нас пры Крыжы Сына Свайго, не пакінула нас і пасля сумленнага Свайго Успення. Бо не на бяздумнае жыццё і весялосць мы пакліканы ў гэты свет, а на барацьбу, на працу, змаганне духоўнае. Шматлікімі пакутамі, як кажа Свяшчэннае Пісанне, належыць нам увайсці ў Царства Божае (гл. Дз. 14: 22), і без дапамогі спагадлівай Маці Божай, нашай Маці, Яе дапамогі і заступлення нам ніяк не выжыць у гэтым жорсткім свеце. Не пакінула Маці Божая і наш святы Жыровіцкі манастыр, які зведаў у XX стагоддзі мноства выпрабаванняў. Аб гэтым кажа хоць бы тое, што дзве сусветныя вайны, якія не абышлі кровапралітнымі бітвамі Беларусь, не змаглі знішчыць храмы абіцелі Жыровіцкай. Як сведчылі відавочцы і выканаўцы загадаў, і авіяцыя мэтанакіравана бамбіла абіцель, і артылерыя абстрэльвала, але ні адзін снарад не трапіў на яе тэрыторыю. І гэта з'яўляецца бачным знакам Покрыва Божай Маці, таго, што Прачыстая абрала гэтае святое месца, каб дапамагаць усім, хто прыходзіць сюды з верай і малітвай да Яе цудатворнага Жыровіцкага абраза.

Навагрудская епархія Church.by