400 км на веласіпедах: завершаны моладзевы прабег «Па святых мясцінах Гомельшчыны»

18 жніўня 2017

top.jpg

16 жніўня на падворку Успенскага сабора Рэчыцы завяршыўся велапрабег «Па святых мясцінах Гомельшчыны», які стартаваў 9 жніўня ад Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора Гомеля. Больш за 400 кіламетраў на веласіпедах пераадолелі за восем дзён школьнікі — удзельнікі велапрабегу. За гэты час яны паспелі наведаць храмы ў гарадах Ветка, Чачэрск, Рагачоў, Жлобін, Светлагорск, гарадскіх пасёлках Корма і Доўск і вёсцы Свяцілавічы.

14 жніўня намётавы лагер хлопцаў быў разбіты на начлег у Рэчыцкім раёне каля ракі Ведрыч. На наступны дзень падлеткі разам з педагогамі і кіраўніком мерапрыемства, дырэктарам гомельскай сярэдняй школы № 12 Вячаславам Антоненка, наведалі храм прападобнай Еўфрасінні Полацкай у вёсцы Азяршчына. Настаяцель храма протаіерэй Іаан Вячорка правёў экскурсію, расказаў гісторыю будаўніцтва царквы і кароткае жыціе святой князёўны-ігуменні. Увечары 15 жніўня ўдзельнікі велапрабегу сустрэліся з клірыкам рэчыцкага прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы іерэем Валерыем Апановічам.

16 жніўня ў Успенком саборы адбылося ўрачыстае закрыццё турыстычнага лагера. Пасля падзячнага малебна настаяцель сабора, благачынны Рэчыцкай акругі протаіерэй Алексій Пешка ад імя епіскапа Гомельскага і Жлобінскага Сцяфана ўручыў падзячныя лісты ўсім удзельнікам мерапрыемства і перадаў архіпастырскае благаславенне.

Насычаная праграма велапрабегу ўключала ў сябе зносіны са святарамі, спартыўныя і турыстычныя спаборніцтвы, квэст-гульні, а таксама экскурсіі па гарадах. Велапаломніцтва патрабавала ад рабят сур'ёзных фізічных намаганняў, але пры гэтым падарыла выдатную магчымасць развіцца духоўна, завязаць новыя знаёмствы, палюбавацца прыгажосцю роднай зямлі.

Гомельская епархія / Church.by